Политика
Анастасія Зелянкова

БНБ плануе назваць адзінага кандыдата да канца чэрвеня

Беларускі незалежніцкі блок вызначыўся з працэдурай абрання адзінага кандыдата.

З чатырох прапаноў, якія былі разгледжаны на пасяджэнні Рады БНБ 1 чэрвеня, найбольшую падтрымку атрымаў варыянт, прапанаваны Партыяй БНФ.

Як вядома, праект прадугледжвае як экспертную ацэнку з улікам якасцяў кандыдата, так і галасаванне рэгіянальных калегіяў выбаршчыкаў. За гэтую прапанову прагаласавала 6 з 8 сябраў Рады. Партыя БХД і “Малады фронт”, якія таксама вылучылі свае праекты, з такой працэдурай вылучэння не пагадзіліся.

— Ні для каго не сакрэт, што апошнія паўгады паміж суб’ектамі БНБ былі пэўныя супярэчнасці, — патлумачыў “Салідарнасці” намеснік старшыні Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч. — Не выключана, што зараз БХД і “Малады фронт” будуць прымаць для сябе рашэнне адносна свайго далейшага ўдзелу ў працэдуры.

Цягам двух тыдняў прыняты праект павінен быць ратыфікаваны. А да канца месяца БНБ плануе назваць імя адзінага кандыдата.

Адзначым, што Рада беларускай інтэлігенцыі, якая таксама спрабуе вылучыць адзінага кандыдата, з працэдурай абрання яшчэ не вызначылася.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)