Общество

20% беларусаў лічаць бел-чырвона-белы сцяг нацыянальным, а Ядвігу Паплаўскую прызналі лепшай беларускай артысткай

Сацыялагічнае даследаванне, якое было праведзена ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!», прынесла неадназначныя вынікі. Высветлілася, што палова беларусаў лічыць сябе прадстаўнікамі трыадзінай славянскай нацыі, а Ядвігу Паплаўскую можна лічыць найлепшай сучаснай артысткай.

Сацыялагічнае даследаванне «Чым нам ганарыцца: гістарычная памяць, нацыянальныя героі і брэнды вачыма сучасных беларусаў» па замове агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» правялі лабараторыя « НовАК» і Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (Літва).

Як аказался, беларусамі як асобнай нацыяй з асобнай гісторыяй і культурай лічаць сябе 51,8%, аднак 41,9% прытрымліваюцца думкі, што ўваходзяць у склад трыадзінай славянскай нацыі: беларусы, украінцы, рускія.

Крыніцай паходжання беларускай дзяржаўнасці для большасці сучасных беларусаў з’яўляецца ВКЛ (38,1%), Полацкае і Тураўскае княства і БССР «набралі» адпаведна 17,7% і 12,4%, што значна пераважае адказы «Рэспубліка Беларусь» (9,2 %) і «БНР» (5 %).

Галоўным нацыянальным святам для 56,9% рэспандэнтаў апынулася 3 ліпеня, а для 21,8% – 9 мая. Зусім малая частка адзначыла, што галоўнае свята – гэта Новы год (4,5%) і 25 сакавіка (1,2%).

Што да нацыянальнай сімволікі, то 72,6% адказаў прыйшлося на чырвона-зялёны сцяг і герб РБ, 7,7% – на бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоню», але «абодва ў роўнай ступені» адказалі 11,2%. Зусім не ведаюць і не вызначаюць для сябе нацыянальнай сімволікі Беларусі 8,2% апытаных.

У першую чаргу лічыць сябе беларусам, на думку рэспандэнтаў, можа той, хто «выхаваны на беларускай культуры і лічыць яе сваёю», – так адказалі 41,3%, той, чые «бацькі беларусы» (34,1 %), «той, хто любіць Беларусь» (33,9%), што значна перавышае варыянт «той, хто мае беларускае грамадзянства», як упэўненыя толькі 11,5%.

Архітэктурнымі сімваламі Беларусі суайчыннікі абралі Мірскі замак (17,7%) і Брэсцкую вежу (9,5%), пра Нацыянальную бібліятэку ўзгадалі ўсяго 5,7%.

Найлепшым творам беларускага аўтара большасць лічыць «Людзей на балоце» Івана Мележа. Але найлепшымі пісьменнікамі сталі Якуб Колас (28,2%) і Янка Купала (26,7%).

Паплаўская (8%) абагнала Ціхановіча (7,9%) і Дарафееву (7,6%) як найлепшая сучасная артыстка. Пры гэтым 34, 6% наогул не цікавяцца беларускай эстрадай і не змаглі назваць ніводнага імені. Лідэрамі па няведанні беларускай эстрады апынуліся Мінск і Гомель.

Найлепшым гуртом, як сведчыць апытанне, з’яўляюцца «Песняры», якія набралі 39,8%. Пры гэтым, здавалася б, такі папулярны гурт як «Ляпис Трубецкой» набраў усяго 3,9%.

Самымі папулярнымі гістарычнымі дзеячамі сталі Францыск Скарына (24,9%), Пётр Машэраў (12,7%), Кастусь Каліноўскі (7,1%) і Ефрасіння Полацкая 4,1%.

Кампанію «Будзьма беларусамі!» ведае 6% рэспандэнтаў, што сведчыць аб сур’ёзнай папулярнасці, якую ўсяго за год, без магчымасці трапіць на тэлебачанне, набыла кампанія.

Як падсумавалі арганізатары даследавання, у сучасным беларускім грамадстве адбылася «дэсаветызацыя» гістарычнага светапогляду. Яго можна назваць «пераходны вакуум» – гэта значыць адыход старых савецкіх сімвалаў, герояў, ідэяў, але неафармленне новых.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)