Политика
Юлія Аляксандрава

Анжаліцы Борыс пагражаюць спісам невыязных

У кватэры старшыні неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі (СПБ) Анжалікі Борыс судовыя выканаўцы апісалі маёмасць і забралі некаторыя рэчы, у тым ліку неўсталяванае акно.

– Да сённяшняга дня спадарыня Борыс не атрымала з суду ніякай пастановы, ніякай паперкі пра тое, што яна мусіць заплаціць грошы, — распавёў «Салідарнасці» прэс-сакратар СПБ Ігар Банцар. — Не было ніякіх звестак ні пра тое, калі яна мусіць іх выплаціць, ні пра тое, што яе чакае. Толькі сёння прыйшлі судовыя выканаўцы і паказалі ёй такую паперу, сказаўшы, што калі да заўтра Анжаліка Борыс не прадставіць квітанцыю аб аплаце штрафа, трапіць у спіс невыязных. Зразумела, што ўсё гэта было зроблена спецыяльна.

Нагадаем, што як кіраўнік фірмы «Палёніка», Анжаліка Борыс была аштрафаваная на 4 мільёны 200 тысяч рублёў (штрафы прызначаныя самой фірме складаюць 122 мільёны рублёў). Як вядома, фірму пакаралі за тое, што яна атрымлівала грошы на сваю культурна-асветніцкую дзейнасць ад «Вспульноты польскай», аднак суд палічыў, што іх трэба было афармляць як гуманітарную дапамогу.

Сярод забраных у Анжалікі Борыс рэчаў – мікрахвалевая печ, тэлевізар, музычны цэнтр, стацыянарны тэлефон, ноўтбук і нават неўсталяваны шклопакет.

– Фармальна абскарджваць ужо няма чаго: рашэнне ўступіла ў сілу, таму і прыйшлі судовыя выканаўцы, – кажа Ігар Банцар. – Абскарджваць можна толькі дзеянні саміх выканаўцаў падчас апісвання маёмасці, але там усё было даволі весела. Мы жартавалі, рабілі фотаздымкі...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)