Истоки

Багдана Паўлоўская

Класкоўскі: «Здаваўся сялянскім Робін Гудам, хаця насамрэч быў проста таленавітым папулістам»

На якіх слабасцях насельніцтва згуляў Лукашэнка і ці быў у нас шанец перамагчы ў 2020 годзе.

У межах спецпраекта Вытокі «Салідарнасць» аналізуе беларускі нацыянальны характар і спрабуе знайсці адказы на пытанні, хто такія беларусы, чым мы адрозніваемся ад іншых і які лёс чакае нашу нацыю. Наш сённяшні суразмоўца — палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва Позірк Аляксандр Класкоўскі.

У першай частцы інтэрв’ю мы пагаварылі пра тое, як панаванне рэжыму Лукашэнкі ператвараецца ў нацыянальную трагедыю і за кошт чаго беларусы добра ўпішуцца ў Еўразвяз.

Аляксандр Класкоўскі

— Калі паглядзець на гісторыю, то можна заўважыць, што ў нас ва ўладзе было вельмі мала аўтакратаў. Як тады так здарылася, што, атрымаўшы магчымасць выбіраць самастойна, беларусы 1994-м прагаласавалі за дыктатара, стварыўшы сабе праблему на дзясяткі гадоў? У які час матрыца дала збой?

— Па-першае, ставала аўтакратаў, тыранаў і дэспатаў у беларускай гісторыі, напрыклад, падчас панавання расійскага царызму, калі тапілі ў крыві паўстанні нашых продкаў. Ці тая ж сталінская эпоха. Іншая рэч, што тады беларусы не маглі абіраць сабе ўладу. Тое была чужая ўлада. І гэтая адсутнасць электаральнага досведу, на жаль, потым адбілася на сюжэце першых болей-меней свабодных выбараў у Беларусі ў 1994 годзе.

Па-другое, самае крыўднае, што абіралі ж беларусы не дыктатара, яны абіралі «Сашку», як тады многія яго называлі. Ішлі прамыя трансляцыі з Авальнай залы Вярхоўнага савета, і людзі бачылі гэтага прасцецкага хлопца з вёскі, які рэжа праўду-матку, хоча, маўляў, перамагчы мафію пры ўладзе.

Ён здаваўся такім сялянскім Робін Гудам, хаця насамрэч быў проста таленавітым папулістам.

І бяда была ў тым, што беларусы ў сваёй масе не мелі тады палітычнага досведу і дастатковага ўзроўню нацыянальнай самасвядомасці.

Сваю ролю таксама адыграў і гаспадарчы развал. Звычайныя людзі заўсёды найперш думаюць, каб лядоўня была поўная, каб дзеці былі адзетыя-абутыя, і Лукашэнка, які паабяцаў вярнуць «светлую мінуўшчыну», менавіта на гэтым тады і згуляў.

Першая перадвыбарчая кампанія Аляксандра Лукашэнкі. Фота: Reuters

А потым ён заціснуў гайкі так, што абіраць іншага лідара беларусы ўжо не змаглі. Яны паспрабавалі ў 2020-м, але, на жаль, скончылася ўсё велізарнай трагедыяй, якая працягваецца і па сёння.

— Вы сказалі, што беларусы павяліся на абяцанні светлай мінуўшчыны. А як увогуле паўплываў на нас савецкі час? І ці змаглі мы пазбавіцца ад гэтага следу саветызацыі за часы незалежнасці?

— Увогуле я не прыхільнік мазаць савецкі перыяд адно толькі чорнай фарбай. Як я казаў, менавіта тое, што была створана БССР, спрацавала ў 1991 годзе: Беларусь атрымала незалежнасць, адрозна, напрыклад, ад Татарыі. Ці згадайма перыяд беларусізацыі ў 1920-я гады, адраджэнцаў, якія тады шмат пашчыравалі на ніве беларушчыны. Канешне, многіх з іх пасля расстраляў сталінскі рэжым, але тое, што яны зрабілі тады, адгукаецца і па сённяшні дзень.

Потым, варта адзначыць пасляваенную індустрыялізацыю, урбанізацыю, калі беларусы масава перасяляліся ў гарады — са сваіх цёмных хацін яны заязджалі ў вялікія кватэры з усімі выгодамі. Ды і вёска таксама стала жыць нашмат заможней.

Вось, напрыклад, мае бацькі — дзеці вайны — распавядалі, як у маленстве, юнацтве галадалі. Маці падчас вучобы ў Горацкай акадэміі магла купіць буханку хлеба толькі раз на тыдзень. Рэзала яе на сем кавалачкаў, але не вытрымлівала і з’ядала ўсё за пару дзён.

А ўжо пры канцы 1960-х, у 1970-я гады мае бацькі, жывучы ў вёсцы, мелі і тэлевізар, і халадзільнік, і кубелец з салам, маглі купіць добрыя паліто і дыван на сценку, як тады было модна. Мой дзядзька Косця на трактары «Кіравец» зарабляў вялікія грошы — 350 рублёў на месяц.

То бок пры СССР быў перыяд, калі Беларусь зрабіла вялікі эканамічны, сацыяльны рывок. І гэта дасюль выкарыстоўвае Лукашэнка, калі хваліцца, што мы, маўляў, не растрацілі савецкі патэнцыял. Але ж, прабачце, ён быў створаны не Лукашэнкам, а пакаленнямі беларусаў, іх самаадданай працай.

Беларусь сапраўды была адной з самых развітых рэспублік Савецкага Саюза, што адыграла і сваю адмоўную ролю. Таму што якраз у 1994 годзе, калі панаваў постсавецкі развал, Лукашэнка скарыстаў момант настальгіі па дабрабыце, па заможнасці.

Яшчэ з плюсаў савецкіх часоў можна адзначыць, што і адукацыю беларусы атрымлівалі добрую, і сацыяльныя ліфты ў значнай ступені працавалі. Я сам, напрыклад, хлопец з вёскі, паступіў без усялякага блату на факультэт журналістыкі, а потым прыйшоў працаваць у рэспубліканскую газету, якая мела вялікі наклад. Рэдакцыя падала на мяне заяўку, бо я з ёй шчыльна супрацоўнічаў, часта друкаваўся. А праз некалькі гадоў дарос ўжо да адказнага сакратара газеты.

І нават калі згадаць высокія эшалоны ўлады, дык той жа Генадзь Бураўкін быў за савецкім часам кіраўніком Дзяржтэлерадыё БССР і прасоўваў там беларушчыну. Канешне, у пэўных межах, але ён мог працаваць на беларускую справу. У ЦК КПБ працаваў паэт Сяргей Законнікаў, які падтрымліваў беларускіх творцаў, сябраваў з Васілём Быкавым.

У ЦК КПБ Уладзімір Гілеп — загадчык сектара мастацтва, Сяргей Законнікаў — загадчык сектара мастацкай літаратуры, Генадзь Бураўкін — старшыня дзяржтэлерадыё БССР, Іван Антановіч — загадчык аддзела культуры. Пачатак 1980-х. Фота: з уласнага архіву Сяргея Законнікава, Абажур

Тады селекцыя кадраў была ў пэўнай ступені разумнейшая, чым цяпер, пры Лукашэнку, калі мы бачым, што ў ягоным атачэнні найперш тыя, хто ўмее ліслівіць, а ёсць і ўвогуле яўныя адэпты так званага «русского мира».

Але, канешне, калі казаць увогуле пра савецкі час, то гэта быў і перыяд, на які прыпала вынішчэнне як нацыянальнай эліты, так і простых беларусаў падчас сталінскіх рэпрэсій. Мой прадзед Вацлаў, які падчас калектывізацыі скептычна выказаўся на сходзе пра калгасны лад, быў рэпрэсаваны за «антысавецкую агітацыю» (аналаг цяперашняга «экстрэмізму»), шмат гадоў прабыў у лагерах і на высылцы.

Таксама ішоў працэс паўзучай русіфікацыі. Зрэшты, што тычыцца апошняй, то вешаць усіх сабак на камуністычную сістэму не выпадае, таму што многія беларусы, прыехаўшы ў горад, самі, без аніякага прымусу, адракаліся ад беларускай мовы. Ніхто ім іголкі пад пазногці не заганяў, яны самі, не жадаючы выглядаць, так бы мовіць, «калгаснікамі», пераходзілі на рускую мову.

Гэтая слабая нацыянальная ідэнтычнасць сыграла фатальную ролю пры распадзе СССР. Таму што, адрозна ад жыхароў тагачасных прыбалтыйскіх рэспублік, беларусы не змаглі рашуча адарвацца ад Масквы. І зноў жа, на гэтым згуляў Лукашэнка, калі паставіў кружэлку так званай братняй інтэграцыі.

— Ці наблізіў нас 2020 год у пытанні нацыянальнага будаўніцтва? Бо, так, канешне, спачатку мы бачылі гэты вялікі ўздым, мора бел-чырвона-белых сцягоў, адчувалі нацыянальны гонар і жаданне звацца беларусамі. Але цяпер у краіне адбываюцца жудасныя рэпрэсіі, усё беларускае выціскаецца, кнігі забараняюцца, падручнікі перапісваюцца пад расійскія наратывы.

— Тут трэба глядзець дыялектычна. З аднаго боку, мы сапраўды назіраем жахлівы адкат, рэжым спаўзае ў таталітарызм і сярэднявечча. Тыя ўмовы, у якіх утрымліваюць палітзняволеных, здзекі, якія над імі чыняцца, нагадваюць змрочныя часы, калі дэспаты-манархі трымалі сваіх ворагаў у ямах, цямніцах, каб згнаіць жыўцом.

Але, вяртаючыся да падзей 2020 года, хачу падкрэсліць, што гісторыя не цярпіць умоўнага ладу. Бо інакш можна і пра паўстанне Каліноўскага сказаць, што яно было заўчасным, што той выступ справакаваў жахлівыя рэпрэсіі, вынішчэнне нацыянальнай эліты, паскораную русіфікацыю, — маўляў, рана рвануліся да свабоды.

Але ж мы так не кажам. Бо разумеем, па-першае, што такія гістарычныя падзеі не плануюцца, а адбываюцца пры збегу пэўных чыннікаў, іх нельга механічна перанесці на зручнейшы час. А па-другое — што, нягледзячы на трагізм таго моманту, у гістарычным плане паўстанне Каліноўскага мела і сёння мае вялізарнае значэнне для паўставання беларускага духу, нацыянальнай ідэнтычнасці.

І сёння полк імя Каліноўскага ваюе ва Украіне. А з іншага боку, мы бачым, як ужо точаць зубы лукашысты на вуліцу Каліноўскага ў Мінску і, пэўна, неўзабаве здымуць-такі гэтыя шыльдачкі. То бок іх гэта дапякае, бо яны адчуваюць моц беларускай нацыянальнай ідэі, персаналізаванай у постаці Каліноўскага.

Таму наконт падзей 2020 года можна цяпер фантазіраваць, пастфактум будаваць нейкія схаластычныя мадэлі, як можна было перамагчы, але ў гэтым няма сэнсу. Ды і наўрад ці можна было перамагчы, бо сілы былі няроўныя, паспрабуй тады штурмаваць Палац Незалежнасці — проста мелі б горы трупаў.

Мірнае паўстанне 2020 года было, пэўна, асуджана на паразу. Аднак гэта хоць і драматычны, але таксама важны этап станаўлення нацыі. І гэта, безумоўна, спрацуе ў будучыні.

— Ці можна сказаць, што менавіта фігура Лукашэнкі, які ўсім раптам стаў абрыдлым, кансалідавала нашу нацыю ў 2020 годзе?

— Я б паспрачаўся з тэзай пра кансалідацыю нацыі. Гэта памылка і спрашчэнне, якімі грашаць некаторыя дэмакратычныя лідары, эксплуатуючы формулы кшталту «народ стогне пад ярмом дыктатуры».

Я разумею, што гэта ў пэўнай ступені такі экспартны варыянт, каб тлумачыць заходнім палітыкам, што рэжым і беларускае грамадства — гэта не адно і тое ж. Аднак незалежная сацыялогія паказвае, што насамрэч нацыя расколата, і 2020 год паспрыяў гэтаму расколу яшчэ больш: ядры лукашыстаў і праціўнікаў рэжыму адно аднаго проста ненавідзяць. Некаторыя палітолагі ўвогуле кажуць, што грамадства практычна знаходзіцца ў стане халоднай грамадзянскай вайны.

Насамрэч, думаю, карціна болей складаная. Ёсць вялікая частка умоўных нейтралаў. Гэта людзі, якія патэнцыйна (большасць з іх) за перамены, але цяпер схаваліся ў сваю ракавіну і хочуць проста жыць тут і цяпер, яны стаміліся ад гэтай фрустрацыі.

Так што наперадзе яшчэ вельмі цяжкі і пакутлівы працэс — вось гэтае сшыванне кавалкаў разарванай нацыі.

Пра тое, як сшываць з кавалкаў нацыю і калі для беларусаў можа адкрыцца новае акно магчымасцей пабудаваць сапраўды незалежную дэмакратычную краіну, чытайце ў наступнай частцы інтэрв’ю, якое з’явіцца ў найбліжэйшы час.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(21)