Общество

10 год часопісу CD / “Студэнцкая Думка”

10 год таму беларускі мэдыя-ляндшафт зьмяніўся назаўжды. 13 красавіка 1999 г. Мінінфармацыі РБ зарэгістравала незалежны моладзевы часопіс CD / “Студэнцкая Думка”. Задоўга да эпохі татальнай кампутарызацыі і youtube стваральнікі адзінага ў краіне выданьня з канцэпцыяй “шэрага глянцу” штомесяца распаўсюджвалі вірус непрыкрытага індывідуалізму і здаровай правакацыі.

Без мабіл, узброеныя стужкавымі фотаапаратамі і касэтнымі дыктафонамі, яны лезьлі ва ўсе дзіркі моладзевага андэграўнду і адкопвалі яшчэ нікому не вядомыя фэйсы, месцы і трэнды. У пошуках скандальнага і незвычайнага яны не тармазілі перад зачыненымі дзьвярыма рэктаратаў і паталягічнай млявасьцю. Іх цікавіла ўсё, што выбівалася за межы набіўшага аскоміну “нармальнага”. Фрыкі і маргіналы былі іх галоўнымі героямі. Тыя, хто, як і часопіс, не баяўся быць непадобным да іншых.

Калі не хапала існуючых словаў для вызначэньня сучасных фэномэнаў, яны прыдумлялі новыя. Няважна, што часам словатворы кшталту “цішотка” былі малазразумелымі, затое CD, па вызначэньні аднаго з крытыкаў, “пісала такой sexy беларускай мовай, што на ёй адразу хацелася пачаць размаўляць”.

Яны насьлядзілі ў гісторыі так, што і цяпер, праз чатыры гады пасьля таямнічай канфіскацыі апошняга друкаванага нумару CD (беларускія “штазі” даводзілі, што мэгэзін быў надрукаваны “атручанай фарбай”), пра яго кажуць як пра жывы.

У знак павагі і дзеля аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці, мультымэдыя часопіс “34” сабраў найбольш поўны pdf-архіў часопісу CD / “Студэнцкая Думка”. Архіў будзе папаўняцца. Гартай, чытай ды настальгіруй тут: //34mag.net/cdmagazine

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)