Общество

«Была ўпэўненая, што ўсё атрымаецца» Што цяпер думаюць тыя, хто летась далучыўся да пратэстаў

Што перажываюць беларусы, якія актыўна выказвалі свой пратэст год таму? Свабода распытала ў іх пра расчараваньне, надзею, дзе далей браць сілы і як зрабіць Беларусь лепшай. Расказваем тры гісторыі.

«Цяпер вельмі шмат крыўды і злосьці, яны назапашваюцца»

Мянчанка Лера не цікавілася палітыкай да 2020 году. Летась яна ўвайшла ў ініцыятыўную групу Бабарыкі. Выходзіла на маршы пратэсту. Цяпер жыве ў Менску.

Ад рэпрэсій я вельмі злуюся і зьбіраю ў сабе злосьць. Штодня чытаю: гэтага пасадзілі, таго пасадзілі; закрываюцца месцы, якія наведвала, дзе сустракалася зь людзьмі. Усё быццам намякае на тое, што „вам тут ня рады, зьяжджайце або маўчыце“. Але ня хочацца жыць па гэтых правілах. Калі штодня табе кажуць: „Ідзі прэч“, хочацца адказаць: „Гэта вы ідзіце адсюль“.

Мы ніколі не перашкаджалі гэтым людзям бегаць з палкамі па горадзе і лічыць, што яны такія крутыя. Хай бы і яны нам не перашкаджалі хадзіць у галерэі, на карціны глядзець.

Мне дапамагае спраўляцца зь цяперашнімі абставінамі, калі нешта раблю: на працу хаджу, ліст пішу, гуляю. А хочацца, вядома, ляжаць на ложку і глядзець у столь. Так яно часта і атрымліваецца.

Злавацца я сабе ніяк не забараняю — злуюся. Калі ты ня можаш адказаць на напад у свой бок, то можна хаця б запомніць, што табе было кепска і так больш не павінна адбывацца.

Я дапускаю, што мяне могуць затрымаць. Відавочна, што арышты адбываюцца „пальцам у неба“. Да іх даводзяць нейкі плян. Яны па ім бегаюць абы-куды, пакуль нехта не пападзецца. Гэта такая рулетка, я пад яе магу трапіць, як і любы іншы чалавек.

Я ня думала пра тое, каб выехаць за мяжу. Мяне могуць затрымаць, як і 9 мільёнаў іншых чалавек. Калі ехаць, то тады ўжо ўсім. Я не хачу зьяжджаць, хоць не заракаюся.

Ёсьць вялікая крыўда за тое, што адбываецца ў нашай краіне, але складана яе скінуць на некага канкрэтнага. Мянты, амапаўцы... Але не атрымліваецца ўсур’ёз на іх пакрыўдзіцца, бо гэта нашыя суседзі, людзі, зь якімі мы жывём побач. Чаму мы іх ня ведалі? Чаму мы зь імі не размаўлялі? Чаму мы былі ня ў курсе, што ёсьць такія гіцлі побач з намі?

Гэта як калі празь сьценку чуеш, як б’юць дзіця, а твае бацькі маўчаць або ты маўчыш. Вось ты і дамаўчаўся. Або ты не сябруеш з хлопчыкам, бо і ўся кляса зь ім не сябруе, бо „гэта ня крута“. Што гэты хлопчык робіць? Бярэ палку і ідзе біць вас усіх.

Таму мне складана крыўдаваць, што вы кепскія, а я добрая. Ёсьць жа міліцыянты і прыстойныя людзі, якія ня могуць звольніцца. Такім трэба значна больш мужнасьці, каб штодня працаваць у міліцыі, чым мне, такой афігеннай, якая пырхае ў чырвона-белых шкарпэтках.

Дарэчы, даносчыкі мяне не зачапілі. Я пачытала гэтыя даносы. У многіх напісана: „Перашкаджаюць адпачываць“. Заўжды ёсьць людзі, якія жывуць чарвячковым жыцьцём: паелі, паспалі, паглядзелі сэрыял на ноч, не цікавяцца больш нічым. Крыўдаваць на іх? Іх толькі пашкадаваць можна.

Пра зьмены да лепшага ў Беларусі я думаю штодня. І не перастану. Упарта веру, што яны надыдуць. Хочацца, каб у нас можна было рэальна вучыцца, а не цукеркі цягаць выкладчыкам. Шмат брыдоты разьвялося ў нас ва ўсіх структурах. Хочацца паступова ад яе пазбавіцца, каб усё было па-чалавечы, прафэсійна.

Я чакаю, што здарыцца нешта такое, пасьля чаго можна будзе правесьці нармальныя выбары. Усім тады давядзецца шмат і сур’ёзна працаваць. Мы мусім разумець, для чаго мы робім кожны сваю справу. Але я не разумею, што рабіць цяпер, каб наблізіць гэтыя зьмены. Гэта выклікае панічны стан.

Можна рабіць дробязі: падтрымаць блізкіх, пералічыць грошы на дабрачыннасьць, напісаць ліст. Але нават з гэтымі дробязямі ты не разумееш, што патрэбна. Хочацца, каб нехта сказаў, што рабіць, каб толькі гэта як мага хутчэй скончылася.

«Перамагчы мірна, хутчэй за ўсё, не атрымаецца»

Жыхарка райцэнтру Ганна (імя зьмененае) была незалежнай назіральніцай на выбарах. Выхоўвае малых дзяцей. Перад гэтым брала ўдзел толькі ў выбарах 2006 году, распаўсюджвала апазыцыйныя ўлёткі. Пасьля шэрагу затрыманьняў, ператрусаў і ціску праз год пасьля выбараў выехала за мяжу.

Мінулым летам я была ўпэўненая, што ўсё атрымаецца. Вельмі ў гэта верылася. Самае вялікае расчараваньне ў мяне было, калі людзі пакінулі плошчы.

Мы з паплечнікамі ўсе гэтыя месяцы зьбіраліся, каб падтрымліваць маральны дух адно аднаго, запісвалі акцыі. Цяпер мы засяродзіліся на грамадзкай валянтэрскай дзейнасьці.

Калі б ня дзеці, я б ня зьехала. Мне пакрысе зруйнавалі жыцьцё. Я пасядзела ў турме, у мяне былі суды, камісія аб дзецях. Я праходзіла паводле крымінальных артыкулаў як падазраваная і як сьведка. Мяне затрымліваў КДБ, праводзілі ператрусы. Мяне шукалі дома і на працы ўзброеныя людзі з маім фота. Сёлета ў жніўні я выехала за мяжу.

Пераезд даўся вельмі цяжка. Я калі першы раз прыйшла на марш у Варшаве, мне падарылі сьцяг, а я не магу яго разгарнуць, бо застаўся страх. Я стаяла каля бел-чырвона-белага сьцяга, і сьлёзы ліліся з вачэй, бо нікога не затрымлівалі.

Апошнія падзеі ў Беларусі прымаць цяжка. Але ў мяне цяпер шмат клопатаў у сувязі зь пераездам на новае месца, таму я ня маю часу шмат перажываць.

Важна, што мы з паплечнікамі трымаемся разам, сазвоньваемся амаль штодня. Цяпер мы разумеем, што перамагчы мірна, хутчэй за ўсё, ужо не атрымаецца. Ідэальнай была бы забастоўка — гэта самы просты шлях без ахвяраў. Калі адбудуцца новыя выбары, трэба рабіць яшчэ вялізную працу: вяртаць грамадзянскую супольнасьць, мову, культуру.

Цяпер я бачу сэнс у тым, каб яднацца, адукоўвацца, разумець, што адбываецца, разумець сваю беларускасьць, нацыянальнасьць, гісторыю: хто мы, што мы, адкуль мы. Захаваць бачнасьць пратэсту: стужка на плоце, запісаная акцыя.

Мне цяпер дадае сіл, калі дапамагаю іншым, дапамагаю сваім дзецям, бо ім цяпер няпроста ў іншай краіне.

«Калі трэба будзе, пражывём яшчэ 27 гадоў пры дыктатуры»

Жыхар абласнога гораду Ян (імя зьмененае) — прадстаўнік «старой апазыцыі». Выходзіў на маршы і прагулкі па горадзе цягам некалькіх месяцаў. Жыве ў Беларусі.

Я скептычна ставіўся, калі людзі выходзілі зь белымі балёнікамі пасьля трагедый. Калі быў першы вялікі дазволены марш, я выйшаў. Бо я памятаў, як у 90-х па горадзе ішоў вялікі марш зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Я хацеў уявіць, як гэта. Таму падчас маршу 2020 году я таксама ішоў наперадзе маршу са сьцягам.

Калісьці адзін дзед на пытаньне маёй бабкі: „Калі ўжо гэтыя бальшавікі сыдуць?“ адказаў „Вось-вось“. Гэта былі 1960-я гады. Яна разумела, што гэтае „вось-вось“ цягнецца дзесяцігодзьдзямі. Думаю, і цяпер такі стан — „вось-вось“.

У мяне была эўфарыя падчас таго шэсьця. Але наагул я быў насьцярожы. У мяне былі кепскія прадчуваньні. Я, вядома, ня мог сабе ўявіць такую сваволю і беззаконьне. Выходзіў на маршы і прагулкі, бо „памірай, а жыта сей“.

Першым часам я слухаў аналітыкаў, якія яны прагнозы даюць. Мне дзіўна было, чаму яны такія ўпэўненыя былі ў хуткіх зьменах. У мяне не было пераломнага моманту, калі я расчараваўся ў пратэстах. Усё добрае мае сэнс.

Калі трэба будзе, пражывем яшчэ 27 гадоў пры дыктатуры, жывым жа не палезеш у магілу. У мяне мала зьмянілася ўспрыманьне рэчаіснасьці за апошні год. Можа, іншыя людзі раней ня бачылі гэтай хлусьні, бязладзьдзя. Цяпер усё стала больш адкрыта.

Я думаю, сёньня дзеля пераменаў у Беларусі на лепшае людзям варта шукаць сваю ідэнтычнасьць, каб людзі адчувалі, што яны беларусы ў сваіх традыцыях, культуры. Многія пакуль моцна дэнацыяналізаваныя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(19)