Филин

Юлія Кот

Гісторык: «З аднаго боку мы бачым помсту тым, хто загінуў, а з іншага — спробу прыцягнуць новую бяду ў нашу краіну»

Гісторык Яўген Красулін — пра тое, як знявага памерлых шкодзіць жывым і будучыні.

У Магілёве, як стала вядома «Нашай Ніве», пакрысе нішчаць месца пахавання нямецкіх ваеннапалонных, якія ўдзельнічалі ў аднаўленні раёна аўтазаводу пасля Другой сусветнай вайны. Гараджане звярнулі ўвагу, што пахаванне на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна горада, упарадкаванае ў канцы 1990-х гадоў, цяпер свядома нішчаць.

Так, у пачатку сакавіка 2024 года высветлілася, што тут былі знесеныя агароджа і капліца з чырвонай цэглы. Неабыякавыя беларусы стварылі петыцыю да мясцовых уладаў з патрабаваннем адказу: на падставе якога рашэння адбыўся дэмантаж, і ці мае азначанае пахаванне статус вайсковага?

Гэта, на жаль, далёка не першы за апошнія гады выпадак вандалізму, звязанага з салдацкімі могілкамі ў Беларусі. Пра тое, ці ідзе гаворка  пра безгаспадарчасць і вандалізм, ці пра свядомае вынішчэнне «нязручнай» гісторыі Филин пагутарыў з гісторыкам Яўгенам Красуліным.

На ваш погляд, як успрымаць падобную дзікую сітуацыю: гэта проста безгаспадарчасць і заплюшчванне вачэй на вандалізм, ці свядомая помста ў межах барацьбы супраць «генацыду беларускага народу»?

— Калі паглядзець на трэнды, якія назіраюцца з боку рэжыму Лукашэнкі — канешне, безгаспадарчасць прыходзіць у галаву ў апошнюю чаргу, — зазначае гісторык. — І не таму, што ўлада такая ўжо гаспадарчая. А таму, што трэнды апошніх год указваюць на тое, што гэта наўмысныя дзеянні, накіраваныя менавіта на барацьбу супраць памерлых.

Насамрэч, гэта тэндэнцыя доўжыцца яшчэ з савецкіх часоў. Уласна, яшчэ падчас вайны наўмысна знішчаліся нямецкія пахаванні і сціралася памяць пра іх. Потым, пасля распаду Савецкага Саюза, быў перыяд у 20-25 гадоў, калі ўсё гэта аднаўлялася ў садзейнасці з нямецкімі арганізацыямі (у прыватнасці, гэта Volksbund Deutsche Kriegsgräberfürsorge народны саюз Германіі па доглядзе за вайсковымі пахаваннямі), прычым фінансавалася гэта ўсё, ад перапахавання да ўсталявання помнікаў, нямецкім бокам.

Цяпер жа, падкрэслівае Яўген Красулін, ідзе не проста трэнд на вынішчэнне старых магіл, а вайна супраць памяці тых, хто загінуў. Прычым не толькі немцаў ці байцоў Арміі Краёвай:

— Церпяць і байцы Чырвонай Арміі (памятаем сітуацыю з канцлягерам у Драздах, дзе на месцы пахавання, дзе добра бачны роў, у якім ляжаць 10 тысяч чалавек — ідзе распашка, ходзяць трактары, зліваюць угнаенні і да таго падобнае).

Можна шмат сказаць пра традыцыю расчалавечвання праціўніка: вайна, падаецца, скончылася, а расчалавечванне працягваецца. І тут мы выходзім на іншы трэнд.

Кажуць, вайна не скончана, пакуль не пахаваны апошні салдат — а пахаванні вынішчаюцца наўмысна, то бок, ідзе праца па падштурхоўванні да працягу гэтай вайны. Няймецца ім, хочуць ваяваць, і ваяваць, і ваяваць, і ўвесь час шукаюць дзеля гэтага ворагаў.

І самае сумнае, што ўрэшце можна дагрукацца, знайсці іх — і гэтыя ворагі, уласна, пачнуць справу ўжо ўсур’ёз.

Так што мы бачым, з аднаго боку, помсту тым, хто загінуў, а з іншага — спробу прыцягнуць новую бяду ў нашу краіну. І перспектывы, натуральна, вымалёўваюцца сумныя.

Яўген Красулін дадае, што падобнае стаўленне як да чужых, так і да ўмоўна «сваіх», скіравана не толькі на ахвяр мінулай вайны — гэта стаўленне наогул да людзей, памерлых і жывых. Расчалавечванне распаўсюджваецца ў тым ліку і на ўласны народ, што таксама мае вельмі кепскія наступствы для нас усіх.

— Выхаванне людзей у непавазе да памерлых прыводзіць да фармавання агульнага стаўлення, якое праяўляецца ў пэўных выпадках. Напрыклад, пры земляных работах знаходзяць парэшткі людзей — і замест таго, каб годна іх пахаваць, выкідваюць куды-небудзь: калі немец — у мяшок ды ў раку…

Але ж гэта не такія даўнія падзеі, і жывыя родныя людзей, парэшткі якіх знаходзяць такім чынам — можна ж усталяваць, хто гэта, паведаміць нашчадкам, бо нашчадкі дакладна не вінаватыя ў тым, што адбылося.

Гэта зноўку пытанне нашай агульнай культуры і агульнай чалавечнасці, якая праяўляецца ў тым ліку ў стаўленні да памерлых.

— Гэткі красамоўны ўрок, як рабіць не трэба.

— На жаль, гэты ўрок усё шырэйшы, аднак пакуль не прагучала яго маралітэ .А прагучаць яно можа вельмі гучна і вельмі балюча.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(13)