История

Андрэй Кныш

«Бомба пад дзяржаву». Трыццаць год таму Беларусь прыняла першую Канстытуцыю

«Салiдарнасць» нагадвае, пра што папярэджвалі прыхільнікі незалежнасці ад пачатку 90-х.

Мечыслаў Грыб падпісвае Канстытуцыю, 15 сакавіка 1994-га

15 сакавіка 1994 года 236 дэпутатаў Вярхоўнага Савета прагаласавалі за праект першай Канстытуцыі незалежнай Беларусі.

Перад галасаваннем у Авальнай залі прадстаўнік парламенцкай апазіцыі БНФ Сяргей Навумчык назваў Канстытуцыю, якая ўводзіла прэзідэнцкую форму кіравання, — «бомбай пад дзяржаву».

На жаль, тыя словы вельмі хутка пачалі ўвасабляцца ў жыццё. Сёння мы прыгадаем, як у праект першай Канстытуцыі трапіла прэзідэнцкая форма праўлення, хто гэтаму спрыяў, а хто да апошняга супраціўляўся.

Распрацоўкай праекту будучай Канстытуцыі адмысловая камісія занялася яшчэ напрыканцы чэрвеня 1990-га. Дзеля знаёмства з замежных досведам сяброў камісіі накіравалі ў Літву і Украіну.

Сёння ў гэта складана паверыць, але ў праекце Канстытуцыі, зацверджаным 11 сакавіка 1993-га, згадваліся ВКЛ і БНР:

Мы, народ Рэспублікі Беларусь (Беларусі), зыходзячы з адказнасці за сучаснае і будучае Беларусі, (…) аддаючы належнае пошукам справядлівага грамадскага ладу на старажытнай зямлі Беларусі, якія знайшлі адлюстраванне ў Статутах Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамайцкага, Статутных граматах Беларускай Народнай Рэспублікі, Канстытуцыях Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, а таксама ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь, (…) прымаем гэту Канстытуцыю — Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь. 

На справе, выглядала ўсё не так прыгожа і бясхмарна. Ад першых дзён існавання Канстытуцыйнай камісіі прыхільнікам незалежнасці краіны давялося адбівацца ад спробаў правесці ў будучы Асноўны закон пасаду прэзідэнта.

— Развіццё падзеяў, эканамічная і палітычная сітуацыя ў рэспубліцы, і вопыт суседзяў паказвае, што хто б зараз не стаў прэзідэнтам, ён проста вымушаны будзе прыбегнуць да дыктатарскіх метадаў. А гэта ў любым разе да дабра не давядзе, — папярэджваў Лявонцій Зданевіч, дэпутат ад Апазыцыі БНФ.

І гэта было адно са шматлікіх папярэджанняў пра небяспеку прэзідэнцтва для тагачаснай Беларусі.

За новую Канстытуцыю з прэзідэнцкай пасадай ад пачатку выступалі Вячаслаў Кебіч і былая камуністычная наменклатура, якая мела большасць у Вярхоўным Савеце. З часам колькасць палітыкаў з прэзідэнцкімі амбіцыямі стала расці.

Апазіцыя мела шанец змяніць расклад сілаў, сабраўшы цягам двух месяцаў 442 тысячы подпісаў грамадзянаў за правядзенне датэрміновых выбараў у парламент.

Але спікер Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевічам стаў фактычным магільшчыкам рэферэндума. Што праўда, неўзабаве ён і сам пазбавіўся пасады старшыні парламента.

Нейкі час праціўнікі прэзідэнцкай пасады мелі перавагу ў Вярхоўным Савеце, але напрыканцы 1993-га сітуацыя для іх стала імкліва пагаршацца. Развязка наступіла 2 сакавіка 1994-га. Вось як гэта нядаўна апісваў Сяргей Навумчык:

— У пэўны момант Кебіч у справе прэзідэнцтва атрымаў саюзнікаў. За прэзідэнцтва выступілі дэпутаты Дэмклуба («умераныя дэмакраты») на чале з Шушкевічам. За прэзідэнцтва выступіў Карпенка (плюс 10-15 дэпутатаў ягонай фракцыі «Згода»). І нарэшце, каманда «маладых ваўкоў» — Ганчар, Булахаў, Шэйман, Сініцын, Шыпко, Кучынскі, якія зрабілі стаўку на Лукашэнку.

І хай бы яшчэ яны не ведалі, што робяць — але ж мы, дэпутаты БНФ, прыводзілі аргументы, угаворвалі, хіба што ў нагах не валяліся ў Ганчара і Булахава, Шушкевіча і Карпенкі, пераконваючы, што нельга ўводзіць прэзідэнцтва, што яно непазбежна прывядзе да дыктатуры, што Беларусі трэба яшчэ пяць-шэсць гадоў парламенцкай дэмакратыі, каб сфармавалася грамадзянская супольнасць, каб умацавалася партыйная сістэма, каб вырасла (уступіла ў электаральны ўзрост) пакаленне, пазбаўленае закладзеных камуністычнай сістэмай рэфлексаў.

Але нічога гэтага не жадалі чуць яны.

Змрочны прагноз палітыка пра «бомбу пад дзяржаву» спраўдзіўся ў тым жа годзе, калі ў ліпені Лукашэнка атрымаў пасаду прэзідэнта. Якую, як вядома, утрымлівае да нашых дзён. Яму вельмі хутка стала «цесна» ў рамках першай Канстытуцыі. Ужо праз год ён ініцыяваў і зладзіў першы рэферэндум, вынікі якога сталі прамым парушэннем Асноўнага закона.

Далей быў рэферэндум 1996-га, які пашырыў ягоныя фактычна царскія паўнамоцтвы. У кастрычніку 2004-га чарговы рэферэндум зрабіў балатаванне на пасаду прэзідэнта для Лукашэнкі безлімітным.

А напярэдадні «рэферэндума-2022» ён ужо не хаваў таго факта, што для беларусаў гэтым разам няма нават ілюзіі выбара:

— Два варыянты: або народ прымае змяненні да гэтай Канстытуцыі, і ў нас з’яўляецца абноўленая Канстытуцыя, або ён адхіляе гэтыя прапановы, і ў нас застаецца старая Канстытуцыя.

Фактычна, беларусам далі зразумець, што царскія паўнамоцтвы Лукашэнкі захаваюцца пры любым выніку галасавання.

Напрыканцы варта дадаць, што адказнасць за выбух той «канстытуцыйнай бомбы» нясуць не толькі непасрэдныя лабісты і стваральнікі «прэзідэнцкай Канстытуцыі», але і вялікая частка беларускага грамадства. Якая дзесяцігоддзямі на выбарах і рэферэндумах з энтузіязмам дапамагала Лукашэнку адбіраць ва ўсіх нас свабоду. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(22)