Комментарии
Алег Гаруновіч, 34MAG

Чым беларуская вёска нагадвае «Твін Пікс»

Мой сваяк ледзьве не патануў, калі лавіў рыбу на возеры непадалёк ад сваёй вёскі, што ў Нарачанскім краі. Ну, як лавіў – браканьернічаў. У лодцы іх, таварышаў нападпітку, было трое.

Вырашылі калектыўна адліць цераз борт – лодка перакулілася. Адзін адразу пайшоў на дно, другі не разгубіўся і паплыў да берага, а сваяк, бацька двух малых, з перапуду накіраваўся невядома куды па празрыстай вадзе і дабраўся да сушы толькі праз пару гадзін, увесь спаласаваны асотам. Дурная гісторыя? Так. Ці здзіўляе яна мяне? Не. На вёсцы і не такое можа здарыцца.

Журналісцкая практыка адвучае ад сантыментаў. Пах сухой канюшыны, прысмак малака толькі з-пад каровы, дурны певень, ад якога трэба ўцякаць, і паходы па грыбы некалькі разоў на дзень – усё гэта хоць і з’яўляецца галоўным у вясковым жыцці, але адышло на другі план. А ў галаве круцяцца толькі факты (хто, дзе, каго, калі), якія мала стасуюцца з дзіцячым уяўленнем пра любімую вёску. Тады, у дзяцінстве, яна здавалася соннай лагчынай, а цяпер вось думаеш, што ў гэтай лагчыне ніхто не спаў і не спіць.

Таварыш Саша, з якім калісьці бавілі летнія канікулы, стаў трактарыстам. Не ведаю, як цяпер складваецца ягоная кар’ера, але пачыналася яна насычана. На сваім МТЗ хлопец ганяў – дасягаў 60 км/г – на дыскатэкі ў суседнія вёскі. Аднойчы яму стрэльнула ў галаву заехаць на трактары ў царкву – зламаў царкоўныя вароты, а ў машыне накрыўся пярэдні мост, рамонт якога каштаваў пару тысяч долараў. Ля Сашавай хаты рос высокі дуб, на суку віселі арэлі. Яго маці гадавала парсюкоў-гігантаў, з якіх атрымоўваліся смачныя вэнджаныя каўбаскі.

Другому суседу – дзядзьку Колю – не шанцавала з маленства. Дзеці кралі яблыкі – злавілі яго. Гаспадар, кажуць, узяў хлопца за ногі і ляснуў з размаху галавой аб дрэва. І не раз. Так на вёсцы вучылі паважаць чужую ўласнасць. Пазней Коля спрабаваў павесіцца (знялі непрытомнага), а вырас – стаў пітушчым чалавекам, які любіў казаць «казёл цябе нюхаў». Пару гадоў таму дзядзька нешта сцягнуў, яго збілі – на гэтым яго сумная гісторыя скончылася. Сёння сад ёсць амаль каля кожнага дома – ранеткі, белы наліў, ананасныя, малінаўка і шмат чаго яшчэ. Садоў многа. Куды больш, чым гаспадароў, якія б іх сцераглі... А дзядзька Коля калісьці катаў нас, малых, на кані.

Яго жонку (па гарадскіх мерках – таксама асацыяльны элемент, а па мерках вясковых – элемент звычайны і нават тыповы) выратавалі ў Бараўлянах ад сухотаў. Цяпер удава жыве як жыла, і ні ў чым сабе не адмаўляе. Хаця цяжкасці яе не мінаюць. Вось нядаўна несла ў руках «бомбу», як у вёсцы з павагай называюць бутэльку чарнілаў, ды ўпала тварам аб асфальт – не выратавала ні віно, ні твара (цікава, з-за чаго засмуцілася больш). Уздоўж дарогі ў нас растуць высачэзныя ліпы і бярозы – падчас навальніц па іх, бывае, шпуляюць маланкі, а ад грымотаў нават дрыжаць шыбы ў хатах.

«Калі маці вяртаецца ў горад, пра навіны я пытаю з пэўнай трывогай ды прадчуваннем чагосьці неверагоднага – такія сюжэты можна сустрэць бадай што ў старых песнях “Караля і шута”»

Апошняя вясковая навіна – кабету-небараку спрабаваў павесіць мясцовы глуханямы, з якім яна выпівала. Ён ужо накінуў жанчыне пятлю на шыю і цягнуў за вяроўку да дрэва, але экзекуцыю спынілі мінакі. Па вёсцы, дарэчы, сёння мала хто ходзіць – там ціха і спакойна, можна адпачыць ад людзей. Калі маці вяртаецца ў горад, пра навіны я пытаю з пэўнай трывогай ды прадчуваннем чагосьці неверагоднага – такія сюжэты можна сустрэць бадай што ў старых песнях «Караля і шута».

Насупраць бабулінай хаты, у слівоўніку ды вішнях, – рэшткі згарэлага дома. Раней ён належаў мясцоваму калгасу. У доме сялілі прыезджых, якія ўладкоўваліся на ферму. У апошніх гаспадароў разыгралася драма. Мужык хацеў спаліць у хаце жонку з каханкам, але выйшла так, што згарэў сам. Відаць, вясковыя цётачкі, якія пасля дойкі прыходзілі да бабулі на паўднёваамерыканскі серыял, глядзелі кіно не толькі пра іх, Марый ды Ізаўр, але і пра сябе – Лявоніх ды Трыфанаў.

Хаця, як на мой густ, калі здымаць пра вёску фільм, ён павінен быць больш загадкавым, чым звычайны серыял з любоўнымі інтрыжкамі. Тут неабходна прадугледзець прысутнасць містыкі, магчыма, нават злога духа, які штурхае людзей на дзіўныя ўчынкі. Як пасрэдны кінаман (увогуле не кінаман) прапаноўваю абапірацца на «Твін Пікс» пры распрацоўцы сцэнара. Вонкавая ціш і шыкоўная прырода ў дадатак да чартаўшчыны – гэта таксама пра маю вёску. Позна ўвечары выходзіш па малой патрэбе да ручаіны і разумееш, што зорнае неба захапляе не толькі на марскім узбярэжжы. Ды і мора ў беларускай вёсцы можа быць – мора рухлівага туману ў нізіне, дзе патанулі і хлеў, і гарод, і ферма. А пры дарозе расце хмель, з якога, праўда, піва не зварыш – ён дзікі. Хаця піва, тым больш крафтавае, у вяскоўцаў не карыстаецца попытам.

Як і ў серыяле пра Лору, у маёй вёсцы быў карузлік – гарбун Іван. З дзвюма састарэлымі сёстрамі ён жыў убаку ад усіх на хутары, пакуль хутар разам з гаспадарамі хтосьці не спаліў («Агонь, ідзі са мной»). Вяскоўцы казалі, што ў Івана мелася золата і што час ад часу ён вазіў здаваць яго ў райцэнтр. На гэты скарб і паквапіліся рабаўнікі, якіх міліцыя так і не знайшла. Іванаў дом у глыбіні пералеску, абцягнуты дротам, заўжды выглядаў таямніча. Там можна было назбіраць суніц ці знайсці чырвонагаловік.

Такі вось экшн (разбірацца ў яго вытоках можна доўга і безвынікова) разгортваецца не ў мегаполісе, а ў дробным селішчы на некалькі дзясяткаў жыхароў, дзе няма ні крамы, ні пошты. Дзе жывуць усе свае. І я даўно намагаюся зразумець – гэта ў мяне такая вёска вясёлая або штосьці падобнае адбываецца і ў другіх вёсках, і вы таксама, стаіўшы подых, чакаеце вясковых навінаў?...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)