Общество
Анастасія Зелянкова

Беларусы паважаюць родную мову, але не ведаюць

Большая частка беларусаў лічыць беларускую мову “нацыянальным здабыткам, які трэба паважаць і берагчы” і “сімвалам краіны” і толькі 3,2% “мовай апазіцыі”. Такія вынікі сацыялагічнага даследавання «Нацыянальная ідэнтычнасць вачамі беларусаў: хто мы і якімі мы будзем?», якое было праведзена Грамадска-культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” у супрацоўніцтве з лабараторыяй “НовАК” і інстытутам BISS (Літва).

Так, паводле дадзеных, 45,8% лічаць беларускую мову нацыянальным здабыткам, 35,5% -- “сімвалам Беларусі”, 12,4% -- адной з еўрапейскіх моў, якой неабходна карыстацца сёння. Негатыўнае стаўленне да мовы, паводле якога яна з’яўляецца толькі мовай беларускай глыбінцы альбо апазіцыі выказалі 16,8 і 3,2% адпаведна. 8,1% лічыць яе мовай беларускай інтэлігенцыяй, а для 4,7% яна ўвогуле нічым не з’ўляецца.

Былі і нечаканыя вынікі даследавання. Так, па словах дырэктара Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў Віталя Сіліцкага, напрыклад, Магілёўская вобласць выйшла на першае месца па выкарыстанні беларускай мовы ў прыватным жыцці.

-- Натуральна, мы не рабілі фанетычна-філалагічную экспертызу той мовы, якую рэспандэнты лічаць беларускай, і цалкам магчыма, што гаворка ідзе пра трасянку, а не літаратурную мову, але сам па сабе такі вынік заслугоўвае ўвагі, -- заўважыў даследчык.

Адзначым, што пры пераважна паважлівым стаўленні да роднай мовы, ўзровень карыстання ёю, паводле даследавання, невысокі. Так, толькі 6,9% размаўляюць па-беларуску дома, яшчэ менш (3,6%) -- у грамадскіх месцах. Большасць апытаных выкарыстоўвае для гэтых мэтаў рускую або “мясцовую” мову.

Прычынай рэдкага карыстання беларускай мовай у большасці аказалася адсутнасць беларускамоўнага кола знаёмых і сяброў (49,4%), на другое месца выйшла дрэннае валоданне мовай (33,5%), і зусім малы працэнт набраў адказ “ніхто вакол не карыстаецца, няма неабходнасці” – усяго 3,3%.

Невысокім аказаўся і ўзровень валодання беларускай мовай. “Чытаюць, разумеюць размоўную гаворку, але дрэнна пішуць і амаль не размаўляюць” – 42,7%, “свабодна валодаюць” – 31,6%, “у асноўным разумеюць размоўную гаворку, але не чытаюць і не размаўляюць” – 22%. Зусім не разумеюць, не чытаюць і не пішуць толькі 2,3% апытаных.

На думку рэспандэнтаў, прысутнасці беларускай мовы пераважна не хапае ў сферы афармлення гарадоў, вітрын (такую думку падзяляе 51,7%), у палітыцы і дзяржаўным кіраванні (45,9%), у рэкламе (37,1%), у СМІ (35%) і адукацыі (34,6%).

– Вынікі даследвання даюць нам магчымасць акрэсліць магчымую “прастору” для пашырэння “абшару беларушчыны” і прадумаць канкрэтныя крокі, зыходзячы з настрояў грамадства, – падвынікаваў Віталь Сіліцкі.

Адзначым, што якраз у гэты час праходзіць кампанія па перапісу насельніцтва, дзе некалькі пунктаў таксама адведзены моўнаму пытанню. Цікава: ці супадуць дадзеныя апытання з вынікамі перапісу?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)