Адвакат: «Калі казаць пра маці з дзецьмі, вельмі цікава, ці закране гэты працэс Паліну Шарэнда-Панасюк альбо Вольгу Залатар?»

Прэзідэнт Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека — пра амністыю.

Марыя Колесава-Гудзіліна

— Першая амністыя пасля 2020 года, якую падпісаў Лукашэнка ў 2022 годзе, пачала працаваць у 2023-м, — нагадала Марыя Колесава-Гудзіліна на Свабода Premium. — З таго, што адбылося і што ён кажа зараз, ніякіх асаблівасцяў не чакаем.

Усё тыповае: пра жанчын з дзецьмі, шматдзетных, людзей з інваліднасцю, анкалагічна хворых і г. д.

Шмат палітзняволеных трапляе пад пералічаныя пункты і з гуманітарнага пункту гледжання вызваліць іх было б правільным крокам.

Але ці маецца ў гэты раз нейкі іншы падыход, я пакуль не ведаю.

Бо як паказвае практыка, памілаванне — гэта такі палітычны крок, які робяць насустрач нейкім бенефітам. Пакуль мы не бачым гэтыя бенефіты.

Напэўна амністыя не будзе тычыцца тых, хто атрымаў вялікія тэрміны, той жа Ціханоўскі ці Бабарыка, напрыклад. А вось калі казаць пра маці з дзецьмі, вельмі цікава, ці закране гэты працэс Паліну Шарэнда-Панасюк альбо Вольгу Залатар, да прыкладу?

Наогул у нас шмат палітзняволеных маюць хранічныя хваробы. Ёсць палітычныя зняволеныя, якія маюць эканамічныя ці іншыя «не палітычныя» артыкулы. Ці трапяць яны ў гэтую амністыю, таксама невядома. Пакуль няма ніякай канкрэтыкі.

Цікава, што ў спісе тых, хто падлягае амністыі, ёсць ветэраны баявых дзеянняў, якія праходзілі на тэрыторыі іншых краін.

Раней, калі ўзгадвалі такую катэгорыю людзей, заўсёды ўдакладнялі краіну, Афганістан ці іншыя. А зараз так расплывіста. Відаць, таму, што некаторыя беларусы ваююць на баку Расіі.

Юрыстка адзначыла, што амністыя не гасіць судзімасць. Гэта значыць, што людзі, якіх вызваляць, застануцца пад наглядам да сканчэння тэрміну пакарання.

— Над імі ажыццяўляецца прэвентыўны нагляд. Амніставаныя павінны хадзіць адзначацца да інспекцыі. Ім таксама будуць прапісаны ўмовы з тлумачэннямі, што можна рабіць, што нельга, куды можна хадзіць, куды не.

Іх могуць правяраць у любы час. І сярод тых, хто вызваліўся, не павінна быць тых, хто не працуе.

Карацей, «вялікі брат» не пакідае ў спакоі, пакуль судзімасць не будзе пагашана, — кажа адвакатка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.3(6)