Политика
Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

Чаго Беларусі варта асьцерагацца ў адносінах з Кітаем?

19 студзеня пачаўся рабочы візыт у Кітай намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Алейніка.

«У рамках візіту адбылася сустрэча Сяргея Алейніка з генэральным сакратаром Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) Муратбекам Іманаліевым, на якой абмеркаваны напрамкі супрацоўніцтва Беларусі з Арганізацыяй», — паведамілі ў МЗС. Якія інтарэсы — палітычныя, абаронныя, іншыя — мае Беларусь у гэтай структуры? Ці варта асьцерагацца надта шчыльнага эканамічнага супрацоўніцтва з Кітаем, ці варта пускаць кітайцаў на беларускі рынак? На гэтыя пытаньні адказвае дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносін Кірыл Коктыш.

-- Як вядома, Беларусі быў дадзены статус партнэра па дыялёгу ШАС. Гэтае рашэньне было прынята на 9-ым саміце ШАС, які адбыўся ў чэрвені 2009 года ў Екацярынбургу. Які інтарэс мае Беларусь як эўрапейская краіна ў гэтай арганізацыі, як можа выглядаць яе удзел у працы гэтай структуры?

-- ШАС — гэта арганізацыя, якая супрацоўнічае найперш у галіне бясьпекі. І пакуль ня надта выйшла за тыя межы. Якія акрэсьліваюцца гэтай задачай. Вядома, будзе ня лішнім дамовіцца пра некаторыя пытаньні бясьпекі, пра тое, каб разумець, зь якога боку ня варта чакаць непрыемнасьцяў. Але казаць, што ШАС стаў цэнтрам, дзе ўтвараюцца нейкія новыя цікавыя праекты — пакуль рана.

Таму статус назіральніка дазволіць назіраць і прыглядацца. Калі Беларусь здолее нешта атрымаць з гэтай камунікацыі, то гэта някепска. Бо «мець магчымасьць» і «рэалізаваць магчымасьць» — гэта розныя рэчы.

-- Візыт спадара Алейніка ў Кітай дае нам нагоду пагаварыць пра беларуска-кітайскія дачыненьні. Яны дынамічна разьвіваюцца ня першы год, Менск не аднойчы называў Пэкін стратэгічным партнэрам. Але многія краіны часам баяцца надта шчыльных адносінаў з Кітаем, бо Кітай можа падпарадкоўваць сябе эканамічна і палітычна. Ці варта тут чагосьці асьцерагацца Беларусі, ці трэба трымаць пэўную дыстанцыю?

-- Кітай зараз рэалізуе стратэгію, якая не мяняецца каля 10 гадоў. Кітай зьбірае тэхналёгіі адусюль, дзе можа іх знайсьці і рэалізоўвае іх на ўласнай глебе — і нічога за гэта ня плаціць. Так што Беларусь будзе цікава Кітаю, пакуль яна будзе мець нейкая тэхналягічнае «know-how» і пакуль у яе будзе што браць.

А Беларусь, акрамя танных кітайскіх тавараў, наўрад ці што можа ў тым кірунку нешта стратэгічна знайсьці. Тактычна — так, напаўненьне таварамі ніколі ня лішняе.

-- Але і ў гэтым сэнсе — многія аналітыкі асьцерагаюцца, што кітайцы, калі іх пусьціць на наш рынак, вельмі лёгка могуць пахаваць беларускую лёгкую прамысловасьць, напрыклад.

-- Канешне, могуць. Болей за тое, калі прасачыць за разьвіцьцём кітайскай палітычнай думкі, то там зараз высьпявае такая выснова, што Кітай павінен выкарыстоўваць сваю міжнародную вагу, каб зрабіць гандлёвы пратэкцыяналізм амаль злачынствам, за якое трэба накладаць санкцыі. Калі перакласьці на чалавечую мову, то гэта будзе выглядаць так — альбо ты купляеш кітайскае, альбо ты злачынец. Так што, вядома, гэтыя небясьпекі існуюць, і могуць пэўным чынам рэалізавацца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)