Скандалы

Аўтар расьсьледаваньня EUObserver: «Запіс з кабінэту Зайцава значна даўжэйшы»

Карэспандэнт брусэльскага выданьня EUObserver Эндру Рэтман расказаў Радыё Свабода аб працы над расьсьледаваньнем, у якім гаворыцца пра магчымае плянаваньне спэцслужбамі Беларусі палітычных забойстваў на тэрыторыі Эўразьвязу.

Хто такі Эндру Рэтман

Яму 37 гадоў, нарадзіўся ў Варшаве. Піша для EUobserver пра міжнародныя адносіны. Далучыўся да сайта ў 2005 годзе. Спэцыялізуецца на Ізраілі, Усходняй Эўропе, дыпляматычнай службе ЭЗ і пытаньнях бясьпекі.

Пра што гаворыцца ў расьсьледаваньні

Выданьне апублікавала гукавы запіс размовы 2012 году з удзелам кагосьці, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Вадзіма Зайцава.

Падчас гутаркі з двума суразмоўцамі абмяркоўваецца апэрацыя па ліквідацыі Алега Алкаева (былога начальніка СІЗА № 1, «Валадаркі» ў Менску), Уладзімера Барадача (былога камандзіра брыгады спэцназу), Вячаслава Дудкіна (былога выканаўцы абавязкаў начальніка аддзелу барацьбы з карупцыяй) і Паўла Шарамета (расейскага журналіста беларускага паходжаньня, які ў той час жыў у Маскве).

Паводле запісу, Аляксандар Лукашэнка нібыта выдзеліў звыш 1,5 млн даляраў на апэрацыі такога кшталту.

Спэцыялісты NATO ў Беларусі, знаёмыя з Зайцавым, пацьвердзілі брусэльскаму выданьню падабенства голасу Зайцава на аўдыё.

З 2013 году былы галава КДБ Зайцаў узначальвае прыватную кампанію — правайдэра тэле- і інтэрнэт-паслуг «Космас ТВ».

Колькі трывала праца над расьсьледаваньнем

— Праца над гэтым расьсьледаваньнем працягвалася некалькі месяцаў. Я пачынаў зь невялікага кавалка інфармацыі ад крыніцы і намагаўся знайсьці больш і больш. Затым трэба было ўсё аб’яднаць. Найбольш часу заняло пацьверджаньне сапраўднасьці запісу. Вядома, я давяраў сваёй крыніцы, але я мусіў даказаць праўдзівасьць сваім чытачам, бо запіс вельмі сэнсацыйны. Праслушка ў кабінэце кіраўніка КДБ — гэта ня жарты. І гэтае пацьверджаньне сапраўднасьці я атрымаў.

Чаму ўкраінскія спэцслужбы атрымалі запіс яшчэ летась, а EUObserver — толькі цяпер?

— Гэтаму запісу ўжо 8 гадоў. Я ведаю ад Ігара Макара (былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз»), што ён перадаваў гэтую стужку амэрыканскім дыпляматам яшчэ ў 2012 годзе.

Думаю, што яны перадалі гэта нямецкім спэцслужбам. Калі гэта было перададзена ад адной спэцслужбы краіны NATO іншай, то магчыма, што нехта перадаў гэта і ўкраінцам.

Я ня думаю, што гэты запіс утрымлівае нешта новае для спэцслужбаў у Эўропе. Але для звычайных людзей гэта вялікая навіна.

Ці спрабавалі вы атрымаць камэнтар ад КДБ ці спадара Зайцава?

Так. Калі робіцца расьсьледаваньне такога размаху, то, маючы ўсё гатовае да публікацыі, ты пытаесься ў герояў матэрыялу пра іх рэакцыю.

Я ані разу ў сваёй працы не атрымліваў ніякага адказу ад КДБ у Беларусі, таму адразу напісаў у МЗС. Гэта было на мінулым тыдні. Я кантактаваў і з «Космас-ТВ». Я тлумачыў, што рыхтую матэрыял пра перасьлед беларускіх уцекачоў у Эўропе, і распытваў, ці можна пра гэта паразмаўляць, бо вы героі гэтага расьсьледаваньня.

Я атрымаў толькі сьмешны адказ ад беларускай амбасады ў Брусэлі. Яны напісалі, што ім прыемна, што я напісаў, бо звычайна, на іх думку, мы пішам матэрыялы супраць Беларусі бяз спробы пагаварыць зь імі. Я адказаў, што выдатна, тады давайце паразмаўляем. Але больш яны не адказвалі.

Магчыма, яны не ўспрынялі мяне сур’ёзна. Магчыма, таму, што я не раскрыў сутнасьць таго матэрыялу, які я маю. Я толькі паведаміў, што гэта датычыць апэрацыі супраць беларускіх уцекачоў у Эўропе.

Калі б яны ўсё ж хацелі даць мне свае камэнтары, то я з радасьцю выслухаю іх пазыцыю. У нас не было мэты выключыць іх з гэтага артыкула.

Разговорчики в сети: «Скелеты из шкафов выпадают с грохотом»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(43)