Общество

17 верасня пачынаецца інфармацыйная кампанія #FreeViasna

Мэта кампаніі – расказаць людзям па ўсім свеце пра катастрофу з правамі чалавека ў Беларусі на прыкладзе зняволеных «вясноўцаў».

17 верасня распачынаецца міжнародная кампанія салідарнасці ў падтрымку зняволеных праваабаронцаў «Вясны» — #FreeViasna.

Гэтая дата абраная не выпадкова: 17 верасня 2020 года па дарозе дадому з урачыстага ўручэння прэміі імя Яна Карскага была затрыманая прадстаўніца «Вясны» Марфа Рабкова.

На працягу году ціск на праваабаронцаў толькі ўзмацняўся: было ўзбуджана некалькі крымінальных спраў, праводзіліся шматлікія вобшукі, сябраў «Вясны» затрымлівалі, а некаторых пры гэтым збівалі, выклікалі на допыты нават тых, хто даўно не мае дачынення да дзейнасці арганізацыі.

На дадзены момант за кратамі знаходзіцца сем «вясноўцаў»:

- старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі;

- намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч;

- каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч;

- каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова;

- кіраўнік Гомельскага аддзялення «Вясны» Леанід Судаленка;

- валанцёрка з Рэчыцы Таццяна Ласіца;

- валанцёр з Мінску Андрэй Чапюк.

Шмат год яны дапамагалі людзям у адстойванні і абароне іх правоў і грамадскіх інтарэсаў, аналізавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, рыхтавалі і падавалі скаргі і справаздачы ў ААН, прымалі ўдзел у яе сесіях, выпрацоўвалі рэкамендацыі да ўладаў Беларусі, падтрымлівалі стасункі з праваабарончымі арганізацыямі ўсяго свету, атрымоўвалі прэстыжныя ўзнагародны за сваю дзейнасці. А цяпер – салідарнасць і падтрымка патрэбная ім самім.

Пра тое, як можна падтрымаць беларускіх праваабаронцаў, чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(31)