Общество

Марына Міхайлава

Чым цяпер (не) гандлююць у шапіках «Белсаюздруку»

Дзяржаўная прэса, творы Чаргінца і мінімум беларускай.

«Салідарнасць» зазірнула ў мінскія крамы, павільёны і шапікі «Белсаюздруку» і паглядзела, што засталося на паліцах — і якую прадукцыю, акрамя талончыкаў на праезд, наогул запытваюць наведнікі.

«Белсаюздрук», падобна на тое, перажывае не лепшыя часы. Калі раней шапікі — прынамсі ў Мінску — стаялі ледзь не на кожным прыпынку грамадскага транспарту, то ў апошнія пару год многія з іх зачыніліся, а потым хуценька зніклі. Таксама многія адзначаны шыльдачкамі «часова зачыненыя» — няма ахвотных працаваць за заробак «ад 490 рублёў». Толькі ў сталіцы мы налічылі больш як дваццаць свабодных вакансій прадаўцоў.

Яшчэ частка саступіла пазіцыі «Табакеркам».

Але некаторыя, наадварот, ператварыліся ў больш прасторныя і сучасныя павільёны «Белдрук», дзе ёсць не толькі прэса і канцылярыя, але і магчымасць зарадзіць гаджэт, і кава з марозівам; акрамя таго, прадпрыемства мае ў Мінску паўтара дзясяткі стацыянарных крамаў — напрыклад, на станцыі метро «Плошча Перамогі».

Зрэшты, пры ўсёй разнастайнасці фарматаў гандлю, як паказвае апытанне на сайце прадпрыемства, найчасцей у «Белсаюздрук» пакупнікі набываюць канцылярыю, а таксама часопісы, і толькі потым, амаль пароўну — газеты і каву.

У першым шапіку, куды мы зазірнулі, асноўны кантынгент пакупнікоў — сталыя людзі, а пераважныя запыты — зборнікі сканвордаў, газета «Друг пенсионера» і разнастайныя яе дадаткі, флікеры і размалёўкі для ўнукаў.

— Мне два канверты, каляровыя алоўкі і асадку з тонкім стрыжнем, — просіць прадавачку пажылая жанчына.

Ад прапановы «можа, яшчэ і газету сённяшнюю» стрымана адмаўляецца.

Газетны сцелаж тут чакана прадстаўлены «СБ» і кампаніяй іншых дзяржвыданняў. Міжволі адзначаеш, што «Спартыўная панарама» набыла чырвона-зялёнае аздабленне, а вось «Паляўнічы і рыбалоў» — наадварот, адмовіўся ад яго.

Раней гэтую падборку разбаўляў расійскі глянец, аднак летась Cosmopolitan, Elle, Esquire перасталі выходзіць — бацькоўскі амерыканскі медыяхолдынг адклікаў іхнія ліцэнзіі, а перазапушчаных замест іх расійскіх часопісаў на беларускіх паліцах нешта не бачна.

Затое вабяць стракатымі вокладкамі ўсякія «Магічныя гісторыі» і «Невыдуманыя гісторыі», «Таямніцы ХХ стагоддзя», «Знакамітыя дынастыі Расіі», «Таямніцы СССР», «Загадкі гісторыі», астрапрагнозы, календары дачнікаў і россып выданняў на тэму здароўя.

Асобна ў зашклёнай вітрыне выкладзеныя сувенірныя магніты ды бразготкі — спрэс чырвона-зялёныя, — дзяржаўныя сцягі, шарфы і кубкі з беларускім гербам. Прыўкрасная адметнасць у тым, што ўся гэта патрыятычная прадукцыя… вырабленая ў Кітаі.

З беларускамоўнымі выданнямі бяда. Толькі ў адным з шапікаў у цэнтры Мінска мы ўбачылі хаця б «Вясёлку» і «Бярозку», а ў другім знайшліся на роднай мове дзіцячы часопіс «Матуліна сонейка» і адна (адна, Карл!) віншавальная паштоўка да 8 сакавіка. Ну, і яшчэ напісны звонку расклад працы. Усё астатняе — нават цэннікі — па-руску.

У вялікіх павільёнах і стацыянарных крамах сітуацыя крыху лепшая, бо ў продажу нямала кніг, і сярод «Рускіх народных казак» дзе-нідзе трапляюцца беларускія аўтары.

Зрэшты, агулам кніжныя сцелажы выглядаюць досыць дзіўна: тут спакойна суседнічаюць, напрыклад, Джэром Клапка Джэром, «Вялікі Гэтсбі» Фіцджэральда і раманы Мікалая Чаргінца.

Сапраўдным цудам, якое нехта прагледзеў, выглядае напаўсхаваная далёка ўверсе паміж іншымі кніжка дзіцячага паэта і настаўніка Дзмітрыя Юртаева, якога сілавікі затрымалі яшчэ мінулай восенню, а сёлета распачалі крымінальную справу за «знявагу Лукашэнкі».

А ў наступным павільёне нечакана сустракаем некалькі выданняў з серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя»: «Ваяры Беларусі Х-ХІ стагоддзяў», «Вынаходства Буквара ў Беларусі» і «Археалагічныя цуды Беларусі».

— У Мінску хаця б выбар ёсць, а ў нас у Нясвіжы, напрыклад, усяго тры газетныя кіёскі, прычым усе тры ў цэнтры, і выбар у іх зусім бедны, — падзялілася назіраннямі чытачка «Салідарнасці». — Нават кніжкі з беларускімі казкамі ці дашкольную чытанку «Буся» для дачкі знайсці праблематычна, — затое якія-небудзь вафлі, ці калготкі, ці ігральныя карты — калі ласка, заўжды ў наяўнасці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.4(17)