Максім Рэмезаў займаў даволі высокую айцішную пасаду, паведамляе Наша Нiва.
Максіму Рэмезаву 43 гады. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на сеткавага інжынера. Пачынаў кар'еру на Мінскім электрамеханічным заводзе. Пасля працаваў праграмістам у розных фірмах — IBA і Netland. У 2022-м перайшоў на пасаду System architect у кампанію A1.
Гэта адна з найвышэйшых пасадаў у IT, якую можна параўнаць з галоўным інжынерам на прадпрыемстве. Гэта чалавек, які праектуе IT-інфраструктуру для замоўніка.
Таксама Максім захапляўся бегам. Ён удзельнічаў у аматарскіх чэмпіянатах па марафонскім бегу ў трыятлоне, дзе рэгулярна ўваходзіў у дзясятку найлепшых атлетаў.
Суд над Максімам пачынаецца 31 ліпеня 2024 года. Яго вінавацяць па двух артыкулах — «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-2 КК) і «фінансаванне або іное матэрыяльнае забеспячэнне вайны» (ч. 2 арт. 361-3 КК). Па апошнім звычайна судзяць тых, хто рабіў ахвяраванні на дапамогу Украіне. Пагражае яму ад пяці да дзесяці гадоў калоніі.
Судзіць яго будзе Вікторыя Палішчук. Гэта 34-гадовая суддзя родам з Маладзечна. Яна, напрыклад, прысудзіла тры гады калоніі праўнуку Якуба Коласа Мікіту Брую і тры з паловай гады выкладчыцы Наталлі Дулінай.