Скандалы

У Брэсце затрымлівалі экс-мэра Рагачука і губернатара Шулейку

Як стала вядома Нашай Ніве, ліпкі настрой страху і перадчування горшага распаўзаецца па будынках органаў дзяржкіравання ў Брэсце. Нават губернатар Юрый Шулейка страціў пакой і знайшоў сябе ў ролі амаль што падследнага.

Брэст, пешаходная вуліца

Што там канкрэтна адбываецца, яснасці няма. Журналiсты выдання ведаюць толькі абрысы гісторыі, якая пачалася ў лютым з затрымання Валянціна Зайчука, першага намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама.

Як кажуць суразмоўцы «Нашай Нівы», Зайчука ўзялі на адносна сціплым хабары. Што забаўна — кажуць, што грошы ён узяў расійскімі рублямі.

— Але сума не мае значэння. У нас затрымліваюць тады, калі органы ўжо назбіралі інфармацыю, што чыноўнік вырашае пытанні за грошы. І калі Лукашэнка падпіша згоду на арышт, то не мае значэння, на якой суме чыноўнікаў возьмуць.

Маецца на ўвазе, што органам насамрэч вядома пра большую колькасць эпізодаў, — расказвае логіку суразмоўца, які хадзіў аднымі калідорамі з актыўнымі фігурантамі цяперашняй гісторыі.

Пасля затрымання Зайчука праблемы пачаліся ў ягоных былых калег.

Суразмоўцы «Нашай Нівы» кажуць, што многія супрацоўнікі аблвыканкама ходзяць на допыты як на работу. Некаторыя «знікаюць». Некаторыя — аб'яўляюцца пасля знікнення.

Так было, напрыклад, з былым кіраўніком Брэста Аляксандрам Рагачуком.

Па словах двух інфармаваных суразмоўцаў, Рагачука выклікалі ў органы, дзе ён і знік мінімум на суткі — ацэнкі канкрэтнага часу, які экс-чыноўнік правёў у засценках, разыходзяцца.

Калі аналізаваць публікацыі ў тэлеграм-канале былога мэра, то яго затрымлівалі або на суткі паміж 1 і 2 сакавіка, або ў канцы лютага. Аднак пасля кароткага затрымання Рагачуку нібыта не выстаўлялі абвінавачванняў.

У падобнай сітуацыі знаходзіцца і непасрэдны начальнік Валянціна Зайчука, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка. Суразмоўцы выдання звяртаюць увагу, што губернатар Брэсцкай вобласці прайшоў праз камунікацыю з органамі «па схеме Рагачука», толькі трошку раней.

Шулейка застаецца не толькі на волі, але і пры пасадзе. Прынамсі, пакуль што.

Юрый Шулейка

Імёны больш дробных фігур гэтай гісторыі нам пакуль невядомыя. Вядома, што сярод іх ёсць камерсанты.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)