Политика
Анастасія Зелянкова

Аншлаг на сядзібе

Канцэрт, прымеркаваны да гадавіны бітвы пад Оршай, замест КЗ “Мінск” адбыўся ў сядзібе БНФ. Жадаючых паслухаць беларускую музыку, а таксама паглядзець трыпціх мастака Міколы Купавы, было значна больш, чым магла змясціць невялічкая зала офісу.


Людзі вымушаныя былі стаяць у праходзе, але, трэба аддаць ім належнае, яны з мужнасцю вытрымалі гэтае выпрабаванне і чарговы раз даказалі, што вартыя сваіх славутых продкаў. Менавіта сёння адначаўся Дзень беларускай вайсковай справы.

— Выдатная перамога пад Оршай, у якой нашыя продкі значна меншымі сіламі змаглі абараніць сваю Бацькаўшчыну ад заваёўнікаў, павінна стаць для ўсіх нас прыкладам мужнасці, — адзначыў старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка.

Прадстаўляючы свой трыпціх, прысвечаны Аршанскай бітве, мастак Мікола Купава адразу ж запэўніў прысутных: “Лекцыю я вам тут чытаць не буду” і гэтак караценька, хвілін на трыццаць, распавёў пра падзеі, якія паклаў на палатно. Мастак таксама расказаў, што для таго, каб дакладна перадаць рэчаіснасць, яму прыйшлося вывучыць карту 17 стагоддзя, прагледзець архіўныя запісы, а таксама з’ездзіць на бераг Дняпра.

Мікола Купава нават зрабіў рэканструкцыю замка, якога зараз ужо няма. У выніку ягонай працы з’явіліся тры карціны: пейзаж з берагоў Дняпра, выява Канстанціна Астрожскага і манументальнае палатно, на якім адлюстравана падрыхтоўка да будучай бітвы.

— Гэта яшчэ толькі пачатак, сама бітва яшчэ наперадзе, — тлумачыў мастак. — Можа, калісьці ў мяне з’явіцца і яшчэ адна карціна.

Пакуль музыкі рыхтаваліся да выступу, утварылася невялікая паўза. Яе вырашылі запоўніць своеасаблівай віктарынай. Вось тут і спатрэбіліся веды, вынесеныя з лекцыі Міколы Купавы.

Арганізатар канцэрта Арына Вележ раздавала пераможцам кнігі. Яна таксама расказала, што сёння спецыяльна для яе кіраўніцтва КЗ “Мінск” наладзіла экскурсію ў малую залу, дзе быў адменены канцэрт, каб прадэмантраваць, што там сапраўды заліло дажджом.

— Яны мяне слёзна запэўнівалі, што вельмі любяць і падтрымліваюць беларускую музыку, і ім зусім не хацелася, каб гэты канцэрт пераносіўся на сядзібу БНФ, — распавяла Арына.

На жаль, не ўсе заяўленыя ў канцэрце гурты змаглі выступіць сёння: многія з’ехалі адразу ж пасля таго, як канцэрт быў адменены, так і не даведаўшыся пра перанос. Аднак арганізатары запэўнілі, што абавязкова знойдуць магчымасць паўтарыць праграму ўжо ў поўным складзе ўдзельнікаў.

З выканаўцаў сёння можна было пачуць групы "Тэстамент", "Рокаш", а таксама P. L. A. N., які з’явіўся паловай саставу — гітарыст ды баяніст. Апошнія пачалі свой выступ з вядомай песні “Забі казла”, якую публіка ўзрушана падтрымала.

Дарэчы, як расказалі музыкі, менавіта з гэтай песняй пра гульню ў даміно іх у 2002 годзе выставілі з сядзібы БНФ як правакатараў. Сёння, як бачым, усё змянілася.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)