«Бабін бунт» у Коханаве (фота)

Мястэчка ператвараюць у аграгарадок і таму тэрмінова пракладаюць водаправод да новых «прэзыдэнцкіх» домікаў. Траншэю пракапалі наўпрост па засеяных гародах коханаўцаў.

Паводле актывіста грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Мікалая Петрушэнкі, абурэньню мясцовых гаспадынь не было межаў: работнікі прадпрыемства «Воршатэхнабуд», пракладаючы траншэю, папсавалі дзясяткі гародаў з бульбай і жытам.

Увогуле пракласьці водаправод павінны былі яшчэ ў красавіку, калі ў гародах нічога не расло, удакладняе спадар Петрушэнка. Тады і кампэнсацыя, на якой настойваюць мясцовыя жыхары, была б нашмат меншая. Але і цяпер выдаткі ім гатовыя кампэнсаваць: прадстаўнік «Воршатэхнабуду» Генадзь Бульбянкоў заявіў, што прадпрыемства гатовае выплаціць людзям грошы, інакш работнікаў пазбавяць прэміі.

23 чэрвеня ў Коханава прыехала прадстаўнічая камісія на чале з начальнікам управы капітальнага будаўніцтва Талачынскага райвыканкаму Міхаілам Смыкам і старшынём СПК «Краснасельскае» Сяргеем Марчанкам — ён жа дэпутат Коханаўскага пасялковага і Талачынскага раённага саветаў. Камісія пастанавіла, што трэба скласьці акт пра нанесеную шкоду і закапаць траншэю — бо выкапалі яе і паклалі трубы, як высьветлілася, з парушэньнем праекту. Так што гароды насельнікам будучага аграгарадка папсавалі абсалютна дарэмна, да таго ж глыбокая траншэя паблізу школы — сур’ёзная небясьпека для мясцовай дзятвы, кажа Мікалай Петрушэнка.

Актывіст «Нашага дома» лічыць, што грашовай кампэнсацыі гаспадарам гародаў недастаткова. У межах кампаніі «Дэпутатаў — да адказу!» ён патрабуе, каб дэпутаты мясцовых саветаў правялі праверку, а матэрыялы перадалі ў раённую пракуратуру — каб пракуратура дасьледавала акалічнасьці інцыдэнту і распачала крымінальную справу супраць тых, хто дапусьціў службовую халатнасьць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)