Былы музыка «Харошак» расказвае, як пагадзіўся на «супрацоўніцтва» з ГУБАЗІКам

Вобшук, суткі на Акрэсьціна, крымінальная справа за пратэсты, пакінуты бізнэс і нелегальныя ўцёкі за мяжу – гісторыю музыкі распавядае Радыё Свабода.

Дзяржаўны акадэмічны харэаграфічны ансамбаль «Харошкі»

«Я ня першы і не апошні, хто будзе звольнены праз палітыку з «Харошак»»

Асноўная праца Дзьмітрыя была ў дзяржаўнай філярмоніі, больш за 10 гадоў ён адпрацаваў у ансамблі «Харошкі». Сёлета ў жніўні яму не працягнулі кантракт з палітычных прычын.

— Я плянаваў зьяжджаць у жніўні з краіны разам зь сям’ёй, бо сэнсу заставацца ў Беларусі не было ніякага, і я ведаў, што кантракт мне не працягнуць, бо я не выходзіў працаваць у Купалаўскі, калі ў нас былі канцэрты «Харошак», лісты падпісваў, заявы, што мы супраць фальсыфікацыяў.

У нас шмат людзей звольнілася, шмат засталося, але мы падтрымалі забастоўку, амаль увесь аркестар адмовіўся выступаць.

Пагроз з боку кіраўніцтва не было, кажа Дзьмітры. Казалі, што калі нешта не падабаецца, то ніхто не прымушае тут працаваць.

— Але яны разумелі, што людзі самі ня будуць звальняцца, ня пойдуць па іх правілах. Мы разумелі пастку, што нам прапанавала міністэрства. Мы ўвесь час адмаўляліся ад гэтых канцэртаў, казалі, што ў нас шмат людзей на каранавірус хварэе, мы ня можам выступаць і ўсё такое, хадзілі на карантын некалькі разоў.

І потым да нашага кіраўніцтва быў званок зь Міністэрства культуры. Маўляў, заўтра-пасьлязаўтра ў вас канцэрт — і ўсё, ужо проста не пасьпяваеш рэагаваць.

Дзьмітры кажа, што калі б ад канцэрту адмовілася большасьць артыстаў, то ансамбль закрылі б, нягледзячы на тое, што гэта найбуйнейшы калектыў Беларусі.

— Разагналі ж купалаўцаў, а «Харошкі» што для іх? Я думаю, там [у Міністэрстве культуры. — РС] працуюць ня тыя людзі, для іх культура не каштоўная. Ну, і Купалаўскі сабраць, аднавіць можна будзе і праз 10–15 год, а калектыў «Харошкі» — гэта тэатар аднаго мастака, і калі яго зруйнаваць, то ўсё, яго ўжо не аднавіць.

Я асабіста не пайшоў працаваць у Купалаўскі, калі нам прапаноўвалі, але я не злуюся на мастацкага кіраўніка, яна ўсё жыцьцё на гэта аддала, і тут такі выбар: ці папросту зруйнаваць калектыў — і ўсё, ці вось так апусьціць у лайно сваіх артыстаў і імя, але застацца працаваць і жыць.

Хлопец перакананы, што яго звальненьне — прапанова міністэрства, бо быў загад не працягваць кантракты з усімі, хто «супраць».

— Я ня першы і не апошні, хто будзе звольнены праз палітыку з «Харошак». Шмат людзей напісалі заявы і звольніліся самі ў знак пратэсту і проста, не афішуючы, сказалі, што не змаглі б працаваць у калектыве, які так «зашкварыўся».

У мяне была трошкі іншая пазыцыя, што мы працавалі дзеля культуры. І я не пайшоў даваць канцэрт у Купалаўскі, бо там не было нашай аўдыторыі, нашых слухачоў, там былі нейкія загнаныя БРСМаўцы і тры з паловай чалавекі, нікому гэта наогул не патрэбна.

А так шмат канцэртаў былі для нашай аўдыторыі, для тых, хто цэніць і любіць беларускую культуру, беларускія танцы. Дзеля гэтага я застаўся і працаваў.

«Я нічога незаконнага не рабіў, проста на мяне была каманда «фас»»

Калі Дзьмітры даведаўся, што яму не працягваюць кантракт, то паспадзяваўся, што зможа з-за мяжы весьці свой онлайн-бізнэс і так зарабляць грошы. Хлопец разам з жонкай і дзецьмі плянаваў пераехаць напрыканцы жніўня, але 6-га чысла яго затрымаў ГУБАЗІК.

— Я ўвесь час пратэстаў друкаваў «Честную газету» [самвыдат. — РС], быў актывістам, але я нічога незаконнага не рабіў, проста на мяне была каманда «фас». Незадоўга да прыходу па мяне мы прадалі машыну, ад яе было трохі грошай.

Падчас вобшуку забралі каля 7500 даляраў, па дакумэнтах было 6000 з чымсьці, яны забралі больш. Павінны былі яшчэ ў гаманцы заставацца беларускія грошы, але жонка іх не знайшла, то бок яны і з гаманца выцягнулі па-за пратаколам. Пазабіралі тэхніку, тэлефон, жорсткі дыск з кампутара, надрукаваныя газэты і накіравалі іх на экспэртызу.

 

Дзьмітрый кажа, што тады разумеў: хоць у «Честной газете» няма ніякіх заклікаў, яе могуць прызнаць экстрэмісцкай, тады яму б маглі даць 5–7 гадоў па крымінальнай справе за распаўсюд.

— Пры затрыманьні мяне трохі падбілі, гузак на назе пакінулі, заціснулі моцна рукі кайданкамі спэцыяльна, нават цяпер адна рука нямее, хоць ужо 3 месяцы прайшло.

Забралі, адвезьлі на допыт, адразу відэа запісалі (я разумеў, што мала сэнсу адмаўляцца), потым яно зьявілася ў тэлеграм-канале МУС. Пасьля мяне накіравалі ў Фрунзенскі РАУС, там склалі ліпавы пратакол, адвезьлі на Акрэсьціна.

Прайшло 15 першых сутак, за гэты час два разы прыходзіў на допыты ГУБАЗІК, усё хацелі, каб я кагосьці зьліў і здаў. Яны ніякай цікавай інфармацыі ад мяне не атрымалі і сказалі: «Усё, мы цябе працягваем».

«Не ляжым, устаём, бл...ь, жывёлы»

У дзень меркаванага вызваленьня хлопца на выхадзе зь ЦІПа чакалі супрацоўнікі Фрунзэнскага РАУСа.

— Мяне адразу пасадзілі ў бус, зноў Фрунзэнскі РАУС, зноў Акрэсціна. Па такой схеме склалі яшчэ два ліпавыя пратаколы, і агулам, па адміністратыўках, я адседзеў 41 суткі.

Умовы былі звычайныя для ЦІПа. Я сядзеў у чатырох- і шасьцімесных камэрах, дзе было нас 15–21 чалавек.

У нас яшчэ быў бяздомны, ад якога я падчапіў вошы. Мяне ўвесь час кідалі з адной камэры ў іншую. Падсаджвалі сэксотаў [жарг. — даносчык, стукач], двух я адназначна прызнаў, адзін зь іх быў па маю душу, у яго мянушка была «Адвакат».

У «палітычнай» камэры Дзьмітры разам зь іншымі мужчынамі спаў на голай падлозе, усю ноч гарэла яркае сьвятло, два разы праходзіла праверка.

— Гэта катаваньні. Цябе ня лупяць, як у жніўні 2020-га, але гэта катаваньні безь непасрэднага фізычнага кантакту. Гэта жах, бо шмат людзей заяжджае ў чым ёсьць: у шортах, у майцы, лёгкіх штанах.

Канечне, у жніўні там былі сьпякотныя дні, мы нават у майтках па камэры хадзілі 20 чалавек, але потым стала вельмі холадна, і людзям, у якіх не было адзеньня, гэта вельмі цяжка давалася, увесь час мерзьлі. Таксама нам не аддавалі перадачы, таму я змог пачысьціць зубы толькі праз 17 сутак.

Перадачы палітычным аддавалі перад выхадам. Пры гэтым прымушалі ставіць подпісы і даты, быццам усё своечасова.

— Пасьля другога суду, як мне далі перадачу, я ведаў, што іх больш ня будзе, і надзеў трое майткоў, двое штаноў, дзьве байкі, некалькі цішотак і дзяліўся з суседзямі па камэры.

Таксама на пачатку жніўня ў мяне і іншых быў кашаль, нехта з тэмпэратурай. Мы ўвесь час прасілі парацэтамол і амбраксол і неяк лячыліся. Потым, калі мяне перавялі ў нармальную камэру, калі ты ўжо сьпіш на матрасе, табе цёпла, гэтая прастуда адышла.

Цяжка было з вадой, бо яе нельга перадаваць, а ў ЦІПе яна вельмі брудная. Многія, хто пілі яе, бегалі ў прыбіральню бясконца, то бок на страўнік гэта моцна ўплывала.

Ежа на Акрэсьціна кепская. За час арышту хлопец схуднеў на 10 кіляграмаў.

— Быў суп зь недаваранай бульбай, мы ўсё жартавалі там, што «бульбачка альдэнтэ» ідзе, катлеты з рыбіных галоў, дзе большая частка костак перамолатых.

Мала хто гэта еў, але ж чалавек такая істота, што да ўсяго прывыкае. Праз 2–3 тыдні я ўжо выбіраў гэтыя косткі, і было нармальна, калі зусім няма чаго больш есьці.

Дарэчы, сукамэрнік праводзіў дасьледаваньне цікавае, што сярэдні ўзрост затрыманых па палітычных справах — 33 гады. Мне на той час якраз было столькі.

Дзьмітры кажа, што было цяжка сядзець у звычайнай камэры, бо ў палітычнай хаця б ёсьць з кім і пра што пагаварыць.

— Калі сядзеў у звычайнай, цяжка было чуць, як шманаюць палітычныя камэры. У адной з такіх камэр было шмат хворых хлапцоў, яны кепска сябе адчувалі, вырашылі паспаць днём на падлозе. За гэта «прадольны» [наглядчык. — РС] стаў наяжджаць: «Не ляжым, устаём, бл...ь, жывёлы».

Хтосьці сказаў, што гэта катаваньні, тады „прадольны“ на іх раззлаваўся, хлапцоў абшманалі, забралі нават бутэлькі з вадой, якія яны як падушкі выкарыстоўвалі, дзьве зубныя шчоткі і пасту, якія былі на 17 чалавек, пабілі кагосьці, залілі ім хлёркі і ўсю ноч будзілі. Мне потым сказалі, што гэта «прадольны» зь мянушкай «Бравіст», ён катаваў у жніўні 2020-га.

На шпацыр Дзьмітрый змог схадзіць усяго пару разоў, і то таму, што выводзілі стукача, які сядзеў зь ім.

«Будзеш далей працаваць, але мы за табой будзем назіраць, каб далей выйсьці на тваіх лялькаводаў»

Праз 41 суткі па адміністратыўках хлопца на выхадзе зь ЦІПа чакаў ГУБАЗіК.

— Мяне павезьлі на допыт, склалі пратакол за маршы, за жнівень 2020 году. Атрымліваецца, калі ты проста хадзіў тады па праезнай частцы, то ўсё, гэта падстава для завядзеньня крыміналкі. Мне завялі справу па 342 артыкуле, частка 1, далі 10 сутак «пракурорскіх», пасадзілі ўжо на ІВС.

Я сябе настройваў, што ўжо ня выйду, аднак за 2 дні да таго, як мяне адпусьцілі, зноў прыйшоў ГУБАЗіК. Відаць, ім вельмі цікава было мяне завэрбаваць. Мне сказалі: «Ты выходзіш, у панядзелак мы цябе чакаем у сябе, будзеш далей працаваць, але мы за табой будзем назіраць, каб далей выйсьці на тваіх лялькаводаў».

Хлопца пужалі, што забяруць і яго жонку.

— Яны заўжды ціснуць празь сям’ю, насамрэч гэта самае цяжкае. Нават ня столькі цяжка разумець, што ты будзеш там на «Валадарцы» сядзець, а потым хімію адбываць. Цяжка, што могуць катаваць тваю сям’ю. А калі «не да законаў», відавочна, што яны гэта могуць.

Я тады ведаў, што мая жонка зь дзецьмі зьехалі ў Польшчу, яны ўвесь час яе шукалі, каб таксама пасадзіць па выдуманай справе, каб ціснуць на мяне. Яны мне так і казалі: «Пасадзім жонку, тады паглядзім, як будзеш размаўляць». Гэта для іх звычайна.

Дзьмітры пагадзіўся на супрацоўніцтва, і праз два дні яго выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

— У дзень, калі мяне выпусьцілі, я зьвязаўся зь людзьмі, і мне дапамаглі пераехаць ва Ўкраіну. Там я атрымаў штраф і забарону на ўезд на 3 гады. Быў самы мяккі прыгавор, каля 150 даляраў штрафу (за нелегальнае перасячэньне мяжы. — РС) і папярэджаньне, што за месяц я мушу пакінуць Украіну. На наступны дзень я ўжо ўзяў квіток і прыляцеў да жонкі і дзяцей у Польшчу.

«У мяне такія пляны, што ўсё будзе добра»

У Беларусі ў хлопца застаўся свой бізнэс, весьці які цяпер цалкам немагчыма. Дзьмітры кажа, што калі б працягнуў працаваць, падставіў бы сваю каманду, на якую таксама празь яго маглі б ціснуць органы.

— Я і так выцягнуў шчасьлівы квіток. Я зьбег, яны злуюцца і будуць ставіць палкі ў колы. Цяпер на мяне адкрытая крыміналка па 342 артыкуле. Хутчэй за ўсё, калі б я застаўся ў Беларусі, як толькі была б гатовая экспэртыза па газэтах, адкрылі б яшчэ адзін артыкул. І відавочна, што мяне б пасадзілі на «Валадарку» ўжо па іншай справе. Я ўпэўнены, што я б пахадзіў пару тыдняў, дапамог бы ГУБАЗІКу, але ўсё роўна б мяне пасадзілі і «ўпаялі» нешта.

Цяпер Дзьмітры падаўся на міжнародную ахову ў Польшчы.

— Справа ў статусе разгляду, на гэта трэба недзе паўгода. Мы наймаем кватэру зь сям’ёй. Канечне, цяжка, што жонка прыехала нават бяз грошай, але і ёй, і мне вельмі дапамаглі родныя і сябры.

Зараз я хачу знайсьці нейкую музычную працу, каб застацца ў прафэсіі, гэта быў бы найлепшы варыянт. Калі не, то буду зарабляць інакш. Мы плянавалі свой пераезд, але вельмі ўдарыла, што мы пераехалі без адзеньня, бяз грошай. Але ў мяне такія пляны, што ўсё будзе добра.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:27)