Филин

Наталля Север

«Чарговыя вызваленні будуць, гэта пытанне часу. Гэту карту яны яшчэ будуць разыграваць»

Якія пасланні дасылае ў Вашынгтон Лукашэнка. Дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч у каментары Филину — пра працяг перамоваў паміж афіцыйным Мінскам і Адміністрацыяй ЗША.

Лукашэнка на сустрэчы з пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН Валянцінам Рыбаковым адзначыў, што дынаміка і перспектывы адносін РБ са Злучанымі Штатамі нядрэнныя. Але развівацца яны будуць толькі з аглядкай на Расію і Кітай.

«Я патлумачыў пра нашы адносіны перш за ўсё з нашай Расіяй, з КНР, ды і з Іранам. Шмат мы закраналі тэм. Мы ніколі не юлілі і ў дыпламатычныя тэрміны не хавалі сваю пазіцыю. Ад гэтага сёння і выйграем. Яны выдатна разумеюць, у тым ліку спадар Коўл, што мы можам, а што не. Мы гэтага курсу будзем прытрымлівацца далей. Такой прыстойнасці, адкрытасці і нашай адкрытай пазіцыі», — падкрэсліў Лукашэнка.

Рыбакоў заявіў, што ў найбліжэйшыя дні плануе вярнуцца ў Нью-Ёрк для асабістай сустрэчы з Коўлам, падчас якой перадасць таму пасланне ад Лукашэнкі.

Дыпламат дадаў, што сустракаецца са спецпрадстаўніком ЗША «раз на тыдзень — дзесяць дзён».

Пра тое, якія пасланні Лукашэнка можа зараз перадаваць амерыканцам і наогул на якім этапе сёння знаходзяцца беларуска-амерканскія перамовы, «Филин» паразмаўляў з дырэктарам інстытута «Палітычная сфера» Андрэем Казакевічам.

— Калі Рыбакоў сапраўды перыядычна сустракаецца з Коўлам, што яны могуць абмяркоўваць, якія пасланні Лукашэнка можа перадаваць?

— Мы, канешне, не можам ведаць дакладна ні пра сустрэчы, ні пра іх змест, але з таго, што ёсць у публічнай прасторы, вядома, што ў ЗША працягваюцца пастаянныя кансультацыі і па Венесуэле, і па Кубе, і па Іране. Дык чаму б не весці перамовы з беларусамі.  

Наўрад ці Беларусь у гэтым спісе ідзе ў першых радках, хутчэй дзесьці на перыферыі знешняй палітыкі.

Лічу, што тут ёсць вялікая зацікаўленнасць менавіта з беларускага боку і лабіруецца далейшая дынаміка гэтых адносінаў перш за ўсё афіцыйным Мінскам.  

— А якія пасланні можа перадаваць Лукашэнка амерыканцам? 

— Мне не падаецца, што размова ідзе пра нейкія лёсавызначальныя тэмы, якія датычацца вайны ва Украіне ці беларуска-амерыканскіх стасункаў.

Хутчэй беларускія ўлады прапануюць нейкія бізнес-праекты, схемы для здзелак. Таксама могуць закранаць такія лакальныя тэмы кшталту візіта якіх-небудзь асобаў, падобных пастару Грэму, ці музея Халакосту ў Навагрудку, які таксама ўзгадваўся.

Лукашэнку трэба працягваць гэты перамоўны трэк, каб размарозіць стасункі паміж краінамі. Ён можа лічыць, што гэта дадасць магчымасці неяк уплываць на сітуацыю, калі раптам пачнуцца перамовы з Захадам.

Падчас любых сустрэч абавязкова адбываецца і шмат непразрыстага. То-бок, можа быць, там і пра Расію нешта.

— На ваш погляд, у якім кантэксце ў гэтых перамовах можа зараз паўставаць тэма вызвалення палітзняволеных?

— Акрамя розных прагматычных здзелак трэба ж нешта дэманстраваць і для публікі. Мне падаецца, што стратэгія беларускіх уладаў павысіць сваю значнасць і заключаецца ў тым, што яны кажуць: мы можам вызваліць людзей, і гэта можна будзе аб’явіць для медыя як яшчэ адзін поспех амерыканскай адміністрацыі.

Таму, думаю, чарговыя вызваленні будуць, гэта пытанне часу. Гэту карту яны яшчэ будуць разыграваць.

Між тым трэба разумець, што зараз наяўнасць палітзняволеных у Беларусі не з’яўляецца нейкім важным пытаннем для амерыканскай адміністрацыі.

Мы бачым, што для Трампа гэта ўвогуле не тое каб была праблема, калі парушаюцца правы і рэпрэсуецца апазіцыя ў іншых краінах. Тым больш, што чыста іміджава на папярэдніх этапах перамоў для амерыканцаў было важна вызваліць найбольш вядомых палітвязняў.

У сувязі з тым, што зараз такіх статусных людзей за кратамі засталося няшмат, адпаведна, гэта прыцягвае менш увагі амерыканцаў. Таму, на мой погляд, мы і назіраем замаруджванне гэтага працэсу.

Дадайце сюды яшчэ тое, што ў Злучаных Штатаў цяпер сапраўды шмат іншых праблем, перш за ўсё Іран. Таму, відавочна, увесь, умоўна, постсавецкі трэк перайшоў для Трампа на другі план.

Тут мы бачым і такі перыяд нявызначанасці ў перамовах паміж Злучанымі Штатамі і Расіяй. У сувязі з тым, што дынаміка на полі бою змянілася, то напэўна дакладная пазіцыя ЗША па гэтым пытанні будзе зноў перафармулявана, калі стануць яснымі новыя расклады. Пакуль што гэта невідавочна.

Украіна стала значна больш паспяховай, але пытанне ў тым, наколькі хутка Расія зможа адаптавацца да гэтай сітуацыі, калі зможа.

— Ёсць меркаванне, што амерыканцам нібыта больш няма чаго прапанаваць Лукашэнку, а з ЕС яны не могуць дамовіцца, таму перамовы і забуксавалі.

— Я так не лічу. Пад амерыканскімі санкцыямі засталося яшчэ вельмі шмат і кампаній, і асобаў. Ёсць і шэраг іншых абмежаванняў, што тычацца Беларусі.  

Да таго ж можна яшчэ абмяркоўваць магчымасці доступу на амерыканскі рынак для асобных тавараў, тэхналогіі, а таксама  інвестыцыйныя праекты і іншае. Амерыканцам ёсць што прапанаваць.  

Вядома, што беларускія ўлады сапраўды хацелі паспрабаваць выкарыстаць амераканскую адміністрацыю для таго, каб вырашыць праблему са сваімі суседзямі па Еўразвязу.

Але гэта было наіўна ад пачатку, таму што было бачна, што амерыканцы не будуць так глыбока ўмешвацца ў гэтыя стасункі, бо яны складаныя. Дзеля чаго ім займацца вырашэннем беларускіх праблем з еўрапейцамі?

Аднак трэк не спыніўся. Самі па сабе стасункі са Злучанымі Штатамі — гэта вялікія магчымасці, улічваючы тое, што зараз ёсць шмат абмежаванняў супраць Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1(1)