Профсоюзы

«Аддала больш за 24 гады Інстытуту генэтыкі». Незалежны прафсаюз заявіў пра звальненьні ягоных сябраў у Акадэміі навук

У Радзе СПБ ёсьць аўдыёзапіс адной з такіх гутарак з заклікам падпісаць заяву па пагадненьні бакоў, інакш супарцоўнік будзе звольнены па артыкуле, пiша Радыё Свабода.

Свабодны прафсаюз Беларускі паведаміў пра спробу звольніць ягоных сябраў у Інстытуце генэтыкі і цыталёгіі Нацыянальнай акадэміі навук.

«Сьпісы сябраў прафсаюзу трапілі ў рукі супрацоўнікаў міліцыі раней у часе ператрусу ў старшыні пярвічкі, і, відавочна, былі перададзеныя адміністрацыі інстытуту. На сёньняшні дзень вядома аб чатырох практычна адначасова вымушаных да звальненьня па дамове бакоў сябрах СПБ.

Гэта старшыня пярвічкі СПБ Ксенія Панцялей, казначэй Аляксандра Носава, кантралёр-рэвізор Ілона Сахарута, сябра СПБ Марына Багданава, кандыдат біялягічных навук. Кожнага супрацоўніка заўзятыя адміністратары выклікалі індывідуальна ў кабінэт і падсоўвалі на подпіс ужо надрукаваны тэкст заявы і загад аб звальненьні па дамове бакоў.

Яшчэ аднаго сябра прафсаюза апавясьцілі пра непрацяг кантакту з 13 верасьня (Алена Аксёнава), а Марына Шаптурэнка будзе звольненая па пагадненьні бакоў з 13 жніўня», — паведамілі ў СПБ.

У Радзе СПБ ёсьць аўдыёзапіс адной з такіх гутарак з заклікам падпісаць заяву па пагадненьні бакоў, інакш супарцоўнік будзе звольнены па артыкуле.

«Я аддала больш за 24 гады Інстытуту генэтыкі і лічыла гэта сваім пакліканьнем. Тут я прайшла свой навуковы шлях ад асьпіранта да доктара навук, да гэтай самай кропкі, калі стала відавочным, што прафэсіяналізм, вольнае мысьленьне і прыстойнасьць не ўяўляюць каштоўнасьці для сыстэмы. Мой апошні дзень працы ў Інстытуце 13 жніўня.

Я ня ведаю, як зробіць адміністрацыя і для мяне цяпер гэта не мае ніякага значэньня. Вядучага інстытуту біялягічнага адзьдзяленьня навук для мяне больш не існуе, таму што там ужо няма шматлікіх маіх калегаў, а іншыя ў сьпісе на звальненьне», — заявіла Марына Шаптурэнка.

Раней, адразу пасьля 9 жніўня 2020 году, з Інстытуту генэтыкі і цыталёгіі былі звольненыя трое супрацоўнікаў за ўдзел у пратэстах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(24)