Общество
Eolonir

Благасфэра пра суд над Баразенкам ды грамадзянскія шлюбы

Абсалютную большасьць камэнтароў на мінулым тыдні сабралі допісы на тэму суда над Алесем Баразенкам, а менавіта пра Ўладзімера Цюхая, функцыянэра БРСМ, які на ганку суда штурхануў ды абразіў маці палітзьняволенага Алену Баразенку, а таксама перашкаджаў працы журналістаў у залі. Ягоны нумар тэлефону вельмі апэратыўна зьявіўся ў благасфэры.

Заклік блогера manchesster, які, зрэшты, быў толькі адной са шматлікіх адозваў патэлефанаваць сп. Цюхаю ды выказаць стаўленьне да ягонага ўчынку, ня ёсьць новым для беларускай благасфэры: гэткім самым чынам і раней моладзь аказвала ціск, напрыклад, на міліцыянтаў, якія затрымлівалі ўдзельнікаў акцыяў пратэсту. Нумары адзьдзелаў міліцыі, апублікаваныя на сайце ГУУС, траплялі ў Сеціва літаральна праз паўгадзіны па затрыманьні. Як паказала падобная практыка, мэтад быў вельмі слушным: грамадзкая ўвага прымушала міліцыянтаў вызваліць затрыманых почасту нават без складаньня пратаколаў.

У выпадку са сп. Цюхаем катэгарычна абараняць яго наважыўся толькі адзін блогер; усе астатнія выказваліся наконт паводзінаў функцыянэра БРСМ адмоўна. Акрамя фотаздымкаў, пасады ды нумару тэлефону на by_politics нават трапіў артыкул сп. Цюхая для “Белорусского рынка” пра беларускую моладзь, які выклікаў выключна адмоўную рэакцыю з боку камэнтатараў. Як, зрэшты, і той блогер, які яго выклаў.

Другой тэмай тыдня сталася абмеркаваньне таго, як слушна пісаць імя Барбары Радзівіл. На сацыяльнае сетцы Facebook ёсьць магчымасьць ствараць фан-клюбы розных слынных постацяў. Блогерка, што стварыла старонку пра “Чорную панну Нясьвіжа”, атрымала камэнтар ад нейкага летувіскага карыстальніка, што слушна імя мае выглядаць як “Барбора Радзівілайтэ”. Дыскусію (якая не прыйшла да высновы, але прадэманстравала, што большасьць беларускіх блогераў усё ж такі лічаць Радзівілаў сваімі) можна праглядзець вось тут ды тут.

Апошняя тэма – стаўленьне менчукоў да грамадзянскіх шлюбаў – выклікала сапраўдную навалу камэнтараў. Як высьветлілася, блогеры ў цэлым станоўча ставяцца да гэтага: маўляў, дасканалая магчымасьць даведацца, ці зжывесься з чалавекам увогуле.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)