Филин

Юлія Кот

Класкоўскі: «Гуманізм — безумоўна, не «фішка» рэжыму Лукашэнкі»

Палітычны аглядальнік — пра тое, чаму амністыя зноў не закране палітычных зняволеных. І ці варта спадзявацца на масавае памілаванне.

У Беларусі рыхтуецца амністыя, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Законапраект аб ёй будзе разгледжаны ў парламенце прыканцы сакавіка. Але ўжо загадзя вядома, што на знакавых палітвязняў гэтая акцыя не распаўсюдзіцца — яшчэ ў студзені кіраўнік МУС Іван Кубракоў выступіў з прапановай «не прымяняць амністыю да асуджаных за экстрэмізм і тэрарызм».

Іншая справа — памілаванне, прашэнні аб якім разглядаюцца ў індывідуальным парадку. Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла, што той памілаваў 15 чалавек, сярод якіх пераважная большасць — жанчыны і тыя, хто ўчыніў злачынствы ў няпоўнагадовым узросце.

Акрамя таго, намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс зазначыла ў эфіры БТ, што асуджаныя па пратэсных справах могуць разлічваць на памілаванне і што раней такія выпадкі былі: у 2022 годзе, маўляў, іх колькасць складала «77% ад усіх памілаваных». Канкрэтных лічбаў, праўда, чыноўніца не прывяла (нагадаем, у 2023 годзе вядома пра памілаванне толькі двух «палітычных»— Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі).

Пра тое, ці варта давяраць абяцанням уладаў наконт больш шырокага прымянення амністыі да жанчын і няпоўнагадовых і чаму палітвязням узмоцнена намякаюць на шлях да свабоды менавіта праз памілаванне, Филин пагутарыў з палітычным аглядальнікам інфармагенцтва Позірк Аляксандрам Класкоўскім.

— Гуманізм — безумоўна, не «фішка» рэжыму Лукашэнкі, — адзначае аналітык. — Рэпрэсіі пасля 2020 года паказалі, што рэжым становіцца яшчэ болей жорсткім, таму спадзявацца на нейкія шырокія жэсты ў прынцыпе не выпадае.

Лукашэнка калі і выпускаў на свабоду сваіх палітычных праціўнікаў ці ішоў на змякчэнне пакаранняў, то гэта заўжды было момантам палітычнай гульні. А цяпер не тыя ўмовы, каб ён пачынаў зноў гуляць на гэтым полі..

Аляксандр Класкоўскі нагадвае: памілаванне і амністыя — розныя рэчы, хоць іншым разам у побытавай свядомасці іх слаба адрозніваюць. Калі вельмі спрошчана, то амністыя тычыцца пэўных катэгорый асуджаных і зацвярджаецца нарматыўна. Памілаванне ж носіць індывідуальны характар, прымяняецца да канкрэтных асоб.

— Калі казаць менавіта пра амністыю, то ўжо відавочна, што чарговая з іх палітзняволеных не закране. Калі гэта прагаварыў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў — думаю, гэта была не самадзейнасць ведамства, а дзяржаўная лінія, рэчы, узгодненыя на ўзроўні Лукашэнкі.

Што да памілавання — у прынцыпе, у любы момант Лукашэнка можа прыняць такое рашэнне.

Можна згадаць, што летась увосень у адной з ягоных прамоў нават быў даволі выразны намёк, што рэжым можа патаргавацца з палякамі наконт памілавання і вызвалення Анджэя Пачобута.

Магчыма, афіцыйны Мінск звязваў нейкія надзеі з новым польскім урадам і верагоднай зменай палітыкі Варшавы, але ў гэтым плане атрымаўся аблом, таму, на жаль, напэўна, і шансы Пачобута датэрмінова выйсці на свабоду цяпер блізкія да нуля.

Ілюстрацыя: Майкл Скарн / Медыязона

Да таго ж, наколькі можна меркаваць па інфармацыі, што даходзіць з турмы, Пачобут — асоба гордая, прынцыповая, цвёрдая, ён не хоча падпісваць ніякіх папер з «прызнаннем віны». А для рэжыму важна маральна зламаць чалавека — каб ён пасыпаў галаву попелам, адрокся ад ранейшых поглядаў, як гэта адбылося ў выпадку з Раманам Пратасевічам.

Таму магчымасці вызвалення знакавых фігур — а гэта людзі, якія нават за кратамі захоўваюць адданасць сваім прынцыпам і не хочуць станавіцца на калені — на сёння практычна нулявыя.

Зрэшты, аналітык не выключае, што ўлады насамрэч зробяць крокі змякчальнага плану ў дачыненні да жанчын і няпоўнагадовых зняволеных, калі гаворка не ідзе пра палітычныя артыкулы, — «Лукашэнка калі і хоча выглядаць гуманістам, то разлічвае хутчэй на апалітычную публіку, у вачох якой яшчэ спадзяецца набраць нейкія балы».

Аднак зацятыя праціўнікі рэжыму ў кожным разе не ацэняць «гуманістычных» жэстаў, нават калі б той вызваліў частку палітвязняў:

— Лукашэнка разумее, што пратэсная частка грамадства, тыя, хто ненавідзіць гэты рэжым, дабрэйшымі да яго не стануць. Наадварот, вызваленне хаця б некаторых палітзняволеных можа дадаць энергіі і аптымізму тым, хто хоча перамен, з’явяцца думкі: мабыць, рэжым слабее, калі ідзе на такія крокі. І паколькі добрым для сваіх палітычных апанентаў рэжым ужо не будзе, то і гэты чыннік таксама яго стрымлівае ад такога кшталту жэстаў.

Паглыбляючыся ў недалёкую гісторыю, Аляксандр Класкоўскі згадвае: у 2008 годзе правіцель усё ж вызваліў Аляксандра Казуліна, які на той момант быў палітвязнем №1, перад выбарамі 2015-га на волю выйшаў апошні з тагачасных палітвязняў Мікола Статкевіч. Але тады былі прынцыпова іншыя ўмовы, і Лукашэнка стараўся неяк палепшыць стасункі з Захадам, разгойдваючы геапалітычныя арэлі.

З больш свежых прыкладаў можна згадаць вызваленне Наталлі Хершэ (фактычна ў абмен на тое, што амбасадарка Швейцарыі ўручыла правадыру рэжыму даверчыя лісты), вызваленне паліттэхнолага Віталя Шклярава (пасля перамоў з тагачасным дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампео). Але і тады гэта быў ніводнага разу не жэст добрай волі, а выгадны для ўладаў абмен.

— Цяпер, думаю, у Лукашэнкі няма ніякіх надзей на тое, што гэтыя зруйнаваныя дачыненні з Захадам можна аднавіць, — гаворыць эксперт. — Бо ён стаў саўдзельнікам агрэсіі супраць Украіны і не можа выскачыць з гэтай каляіны; а таксама не можа спыніць рэпрэсіі, дазволіць сабе нават умоўную адлігу.

Пасля 2020 года сітуацыя якасна змянілася, цяпер у яго значна меншая база падтрымкі, фактычна рэжым трымаецца толькі на запалохванні. А паколькі Лукашэнка думае пра сваё ўласнае пераабранне ў 2025 годзе, з гэтага гледзішча адкручваць гайкі і дэманстраваць тое, што яму ўяўляецца «гнілым лібералізмам», недарэчы.

Гэта не выключае ўсё ж адзінкавых выпадкаў выхаду палітвязняў з-за кратаў, як у раней згаданых прыкладах. Аднак масавага вызвалення чакаць не выпадае — і ўнутрыпалітычная сітуацыя, і замежнапалітычны кантэкст не спрыяюць таму, каб рэжым ішоў на вызваленне палітычных зняволеных.

Што да намёкаў з адміністрацыі Лукашэнкі на магчымае памілаванне для асуджаных «за пратэсты», у той час як пераслед не спыняецца і нават за лайкі ў сацсетках і мінімальныя данаты беларусы атрымліваюць вялікія тэрміны зняволення, — аналітык не бачыць у гэтым вялікай супярэчнасці:

— Мяркую, гэтае пытанне ў эфіры БТ было зададзенае невыпадкова (наўрад ці ў дзяржаўнай прапагандзе магчымыя экспромты). То-бок, не выключана, што ўлады трымаюць у галаве асобныя кейсы.

Гэта можа быць альбо паказальная «гуманнасць», прапагандысцкі сюжэт, калі чалавек маральна зламаўся, «пакаяўся» і гатовы адрачыся ад сваіх прынцыпаў, нават, можа, кінуць камень у агарод апазіцыі, альбо гандаль з Варшавай ці іншай заходняй сталіцай вакол пэўнай персоны, які ўлады для сябе рэзервуюць.

Але ні ў якім разе гэта не сведчыць пра намер рэжыму змяніць увогуле сваю палітыку. Рэпрэсіі, на жаль, будуць працягвацца, будуць новых людзей саджаць, атмасфера страху і запалохвання будзе нагнятацца, каб не было ніякіх пратэсных настрояў, не тое што выступаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)