Ілля Ясінскі: «Можа, і зараз Давыдзька — «засланы казачок?» Давай, Гена, рубі!»

Колішні акцёр акцёр РТБД, а сёння выкладчык прыватнай школы Стэмбрыдж і суўласнік карчмы 1863, што ў Вільні, расказаў пра цэнзуру ў тэатры, «іншапланецянку» Дрыгу і тое, як людзі помсцілі маці Наталлі Эйсмант пасля 2020 года.

— Цэнзура заўсёды была непрыемная, дробная, нейкая такая месцячковая, — узгадвае ў новым выпуску ТОК былы акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Ілля Ясінскі. — Яны самі не разумелі навошта, проста цэнзура дзеля цэнзуры. Нават не хватала мастацкага густу ці інтэлектуальнасці, каб нешта мяняць. Не тыя людзі, гэта ж чыноўнікі!

Ілля Ясінскі

Ён ўзгадвае, як у 2020 годзе прыйшлі людзі з Мінкульта і проста забаранілі іграць спектакль… са словамі.

— Кажуць, вось у вас ёсць жа спектакль без слоў. «Шлюб з ветрам». Вось давайце яго, — успамінае Ясінскі.

Ён ў фарбах апісвае, як звычайна прыходзілі кантралёры:

— Гасне святло, неба зацягваюць хмары. Тут прамень і гром — і з’яўляюцца тры асобы. Магчыма, унутры яны сапраўдныя беларускі, але знешне — як з карпарацыі монстраў: «Вазоўскі!»... Яны садзяцца ў залі крышачку збоку, глядзяць, у канцы ціхенька хлопаюць. Ну і, канешне, запісваюць шмат ўсяго ў свае блакноты.

Былы акцёр апісвае і свае ўражанні ад сустрэчы з чыноўніцай Мінкульту Ірынай Дрыгай, якая адказвае за «чорныя спісы». Па яго словах, Дрыга хадзіла ў тэатр рэдка, бо «не прывыкла яна сядзець і нічога не казаць».

— Ну гэта проста іншапланецянін, сапраўды. Чалавек ўвогуле не са свету культуры, я не разумею яе густу. Вельмі дзіўны чалавек. І гэта добры паказчык таго, на якім ўзроўні і што значыць для дзяржавы і кіраўніцтва беларуская культура. Калі вось такі чалавек сядзіць і махае шашкай, — адзначае Ілля Ясінскі.

На пытанне пра акцёрскі талент Наталлі Эйсмант, якая таксама пачынала актрысай, Ясінскі адзначыў:

— Казалі: ну нармальная ж была, што з табой стала? Ведаю, што складана было яе маме ў 2020-я гады,. Людзі ведалі, дзе яна жыве. І, гледзячы па вокнах, усё было цяжка.

Акцёр таксама ўспомніў байку, якая хадзіла пра Генадзя Давыдзьку.

— Калі развалілася камуністычная партыя, а ён, як расказваюць, увесь час быў такі нармальны партыйны работнік, яго сталі папракаць: «Как же так, Гена, что же ты?..» А той у адказ: «Я разбураў сістэму знутры». Можа, і зараз ён «засланы казачок?» Давай, Гена, рубі!