Навумчык: «А можа быць, «предатели» ў часе акупацыі знаходзіліся не ў захопленых немцамі беларускіх гарадах і вёсках, а ў маскоўскім Крамлі?»

Палітычны аглядальнік — пра цынічныя словы Лукашэнкі.

— Штогод 9 мая мы бачым нейкае вар’яцтва, у якім ня ведаеш чаго болей — абыякавасьці да народнай трагедыі, хайпу ці ашаламляльнай безгустоўнасьці. — піша Сяргей Навумчык.

Цяпер Лукашэнка зрабіў новы крок у цынічнай інтэрпрэтацыі вайны: «Мы помним наших солдат и офицеров, белорусских партизан и подпольщиков, женщин, взявших в руки оружие. Всех, кто не выбирал между виселицей и вражеской милостью и умирал героем, но не предателем».

Няма сумневу, пад «предателями» маюцца на ўвазе тыя, хто, застаўшыся на акупаванай тэрыторыі, не пайшоў у партызаны ці падпольшчыкі, ня ўзяў у рукі зброю. А такіх былі мільёны.

Сяргей Навумчык

Мая маці засталася сіратой у пяць гадоў — яе маці загінула ў першыя дні вайны пад Магілёвам, бацька быў ужо мабілізаваны. Былі яшчэ дзьве малодшыя сястры. У школу яна пайшла пры немцах. Відаць, не павінна была ісьці, трэба было заставацца непісьменнай — бо настаўнікі ня «выбрали виселицу».

Акрамя настаўнікаў, на акупаванай тэрыторыі былі тыя, хто пёк хлеб (бо людзям трэба было есьці), хто лячыў (бо людзі, здараецца, хварэюць). Усе яны, па Лукашэнку, выбралі «вражескую милость», а значыць — «предатели»

А можа быць, «предатели» ў часе акупацыі знаходзіліся якраз не ў захопленых немцамі беларускіх гарадах і вёсках, а ў маскоўскім Крамлі? Тыя самыя, хто ня здолеў забясьпечыць абарону 10-мільённага насельніцтва Беларусі — праз два дзесяцігодзьдзі пасьля таго, як патапіў ў крыві, фактычна захапіў Беларускую Народную Рэспубліку?

Калі сыходзіць з прыярытэту не сфальшаванай, а сапраўднай нацыянальнай гісторыі, ды і элемэнтарнай логікі — атрымліваецца менавіта гэтак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(211)