Радыё Свабода
Актывістаў "Партнэрства" пачнуць судзіць 20 ліпеня

Справу грамадзкай незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” маюць разглядаць у судзе Цэнтральнага раёну Менску 20 ліпеня. Тым часам, адвакаты зьняволеных актывістаў працягваюць аспрэчваць неабходнасьць іх утрыманьня пад арыштам.

Пакуль што афіцыйнага паведамленьня ад судзьдзі Ясіновіча не было, ён — у адпачынку. Дату суду паведаміла сакратарка судзьдзі Ясіновіча.

Актывістаў “Партнэрства” абвінавачваюць ва ўдзеле у незарэгістраванай арганізацыі і ў замаху на правы грамадзянаў. Аляксандар Шалайка, Мікола Астрэйка, Эніра Браніцкая і Цімафей Дранчук знаходзяцца пад арыштам з 21 лютага.

Сваякі арыштаваных лічаць, што менавіта перад судом маладзёнам мусяць зьмяніць меру стрыманьня. Гаворыць бацька Цімафея Дранчука Валеры:

(Дранчук: ) “Мы зараз выбіраем усе сродкі, каб абараніць нашых дзяцей. Абараніць — гэта значыць вызваліць іх з-пад варты да суда. Самы складаны пэрыяд. Сьледзтва скончана, знаёмства з матэрыяламі скончана. Я не разумею — чаго тут баяцца. Цімафей пад час нашага спатканьня сказаў: “Я не зьбіраюся хавацца, зьбягаць, уцякаць. Я хачу абараняць і даказваць сваю невінаватасьць у судзе! Калі я буду зьбягаць — гэта будзе азначаць прызнаньне маёй віны”.

Маці Эніры Браніцкай, спадарыня Віялета, днямі мела першае цягам 4-х месяцаў спатканьне з дачкой. Нядаўна Эніру перавялі са сьледчага ізалятару КДБ у турму на вуліцы Валадарскага. Спадарыня Віялета кажа, што вялікім выпрабаваньнем для Эніры зьявілася тое, што яна не паліць.

(Віялета: ) “Сем чалавек у камеры паляць па пачаку цыгарэт на дзень. Яна выпрасіла ў іх 20 хвілін на дзень, калі яны не паляць — пакуль яна "качае" прэс. Падчас прагулкі яна робіць зарадку. А потым, у камэры, "качае" прэс. Запыталася ў яе: “А цягам дня ляжаць вам можна? Пад’ём жа ж а6 ранку”. Кажа: гледзячы, якая зьмена аховы. Пры некаторых — можна. Пры некаторых — нельга”.

Спадарыня Віялета кажа, што Эніра — моцная асоба і знаходзіць розныя сродкі падтрымаць моц духу нават у гэткіх умовах.

(Віялета: ) “Малюе ўвесь час. Караблікі розных канфігурацый… Жывёлінаў розных малявала… Увесь час шукае матывы для сваіх малюнкаў. Вежу нядаўна даслала — нават у фарбах вежу. Раней, калі ў КДБ яна была, то ўсё ў фарбах малявала — у яе суседкі былі фарбы. А цяпер — алоўкам малюе”.

Цімафея Дранчук імкнецца зрабіць неабходныя працы для дыстанцыйнага навучаньня ў Эўрапэсйкім Гуманітарным Унівэрсытэце. Але цяпер, ва ўмовах сьпякоты, піша ён у лістах, пакутліва проста ляжаць — ня тое, што працаваць над кантрольнымі. Валеры паспрабаваў перадаць сыну ў камэру вэнтылятар:

(Дранчук: ) “Затэлефанаваў у адміністрацыю сьледчага ізалятара КДБ сёньня, запытаўся, ці магу я перадаць вэнтылятар Цімафею. Нехта Мікалай Васільевіч сказаў, што гэта вялікая раскоша. Маўляў, можа яшчэ і пральную машыну перадаць наступным разам?”

Дзякуючы Аляксандру Сакалову, загадчыку сьледчага ізалятару, дазвол на перадачу вэнтылятара Валеры Дранчук атрымаў.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)