У Гомельскім абласным судзе 25 красавіка адбудзецца паседжаньне. Слуханьні правядзе судзьдзя Мікалай Доля.
У фармулёўцы анонсу суду гаворыцца пра «іншыя пытаньні, зьвязаныя з прывядзеньнем прысуду, выраку, пастановы ў выкананьне». Працэс пройдзе ў межах артыкулу 402 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу.
Як стала вядома Радыё Свабода, у першым прысудзе ў «справе Ціханоўскага» пералік рэчавых доказаў заняў некалькі дзясяткаў старонак. Там былі мабільныя тэлефоны асуджаных, кампутары, аўтамабілі і іншая маёмасьць.
«Відаць, нешта ўпусьцілі ці суд вырашыў больш не захоўваць рэчавыя доказы, зьнішчыць іх. Таму праводзяць паседжаньне», — лічыць крыніца Свабоды i юрыдычных колаў.
Юрыст таксама патлумачыў, што ёсьць рэчавыя доказы, якія застаюцца пры справе назаўжды. Гэта дыскі з пратаколамі апытаньняў, апэратыўна-пошукавымі мерапрыемствамі, пратаколы аглядаў і так далей. А ёсьць такія, якія ня маюць асаблівай каштоўнасьці — гэта значкі, сьцягі, улёткі, літаратура, мэгафоны і так далей.
«Гэта ідзе на зьнішчэньне, звычайна такое рашэньне прапісваюць у прысудзе. Доказы зьнішчаюцца, калі прысуд набывае моц. Грошы і матэрыяльныя каштоўнасьці ідуць у казну, на карысьць дзяржаве. Наркотыкі, зброя, фальшывыя грошы таксама зьнішчаюцца. Тут хутчэй пытаньне пра тыя рэчавыя доказы, якія ня маюць прамога дачыненьня да прысуду. Таму і будзе разгляд», — патлумачыў юрыст.
Як паведамілі Свабодзе крыніцы, блізкія да сытуацыі, фігурантаў справы на паседжаньне прывозіць не плянуюць.
У анонсе працэсу, заяўленага на 25 красавіка, значацца палітвязьні Ігар Лосік, Дзьмітры Папоў, Арцём Сакаў, Мікола Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі і Ўладзімер Цыгановіч, якія былі асуджаныя на закрытым працэсе ў будынку СІЗА-3 у Гомлі 14 сьнежня 2021 году.
Сяргея Ціханоўскага тады асудзілі на 18 гадоў калёніі, Міколу Статкевіча — на 14 гадоў, Ігара Лосіка і Ўладзімера Цыгановіча — на 15 гадоў, Дзьмітрыя Папова і Арцёма Сакава — на 16 гадоў.