Филин

Юлія Кот

Коршунаў: «Спадзеў калі не на спыненне рэпрэсій, то хаця б на запавольванне іх росту, не спраўдзіўся»

Аналітыкі Цэнтра новых ідэй прадставілі новую частку даследавання «Барометр рэпрэсій у Беларусі». Расказваем, што ў ім галоўнае і ці варта чакаць запавольвання карнага механізму.

У вачах улады грамадства працягвае быць варожым аб’ектам, а салідарнасць — з’явай, якую неабходна знішчыць. Прычым у небяспецы знаходзяцца не толькі прыхільнікі перамен, але і ўсе, хто мае кантакт, ці сваяцкія сувязі, ці наогул якое-небудзь іншае дачыненне да прадэмакратычных беларусаў.

Такія высновы агучыў сацыёлаг Генадзь Коршунаў, старшы даследчык Цэнтра новых ідэй, прааналізаваўшы стан спраў у 1 квартале 2024 года ў новым выпуску «Барометра рэпрэсій у Беларусі».

Як змяніліся карныя практыкі рэжыму за гэты час і ці захавалася ўмоўнае «плато рэпрэсій», пра якое ішла гаворка раней? Филин вымушаны канстатаваць: змен да лепшага не адбылося.

З пачатку 2024 года, зазначае Генадзь Коршунаў, асабліва адчувальнае пагаршэнне сітуацыі адбылося за кратамі, для палітвязняў. Падрабязнасці ўтрымання зняволеных па палітычных матывах утойваюцца ад шырокай грамадскасці, а тым больш ад праваабаронцаў. Але нават тыя звесткі, якія ўсё ж робяцца дасяжнымі, дазваляюць зразумець: ціск на вязняў не змяншаецца, а ўмовы іх утрымання пагаршаюцца. Прычым, імаверна, гэтае пагаршэнне мае мэтанакіраваны характар.

Генадзь Коршунаў

— Сярод «улюбёных» мераў уздзеяння адміністрацыі — рэгулярныя дысцыплінарныя спагнанні (ШІЗА, карцар для «палітычных»), рэжым інкамунікада, адмова ў медычнай дапамозе.

Вось толькі адна страшная лічба: трое з шасці палітвязняў, якія пасля 2020 года памерлі за кратамі, загінулі ў гэтым годзе. Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандр Кулініч. І як мінімум 250 вязняў, аб якіх вядома праваабаронцам, будучы асабліва ўразлівымі праз стан здароўя, проста цяпер працягваюць знаходзіцца ў няволі.

І як здзеклівы адказ уладаў на роспач грамадскасці — нядаўняя «грамадская назіральная камісія» ў калоніі для жанчын-рэцыдывістак у Зарэччы (якая вядомая цяжкімі ўмовамі ўтрымання і дзе ўтрымліваюцца палітзняволеныя Паліна Шарэнда-Панасюк, Вікторыя Кульша, Алена Гнаук і Алена Маўшук) праблем не выявіла.

— Нават калі б у гэтай камісіі былі сапраўды чэсныя, незалежныя чальцы, людзі з самымі добрымі намерамі нічога не маглі б зрабіць, — дадае старшыня арганізацыі «Прававая ініцыятыва» Вікторыя Фёдарава.

На сістэмным узроўні, заканадаўча, члены грамадскай камісіі не маюць права без прысутнасці супрацоўніка калоніі размаўляць са зняволенымі, — відавочна, ніякай праўдзівай інфармацыі не атрымаюць. Яны не могуць наведваць ШІЗА, здымаць на відэа, фатаграфаваць, не могуць нават прыехаць без папярэджання. Па выніку, гэта выглядае як экскурсійны тур, дзе членаў грамадскай камісіі проста частуюць супам, кампотам ды піражкамі… Таму неабходна разумець, што збор інфармацыі ў цяперашніх умовах вельмі абмежаваны.

Яшчэ адна сфера, дзе рэпрэсіўны каток не сцішвае ход — зачыстка грамадзянскай супольнасці.

— Працягваецца знішчэнне НДА: за квартал (сама)ліквідавана 92 структуры, агулам з 2020 года знішчана больш за 1600 арганізацый трэцяга сектару, — зазначае Генадзь Коршунаў.

З іншых негатыўных трэндаў па ўзмацненні кантролю сацыёлаг адзначыў працяг дэманстратыўнай мілітарызацыі (пашырэнне правоў сілавікоў, з’яўленне новых сілавых падраздзяленняў, «ахова» ВНС і «адзінага дня галасавання»), а таксама развіццё сістэмы сачэння за грамадзянамі — як анлайн, з супердоступам сілавікоў да баз даных, так і афлайн, з павелічэннем камер сачэння (за апошнія чатыры гады іх колькасць узрасла больш як у 30 разоў!). Такім чынам, таталітарныя практыкі досыць хутка і ўпэўнена ўкараняюцца ў жыццё беларусаў.

За даследаваны перыяд, дадае аналітык, яшчэ больш выразнай і вострай стала дэмаркацыя, падзел на «сваіх-чужых», які культывуюць улады: «нелаяльных» беларусаў пераследуюць групамі і паасобку, незалежныя медыя працягваюць «выціскаць» з інфапрасторы, спецслужбы спрабуюць вербаваць і дыскрэдытаваць прадстаўнікоў дыяспары беларусаў у іншых краінах.

— Адбылася адна з самых маштабных за апошнія гады атак на інфраструктуру салідарнасці, — нагадвае аналітык, — па «справе INeedHelpBy», па розных звестках, пад  пераслед трапілі ад 300 да 700 чалавек. Моцным ударам стала хваля рэпрэсій супраць актывістаў, якім інкрымінавалася супраца з праваабаронцамі. І не так прынцыпова, ці была насамрэч гэтая супраца. Важна падкрэсліць, што працягваецца крыміналізацыя любых сувязяў паміж рознымі часткамі беларускага грамадства.

Крыху знізілася інтэнсіўнасць выкарыстання «тэрарыстычнага» спісу. За апошні квартал у яго трапілі толькі 24 чалавекі, гэта найменшы паказчык за 5 кварталаў. А вось «экстрэмістамі» ўлады працягваюць прызнаваць у сярэднім каля 100 чалавек штомесяц, хоць назіраецца пэўнае змяншэнне прыросту.

І гэта, як ні сумна, адзіная добрая навіна ў практыках запалохвання. Мінулы квартал аналітык называе рэкордным па «хапунах» за амаль 1,5 гады, таксама не змяншаецца інтэнсіўнасць прыросту «экстрэмісцкіх матэрыялаў», затрыманняў па палітычных матывах, вырасла колькасць адміністратыўных судовых рашэнняў.

— На жаль, мы бачым трэнд на ўзмацненне крымінальнага пераследу беларусаў, — канстатуе Генадзь Коршунаў. — Па абсалютнай большасці рэпрэсіўных паказнікаў адбылося падвышэнне. Спадзеў калі не на спыненне рэпрэсій, то хаця б на запавольванне іх росту, не спраўдзіўся.

Пры тым важна помніць: усе звесткі браліся з адкрытых крыніц. Значыць, гаворка ідзе пра мінімальныя паказчыкі, у рэальнасці лічбы палітычнага пераследу і маштабу рэпрэсій могуць быць нашмат большымі.

Филин папрасіў аналітыка ацаніць перспектывы: цяпер пра запавольванне рэпрэсій гаворкі не ідзе, ці можна меркаваць, што тэмп не знізіцца і да выбараў 2025 года?

— Прагноз не вельмі аптымістычны, — гаворыць Генадзь Коршунаў. —  Калі глядзець на дынаміку, калі пачаўся ўздым і паскарэнне рэпрэсій, яно прыпадае плюс-мінус на пачатак электаральнай кампаніі. Яна зараз у Беларусі расцягнутая ад «адзінага дня галасавання» да прэзідэнцкіх выбараў, і, думаю, як мінімум да канца кампаніі мы не можам, на жаль, чакаць паляпшэння ў гэтым напрамку.

Рэпрэсіі выходзяць на такі ўзровень, што гэта робіцца самой сутнасцю той сістэмы, якую выбудоўвае Лукашэнка — ва ўсіх сферах. Складваецца адчуванне, што ў нас будуецца лічбавы аўтарытарызм, ад якога будзе адзін крок да таталітарнай дзяржавы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(9)