Филин

Юлія Кот

Ашуркевіч: «Малаверагодна, што хоць нейкая міжнародная структура з ліку тых, якія знаходзяцца ў заходніх краінах, можа аказаць рашучае ўздзеянне на Лукашэнку»

Палітычны аглядальнік Таццяна Ашуркевіч — пра тое, чаму дыпламатычныя метады не працуюць у цяперашняй Беларусі.

ААН заклікала перагледзець указ Лукашэнкі аб нявыдачы пашпартоў беларускімі амбасадамі за мяжой. «Ніхто не мусіць адчуваць сябе вымушаным вярнуцца і рызыкаваць трапіць пад пераслед. Мы заклікаем перагледзець указ у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі», — гаворыцца ў паведамленні, якое з’явілася ў афіцыйным твітары арганізацыі.

Прадстаўнікі Арганізацыі аб’яднаных нацый дадалі, што новы ўказ «рызыкуе парушыць правы тысяч беларусаў у выгнанні, у тым ліку свабоду перамяшчэння».

Падобныя заявы цяпер гучаць як мінімум дзіўна. Ідзе ўжо другі год вайны, у якой рэжым Лукашэнкі выступае суагрэсарам, трэці год раскручваецца махавік рэпрэсій супраць уласных грамадзян — не толькі ўдзельнікаў пратэстаў у 2020-м, але і проста «нелаяльных» беларусаў. Няўжо на міжнародным узроўні яшчэ няма разумення, што Лукашэнка не адгукнецца на заклікі да гуманнасці, выканання правоў чалавека і іншых не дзеючых у сучаснай Беларусі рэчаў?

Аб чым сведчыць цяперашняе выказванне заклапочанасці з боку ААН — што арганізацыя ўсё ж сочыць за падзеямі ў Беларусі і рэагуе, што спадзяецца дамовіцца з беларускімі ўладамі альбо, фігуральна кажучы, бездапаможна разводзіць рукамі? І ці можа сёння хоць адна міжнародная структура паўплываць на рашэнні правіцеля, прымусіць яго адкруціць назад?

— У бягучым палітычным кантэксце няма нічога дзіўнага, што ААН заклікае да перагляду ўказу Лукашэнкі аб нявыдачы пашпартоў за мяжой, — зазначае ў каментары Филину палітычны аглядальнік Таццяна Ашуркевіч. — Вы слушна заўважылі, што з пратэстаў прайшло ўжо даволі многа часу, але гэта не значыць, што ў ААН не разумеюць, якую гульню вядзе сам Лукашэнка.

Таццяна Ашуркевіч

Экспертка нагадвае: ААН — самая буйная міжнародная арганізацыя ў свеце, і таму было б дзіўным, калі б яе прадстаўнікі ніяк не адрэагавалі на падобныя парушэнні правоў. Але рэч у тым, што ў ААН прывыклі дзейнічаць дыпламатычнымі метадамі:

У рэальнасці цывілізаванага, дэмакратычнага свету, удзельнікі якога суіснуюць на прынцыпах узаемапавагі, такія рэчы працуюць. І, канешне, гэта праблема Беларусі, што ў краіне зусім іншая рэчаіснасць, аўтарытарны рэжым і метады кіравання, таму Лукашэнка разумее хіба сілу.

— Аднак складана ўявіць, яе яшчэ магла б адрэагаваць на падобныя падзеі арганізацыя, створаная для падтрымання міжнароднага міру і бяспекі — не сілай жа. Таму ААН прытрымліваецца дыпламатыі, тых самых міжнародных нормаў, да выканання якіх арганізацыя заклікае і Беларусь.

З рэалістычнага гледзішча, кажа Таццяна Ашуркевіч, наўрад ці з’яўленне такіх заклікаў як-небудзь наўпрост паўплывае на рашэнні Лукашэнкі.

— Сітуацыя ў Беларусі і вакол яе яскрава паказвае, наколькі складана паўплываць на чалавека, які даўно пераключыў сваю ўвагу з міжнароднай арэны на рэгіянальныя стасункі — я маю на ўвазе Расію.

Лукашэнка, канешне, разумее сваю залежнасць ад падтрымкі Масквы, а таму калі і рэагуе на нейкія заклікі, то гэта заклікі з боку Пуціна. Словы гэтага чалавека маюць для беларускай улады непасрэдную важнасць і вагу, у адрозненне ад заяў міжнародных арганізацый, што знаходзяцца ў заходніх краінах — з апошнімі ў афіцыйнага Мінска найгоршыя адносіны, якія толькі можна ўявіць.

Абвастрэнне зайшло настолькі далёка, што ні маральныя заклікі, ні ўгаворы ў РБ не будуць успрынятыя сур’ёзна. Лукашэнка мог бы рэагаваць на заявы, што гучаць з боку заходніх краін, і рабіць выгляд, нібыта для яго гэтыя меркаванні важныя, да 2020 года — але сёння гэтыя заклікі для яго нічога не вартыя.

Наогул, малаверагодна, што хоць нейкая міжнародная структура з ліку тых, якія знаходзяцца ў заходніх краінах, можа аказаць рашучае ўздзеянне на Лукашэнку, звяртаючыся да агульначалавечых каштоўнасцяў і маралі.

Хутчэй, з улікам таго, што адбываецца ў Беларусі, гэта гучыць як здзек. Мяркую, Лукашэнка і яго памочнікі маглі б моцна з гэтага пасмяяцца. Бо «правы чалавека» сёння для іх практычна зневажальны выраз, прынамсі, гэта апошняе, на што беларускія ўлады звяртаюць увагу.

Аднак не варта абясцэньваць дыпламатыю і міжнародныя заклікі, дадае экспертка. Так, у цяперашняй Беларусі сітуацыя не можа быць вырашаная такімі заклікамі. Яны граюць збольшага фармальную ролю — але разам з тым сведчаць, што ў ААН сочаць за сітуацыяй у Беларусі і падкрэслівае сваю міжнародную пазіцыю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(20)