Анастасія Зелянкова
Апранай джынсы — і наперад!

16 верасня мае адбыцца “Вялікі джынсавы фэст”. Акцыя прымеркаваная да дню памяці зніклых у Беларусі палітыкаў і журналістаў, а таксама ў знак салідарнасці з палітвязнямі. Арганізатары мерапрыемства плануюць правесці шэсце ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор, дзе потым адбудуцца мітынг і канцэрт з удзелам беларускіх музыкантаў.

— Пакуль на нашу заяўку аб правядзенні акцыі Мінгарвыканкам адказу не даў, — адзначыў намеснік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч. — Аднак падстаў для таго, каб адмовіць няма: заяўка пададзеная ў адпаведнасці з заканадаўствам. Акрамя таго, усе зразумеюць, што такое рашэнне прымаецца не Мінгарвыканкамам. А мы памятаем, што Лукашэнка не аднойчы заяўляў, што для яго з’яўляецца справай гонару знайсці вінаватых у знікненні людзей. І ў гэтым выпадку забараніць акцыю — значыць прадэманстраваць сваю прыналежнасць да гэтых злачынстваў.

“Вялікі джынсавы фэст” з’яўляецца своеасаблівым працягам штомесячнай акцыі, якая вось ужо год ладзіцца ў Беларусі і ў замежжы.

— За гэты час мы змаглі ўбачыць, што нас шмат, — распавядае журналістка Ірына Халіп. — Цяпер мы ведаем, колькі сяброў мы маем за межамі нашай краіны. Калі год таму мы распачыналі ладзіць такія акцыі, то баяліся, што нас не падтрымаюць. Зараз жа можна сцвярджаць, што гэта быў самы паспяховы праект.

Плануецца, што ўдзел у вераснёвай акцыі прымуць усе лідэры дэмакратычных партый і арганізацый.

— Гэта нашая агульная справа — прыйсці і падтрымаць, — адзначыў лідэр дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч. — Тэма зніклых павінна гучаць да таго моманту, пакуль вінаватыя не панясуць адказнасць і ў краіне будзе заставацца хоць адзін палітзняволены.

Яшчэ невядома, якія гурты прымуць удзел у маючым адбыцца канцэрце: перамовы вядуцца са многімі калектывамі. Аднак арганізатары запэўніваюць, што ўсіх, хто здолее прыйсці, чакае сюрпрыз. Пажадана, каб удзельнікі акцыі былі апранутыя ў джынсавую вопратку, а таксама мелі пры сабе бел-чырвона-белыя стужкі ды іншыя аксэсуары.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)