Общество

«Будзе адбывацца ўсё большы паварот у бок Расіі». Сацыёлаг – пра ўплыў новых санкцый на настроі беларусаў

Еўрасаюз уводзіць усё больш абмежаванняў у дачыненні да Беларусі. Апошняя хваля непасрэдна закранула менавіта звычайных жыхароў, а не рэжым Лукашэнкі. Наша Ніва спытала ў сацыёлага Генадзя Коршунава, як падобныя крокі з боку ЕС могуць паўплываць на настроі беларусаў.

Сімпатый да Еўропы застанецца менш

Коршунаў лічыць, што ўсё гэта безумоўна адаб’ецца на палітычных настроях беларусаў.

«Ранейшыя санкцыі таксама даходзілі да простых людзей, але не наўпрост, а больш пасрэдна. А цяпер мы назіраем тое, што яны, груба кажучы, б’юць у лоб.

Таму гэта ў лепшым выпадку адаб’ецца ў бок непаразумення таго, што робяць нашы заходнія партнёры, а ў горшым — адаб’ецца на структуры геапалітычнага выбару», — лічыць сацыёлаг.

Па яго словах, у Беларусі і раней значная частка грамадства глядзела на Расію, бо лічыла, што беларусаў у Еўропе ніхто не чакае.

«Асабліва ў тых, хто не вельмі цікавіўся палітыкай, пазітыўнага праеўрапейскага наратыву не было. Зараз гэтыя людзі ўбачаць падмацаванне гэтага тэзісу, што беларусы ў Еўропе нікому не патрэбныя.

На жаль, гэтыя наратывы цяпер будзе выкарыстоўваць і беларуская прапаганда», — упэўнены аналітык.

Не кожны адшукае прычынна-выніковую сувязь

Коршунаў лічыць, што факт таго, што першапачаткова ў з’яўленні санкцый і іншых абмежаванняў у дачыненні да Беларусі вінаваты рэжым Лукашэнкі, ва ўспрыманні многіх будзе выносіцца па-за дужкі.

«Да гэтага простаму чалавеку дайсці будзе цяжка. Гэта даволі складаны шлях з некалькіх этапаў.

А ў таго, хто зможа прайсці гэты шлях і адрэфлексаваць, узнікаюць іншыя пытанні: «Чаму, з аднаго боку, уводзяцца такога кшталту санкцыі, якія б'юць па простых людзях, а з іншага боку — добрая частка нашых суседзяў працягвае гандляваць з беларускім рэжымам?»

Гэта таксама пытанні, на якія трэба было б адказаць, але маем, што маем», — кажа Генадзь Коршунаў.

Welcome to Russia

Падобныя абмежаванні, якія фактычна закрываюць Еўропу для беларусаў, значна звужаюць шырыню магчымасцяў, акно выбару, дзе правезці выходныя, як правесці вакацыі і гэтак далей.

«Тут можна казаць, што будзе адбывацца хоць і вымушаны, але ўсё большы паварот у бок Расіі. На жаль, гэта так», — лічыць аналітык.

Таксама Генадзь Коршунаў не выключае, што падобныя дзеянні Еўрасаюза могуць негатыўна адбіцца на рэйтынгу дэмакратычных сілаў у вачах беларусаў.

«Але як яно будзе дакладна развівацца, пакуль складана сказаць, бо трэба глядзець, ці атрымаецца ў нашых дэмакратычных сілаў нешта зрабіць у гэтым напрамку».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.7(13)