Филин

Вікторыя Захарава

Аліна Коўшык: «Усё паўтараецца, толькі робяць гэта прыслужнікі Лукашэнкі»

Як беларускі рэжым «мабілізуе» дзяцей і падлеткаў.

У Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў, якое ўзначальвае экс-кіраўнік МУС Ігар Шуневіч, хочуць дазволіць прымаць дзяцей з 8 гадоў. Праект указу, які ўносіць змены ў рэгуляванне дзейнасці БТПР, апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале і вынесены на грамадскае абмеркаванне. Пакуль ён мае толькі адзiн каментар з суцэльнай падтрымкай.

У абгрунтаванні, якое падрыхтавала Міністэрства лясной гаспадаркі, зазначана, што ўсталяванне мінімальнага ўзросту для ўступлення ў аб’яднанне — гэта замацаванне ўжо існуючай практыкі, якое «дазволіць займацца мэтанакіраваным выхаваннем падрастаючага пакалення, прышчапляць яму з ранняга ўзросту прынцыпы беражлівага стаўлення да прыроды Беларусі, імкненне да захавання яе багаццяў, і ў якасці пэўнага заахвочвання дасць магчымасць карыстацца перавагамі чальцоў РГГА».

Раней, мяркуючы па статуту арганізацыі, мінімальным магчымым узростам быў 12-гадовы, дый тое з пісьмовай згоды бацькоў. А вось у СССР да 1975 года ў секцыі «Юных паляўнічых» прымалі падлеткаў з 16 гадоў, і толькі на Поўначы дазвалялася зніжаць гэты цэнз да 14.

Праўда, не зусім зразумела, чаму для выхавання і беражлівага стаўлення да прыроды недастаткова, напрыклад, краязнаўчых і экалагічных гурткоў пры школах альбо пазашкольных установах, а неабходна менавіта ўступаць у дзіцяча-юнацкую секцыю паляўнічых, і якія перавагі  чальцоў БТПР, дасяжныя для дзяцей, маюцца на ўвазе.

Многія беларускія бацькі ставяцца да новай заканадаўчай ініцыятывы адмоўна і бачаць у ёй пагрозу «абалваньвання» дзяцей. Але, варта прызнаць, такой думку прытрымліваюцца далёка не ўсе. Некаторыя мяркуюць: маўляў, што дрэннага, калі дзеці і падлеткі, асабілва хлопчыкі, замест бадзяння па вуліцы будуць занятыя справай, ды не пад наглядам школьных настаўніц-жанчын, а пад «цвёрдай рукой» людзей у форме, хай гэта егеры, выратавальнікі ці спецназаўцы?

Але відавочна, што юнацкія секцыі таварыства паляўнічых — не толькі пра вывучэнне Чырвонай кнігі ці паходы ў цір. А калі дадаць сюды імклівае распаўсюджванне ў краіне ваенна-патрыятычных клубаў, якія таксама прымаюць дзяцей ад малодшага школьнага ўзросту, з 9 гадоў (і толькі за мінулы навучальны год было створана 17 такіх клубаў), і пашырэнне ўстаноў адукацыі МУС — ведамасныя ліцэі, як плануецца, з’явяцца ва ўсіх рэгіёнах, прычым у Магілёве ўжо з 2024 года, — робіцца насамрэч трывожна.

Атрымліваем нейкія двайныя стандарты: у Беларусі дзецям да 14 гадоў нельга адным выязджаць на ровары на праезную частку, да 12 гадоў — глядзець у кіно фильмы са сцэнамі гвалту, сэксу і нецэнзурнай лаянкай; а вывучаць культуру палявання, у тым ліку знаёміцца са зброяй, выходзіць, можна і з 8 гадоў?

Да чаго прывядзе такая мілітарызацыя грамадства, пачынаючы з дзяцінства, і ці маюць гэтыя працэсы дачыненне да выхавання, Филин абмеркаваў з Алінай Коўшык, прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні.

Фота: Facebook Alina Koushyk

— Гэта відавочная прыкмета таго, што Расея абрала шлях вайны ў сваім развіцці і зацягвае ў гэту пастку Беларусь. Ад 8 гадоў! Гэта не проста моладзь, гэта дзеці, якім хочуць прамыць мазгі, прызвычаіць да зброі і таго, што забіваць — гэта нармальна, — гаворыць Аліна Коўшык. — Але ж культ мілітарызма не вядзе да міру. Мы памятаем гісторыю, памятаем ХІХ стагоддзе, калі нас русіфікавалі — расейскія настаўнікі, чыноўнікі і жаўнеры. Усё паўтараецца, толькі робяць гэта прыслужнікі Лукашэнкі.

— Цяжка ацаніць маштаб з'явы, якая набірае моц па кроплі: то факультатывы па «духоўнасці і патрыятызму», то прыход сілавікоў на класныя гадзіны і паездкі ў вайсковыя часткі ці спецназ, дзе дзеці прымяраюць бронекамізэлькі і пазіруюць са зброяй, то адкрыццё ваенізаваных клубаў і секцый.

На вашу думку, ёсць нейкая мяжа, за якой гэты працэс незваротны і небяспечны, ці мы яе перайшлі ўжо і не заўважылі?

— Беларускія ўлады забылі фразу «абы не было вайны», цяпер яна хутчэй гучыць — «усё для вайны». А перад усім яны не лічацца з жыццямі наступных пакаленняў. Тое, якімі тэмпамі яны гэта робяць і ў якой колькасці, мяне пужае.

Такімі захадамі «выхавацелі» прызвычаіваюць дзяцей да зброі, нармальнасці гвалту, да таго, што гэта адзіны шлях кар’еры. Але так не ёсць. Мы, беларусы, супраць вайны і не пагаджаемся, каб уцягвалі ў мілітарысцкую машыну нашых дзяцей.

— Аднак у беларускіх бацькоў пакрысе забіраюць альтэрнатыву — мы бачым, як «зачышчалі» недзяржаўныя школы, як выціскаюць з прафесіі, а то і з краіны нелаяльных педагогаў-іншадумцаў. А з'ехаць могуць далёка не ўсе.

Што ў цяперашніх умовах магло б быць эфектыўным спосабам супрацьстаяць сістэме — «італьянская забастоўка», максімальная дыстанцыя ад усяго, што праводзіцца пад мілітарысцкімі лозунгамі?

— Дыктатарам не патрэбныя людзі, якія думаюць самастойна. Таму працягваецца наступ на адукацыю і цяпер вельмі важная роля бацькоў.

Вы можаце супрацьстаяць нарастаючай мілітарызацыі. Не аддавайце дзяцей у ваенна-патрыятычныя клубы і ліцэі МУС, ігнаруйце летнікі і паездкі ў вайсковыя часткі, не дазваляйце, каб вашым дзецям у школе рабілі фотаздымкі ў вайсковай форме.

Замест гэтага — развівайце зацікаўленасці сваіх дзяцей, чытайце разам гістарычныя беларускія кнігі, пакажыце ім каналы на ютубе з асветніцкімі відэа. Для старэшых дзяцей шукайце магчымасці стажыровак і стыпендый за мяжой, каб самі маглі параўнаць падыход да адукацыі. Адказнасць за нашых дзяцей ляжыць на нас, і такім бацькоўскім супрацівам можна шмат дамагчыся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(21)