Коктейль
Сяргей Балай

Баль у стылі ампір ў Мірскім замку (фота)

Упершыню за дзесяцігоддзі Мірскі замак прыняў ў сваіх пакоях сапраўдны ампірны баль часоў Міхала Клеафаса Агінскага.

Сябры моладзевага грамадскага аб’яднання «Гісторыка» разам з вайскова-гістарычным клубам «17 полк уланаў ВКЛ» зладзілі баль у межах праекту «Эпоха князя Міхала Клеафаса Агінскага».

– Да нас прыехалі рэканструктары перыяду 1812 году з Расіі, Украіны і Беларусі, – распавеў «Салiдарнасцi» арганізатар балю Зміцер Рагачоў. – Мірскі замак адчыніў нам свае дзверы ўпершыню і мы засталіся ў захапленні ад атмасферы гэтага месца.

Сапраўды, партрэтная заля, ў якой адбывалася дзея, надавала неабходны антураж, як і сам замак і дзельнікі балю.

У бальнай карце – паланэз, Кембрыджскі вальс, Катыльёны і французкая кадрыль. На перапынак – гульні і чытанні вершаў, фуршэт і зноўку танцы.

– Сапраўдны міжнародны баль, – кажа Зміцер Рагачоў. – Госці прыехалі з Масквы, Харкава, Вязьмы, Ноўгарада, Пецярбургу. Канешне, найбольш усіх уразіла заля, яе антураж.

Неабходнае патрабаванне да ўдзелу – строй на эпоху ампіру. Прынамсі, нават фатографы і відэяаператары былі апранутыя адпаведна – ва ўланскі мундыр, або цывільную вопратку. Выклікалі сапраўднае захапленне строі, аксэсуары, нават медалі на мундырах і тыя з часоў імператара Напалеона. Канешне, рэканструкцыя – справа сур'езная і, як кажуць, не вельмі танная. Але акунуцца на дзень ў цудоўны свет ампірнага балю – паверце, таго варта!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)