Азаронка звольнілі з БТ
Юрыя Азаронка звольнілі з пасады намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі. Гэтую інфармацыю ў інтэрв’ю Рацыі пацвердзіў сам тэлевізійшчык.
“Я ўспрыняў гэтую навіну дастаткова спакойна. Вызначуся бліжэйшым часам з тым, дзе буду працаваць. Маю прафесію рэжысёра ў мяне не забяруць. Я як быў чалавекам прэзідэнта, так ім і застануся. І буду працаваць на карысць дзяржаве”, - зазначыў Юрый Азаронак.
2 траўня 2005 года загадам Лукашэнкі Азаронак быў прызначаны на пасаду намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі, дагэтуль ён працаваў прэс-сакратаром у Генеральнай пракуратуры.
Азаронак запомніўся найперш сваімі прапагандысцкімі фільмамі, якія працягваў здымаць і на новай пасадзе. Яго стужка “Духоўная вайна” ў 2006 годзе была адзначана прызам Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі, а тэлепраграма “Канспіралогія” атрымала прэмію прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне”. Азаронак таксама быў кіраўніком беларускай делегацыі на конкурсе “Еўрабачанне-2008” і па чутках больш за ўсіх расстроіўся няўдаламу выступу Руслана Аляхно.
Але Рацыі Азаронак заявіў, што не звязвае сваё звальненне з няўдачай у Бялградзе: “Не думаю, што гэта звязана з “Еўрабачаннем”. Прычыны тут крыху іншыя”.
Хто зойме месца намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі замест Юрыя Азаронка пакуль невядома.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное