История

Андрэй Кныш

«Тут зямля такая»: Маладзечна. Сем фактаў пра горад, які выжыў у спусташальных войнах

16 снежня споўнiлася 635 год з дня першай пісьмовай узгадкі пра Маладзечна. З гэтай нагоды прапануем вашай увазе колькі цікавых фактаў пра гэты горад.

Фота: vetliva.by

Адкуль пайшла назва Маладзечна

Пра паходжанне назвы ёсць некалькі версій. Асноўная з іх кажа пра раку Маладзечанку, на беразе якой і паўстала ў свой час паселішча. Назва самой ракі, імаверна, мае балцкія карані. Што не дзіўна, бо гэтая мясцовасць калісьці стала мяжой паміж тэрыторыяй, заселенай балцкімі плямёнамі і землямі, на якіх пасяліліся крывічы.

Ёсць і больш экзатычная версія, якая сцвярджае пра датычнасць да з’яўлення назвы горада расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ. Але сама царыца нарадзілася на колькі стагоддзяў пазней за з’яўленне беларускага паселішча. 

Першая пісьмовая ўзгадка

У пісьмовых крыніцах Маладзечна ўпершыню згадваецца ў грамаце Ноўгарад-Северскага князя Дзмітрыя Альгердавіча, у якой ён прысягаў на вернасць вялікаму князю літоўскаму і каралю польскаму Ягайлу.

Па адной з версій, тая грамата была падпісаная ў маладзечанскім замку.

Зрэшты, дата 16 снежня 1388 года мала што кажа пра сапраўдны ўзрост Маладзечна. Археалагічныя знаходкі сведчаць пра існаванне на гэтых землях плямёнаў культуры шнуравой керамікі, якія жылі тут яшчэ ў бронзавым веку.

Ад Люблінскай уніі да напалеонаўскай вайны

Маладзечна неаднойчы рабілася сведкам ці непасрэдным удзельнікам гістарычных падзей. Так, у 1567 годзе тут ладзіліся перамовы прадстаўнікоў Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага наконт ўмоў падпісання Люблінскай уніі.

У 1812-м тут спыняўся Напалеон, чые войскі пасля разгрома на Бярэзіне адступалі на захад. У тыя дні расійскія войскі спалілі Маладзечна. Сёння ж прарасійскія пісакі патрабуюць ганарыцца ўчынкам «вызваліцеляў».

У пажарах войнаў

Фота: molodechno.net

Маладзечна, як і большасць іншых беларускіх паселішчаў, неаднойчы цярпела ад захопніцкіх войнаў. У выніку напалеонаўскай кампаніі 1812-га і Другой сусветнай вайны насельніцтва горада скарачалася ўдвая.

Зрэшты, у нашы дні Маладзечна без ніякіх войнаў на вачах губляе сваіх насельнікаў. За апошнія трыццаць гадоў горад страціў удвая больш жыхароў, чым за гады апошняй вялікай вайны.

Бурлівае ХХ стагоддзе

Сёння нам падаецца, што мы перажываем не самы просты час, што свет змяняецца на нашых вачах. А цяпер давайце ўявім, што перажылі жыхары Маладзечна і яго ваколіцаў цягам мінулага стагоддзя. І для гэтага проста палічым, колькі разоў тут змянялася ўлада.

Расійскі царызм — бальшавікі — немцы — БНР — бальшавікі — палякі — БССР — немцы — БССР — незалежная Беларусь. Дзесяць зменаў удады цягам сотні гадоў.

Маладзечанская вобласць

Фота: з фондаў МВЦ горада Находка (РФ)/molodechno.net

Так, калі хто не ведаў, ці забыў, сучасная Беларусь не заўсёды складалася з шасці абласцей. З верасня 1944-га па студзень 1960-га Маладзечна было цэнтрам вобласці.

У часы СССР наша краіна мела таксама Бабруйскую, Баранавіцкую, Палескую, Пінскую і Полацкую вобласці. А да перадачы Польшчы заходніх земляў — і Беластоцкую.

Горад новага Адраджэння

У пачатку 1990-х, з атрыманнем Беларуссю незалежнасці, Маладзечна стала адзіным горадам краіны, чые цэнтральныя вуліцы пазбавіліся каланіяльных назваў. Праспект Леніна пераўтварыўся ў Вялікі Гасцінец, праспект 60 год Кастрычніка стаў праспектам Скарыны, а вуліца Савецкая, якая дагэтуль ёсць у большасці нашых гарадоў, ад таго часу завецца Віленскай. Плошчу Леніна пачалі называць Цэнтральнай.

Шмат у чым гэта стала магчымым дзякуючы высілкам першага незалежнага кіраўніка гарвыканкама Генадзя Карпенкі.

У сакавіку 1993-га на цэнтральнай плошчы горада ўрачыста адкрылі помнік «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі». Акурат насупраць помніку Леніну, які стаіць тут дагэтуль.

Пры Лукашэнку памятны камень перанеслі ў парк, пры гэтым здарыўся сімвалічны момант: помнік разваліўся на дзве часткі.

Фота: kraj.by

З 1993-га ў горадзе ладзіцца Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі.

Мясцовы краязнаўца і актывіст Алесь Капуцкі так тлумачыць феномен сучаснага Маладзечна:

—  Гэта гістарычная Віленшчына. Народ такі. Хоць было шмат прыезджых, якія працавалі на саюзных заводах. Але яшчэ тады было заўважна, што прыезджыя рускія ды ўкраінцы асімілёўваліся. Няхай не моўна, але ментальна. Сярод прыезджых пасля былі людзі, якія балатаваліся ў дэпутаты, падтрымлівалі нацыянальныя ініцыятывы.

Заходнебеларуская традыцыя захоўвалася, спрыяла. Шмат нацыянальнай інтэлігенцыі: Генадзь Каханоўскі, Мікола Ермаловіч, мастакі Кастусь Харашэвіч, Юры Герасіменка-Жызнеўскі, Ядзвіга Радзялоўская, з музыкаў Юра Церабун, Рыгор Сарока. Тут зямля такая. Па-іншаму не магу патлумачыць. 

І гэтае тлумачэнне дае надзею, што не толькі Маладзечна, але і ўся Беларусь дачакаецца свайго новага Адраджэння.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(25)