Филин

Сяргей Васілеўскі

Акудовіч: «Тое, што бярэ сабе на ўзбраенне апазіцыя, пачынае не любіць улада»

Гісторык — пра стаўленне лукашэнкаўскіх чыноўнікаў да нацыянальных герояў Беларусі.

Беларусы ў Вільні развітваюцца з Каліноўскім. Лістапад 2019-га.

Кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Ігар Сергеенка заявіў, што не лічыць Касцюшку і Каліноўскага нацыянальнымі героямі Беларусі. Кажучы пра апошняга, ён згадаў савецкі перыяд, калі пра кіраўніка паўстання нібыта быў створаны «гістарыяграфіі міф».

— Мы ўбачылі на свае вочы, як небяспечна скажаць факты ці хаваць частку праўды. Савецкае пакаленне вырасла на прыкладзе гераічнай барацьбы рэвалюцыянера Каліноўскага з царызмам. А сёння на асобе гэтага так званага героя, на прыкладзе яго барацьбы за ідэю аднаўлення польскай Рэчы Паспалітай іграе знешні вораг, спрабуючы ўбіць клін паміж брацкімі народамі, раскалоць грамадства ўнутры адной краіны, — заявіў чыноўнік, былы высокаслужбовец КДБ. 

Выказванні Сяргеенкі Филин папрасіў пракаментаваць гісторыка Цімафея Акудовіча.

— Адкуль такая нелюбоў да Каліноўскага ў лукашэнкаўскіх чыноўнікаў?

— Мне падаецца, прычына ў тым, што Каліноўскага, як яны думаюць, сабе на ўзбраенне ўзялі беларускія нацыяналісты. І таму для іх Каліноўскі аказаўся непрывабным. Гэта адна прычына, палітычная.

Мяркую, шмат падзей, звязаных з гістарычнай памяццю, упіраюцца ў палітыку. І тое, што бярэ сабе на ўзбраенне апазіцыя, пачынае не любіць улада.

Другі момант можа быць звязаны з пэўным падпарадкаваннем расійскаму наратыву, звязанаму з Каліноўскім. Той выпадак, калі каса на камень найшла. Бо ў яго дзве іпастасі. Адна іпастась — сацыяліста, змагара за інтарэсы народа.

І другая іпастась — чалавек, які змагаецца за аднаўленне Рэчы Паспалітай. І паколькі апазіцыя ўзяла сабе Каліноўскага, улады выбралі другі ягоны вобраз. Вобраз змагара за Рэч Паспалітую, адпаведна — змагара за пана, які спрабаваў падмануць просты беларускі народ і прыгнятаць яго.

А тут яшчэ дадаўся расійскі наратыў пра тое, што Каліноўскі нібыта вешаў праваслаўных святароў. І такім чынам атрымаўся такі канфліктны вобраз.

— Чым гэта небяспечна ў сённяшняй сітуацыі, калі па даносе праўладных актывістаў знікаюць помнікі паэткам? Ці варта чакаць нейкай кампаніі ў гэтым кірунку?

— Мне падаецца, што дзяржава ня дужа і ўмее рабіць нейкія кампаніі. Добра было адзначана, што на самай справе вялікі ўнёсак у змаганне з Каліноўскім зрабіў расійскі гісторык і прапагандыст Аляксандр Дзюкаў, які і кнігі пісаў, і па канферэнцыях ездзіў, выступаў з гэтай тэмай.

Ён падвёў ідэалагічную базу пад гэтае змаганне. Гэта асобны зацікаўлены чалавек з пэўнымі магчымасцямі. Дзяржава і гэтага не змагла б зрабіць.

Таму я не думаю, што варта чакаць нейкіх сур’ёзных кампаній. А вось прыбіранне помніка Каліноўскага ў Свіслачы, прыбіранне назвы вуліцы яго імя ў Мінску — такое патэнцыйна можа быць.

Ім трэба справаздачыцца, і для гэтага патрэбныя нейкія захады. Таму яны штосьці дзесьці звязанае з Каліноўскім павінны прыбраць. Гэта можа здарыцца.

— Што незалежнае грамадства, новая дыяспара за межамі Беларусі могуць зрабіць у такой сітуацыі?

— Рэагаваць трэба. І не толькі рэагаваць, але і думаць на два крокі наперад. Ёсць пытанні палітыкі памяці. Гэта сур’ёзныя задачы, якімі павінны займацца сур’ёзныя інстытуцыі.

На гэтым фронце ёсць што рабіць. Ствараць інфармацыйныя нагоды, запісваць тлумачальныя ролікі ў YouTube. Ладзіць канферэнцыі і сустрэчы. Не губляць навуку, бо гэта тэма, у якой яшчэ разбірацца і разбірацца.

Трэба падцягваць міжнародных навукоўцаў. І калі мы кажам пра беларускіх гісторыкаў за мяжой, то ім гэта будзе зрабіць прасцей. Уплываць на гэтую тэму праз сацыяльныя сеткі, інтэрнэт.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(23)