«ARCHE» прапісаўся ў Вільні

Для выдавецкай дзейнасьці калектывам часопіса «ARCHE» сёлета быў зарэгістраваны ў Вільні Інстытут беларусістыкі. Расказвае галоўны рэдактар часопіса «ARCHE» Валер Булгакаў.

— Мы доўга думалі, як нам выкруціцца зь цяперашняй сытуацыі. А сытуацыя фатальная. Каб атрымаць ліцэнзію на выдавецкую дзейнасьць, трэба здаваць экзамен. Мы спрабавалі, але не ўдалося, бо «ARCHE» ў чорных спісах.

Першай кнігай новастворанага выдавецтва стаў аграмадны, як яго характэрызуе сам сп. Булгакаў, чацьверты том збору твораў гісторыка й мовазнаўцы Яна Станкевіча. Кніга называецца «За родную мову й праўдзівы назоў». У гэты том увайшла публіцыстыка Станкевіча. Таксама выйшла кніга аўтарства самога Валеры Булгакава «Гісторыя беларускага нацыяналізму». Апошняе выданьне ў сёлетнім годзе – вялізная на 900 старонак кніга польскага гісторыка Юркі Туронка «Мадэрн і гісторыя Беларусі».

У плянах на наступны год некалькі кніг, дзе будзе бягучая аналітыка палітычных падзеяў у Беларусі, палітычная гісторыя незалежнай Беларусі. З навуковых праектаў выданьне кнігі твораў і гістарычных аналізаў польскага гісторыка беларускага паходжаньня Алега Латышонка, які належыць да найбольш цікавых і плённых гісторыкаў ня толькі Польшчы, а нават перасягае польскі ці беларускі кантэкст. Але Латышонак, як і Туронак, вельмі слаба вядомыя беларускаму чытачу й нават навукоўцам. Навука сёньня зьяўляецца полем бітвы паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасьцю. Навука прадукуе сьветапоглаяд і ідэнтычнасьць. У нас рэдка здаюць сабе справу, што нацыянальная ідэнтычнасьць ва ўсходнеэўрапейскіх грамадзтвах гэта прадукт навуковай дзейнасьці. Лукашэнка спрабуе ўсяляк нішчыць беларускую ідэнтычнасьць. Ад барбарскага разбурэньня помнікаў архітэктуры да публікацыі адыёзных пісаньняў Якава Трашчанка, які адмаўляе існаваньне Беларусі, як самастойнага геапалітычнага суб’екта. Каб нам удалося ўчыніць пераварот у беларускай навуцы! Бо навука падмяняецца ідэалёгіяй. Сапраўдных навукоўцаў у галіне гуманітарных навук засталося няшмат. Гэта закон. Пры аўтарытарных рэжымах гуманітарная навука падае ахвярай палітычнага дыктату. Бо яна можа выкарыстоўвацца, як нішто іншае, для фармаваньня грамадзянскай актыўнасьці, умацоўваць палітычную неляяльнасьць. Наша звышзадача — вырафінаваць беларускую навуку. Калі гэта ўдасца, перамены да лепшага наступяць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)