Общество

Ульяна Будик, AFISHA.TUT.BY

Зоркi — пра паўгода ў эміграцыі: «Мы можам пець праўду і не баяцца, што за намі прыйдуць і забяруць на Акрэсціна»

Адразу пасля леташніх выбараў некаторыя беларускія музыкі ў мэтах бяспекі з’ехалі за мяжу — думалі, што на кароткі час, але засталіся там надоўга. AFISHA.TUT.BY паразмаўляла з галасамі беларускага пратэсту, якія не ў краіне ўжо больш за паўгода: запыталіся, чаму эмігравалі, чым жывуць і як уяўляюць той дзень, калі вернуцца ў Беларусь.

Маргарыта Ляўчук: «Знаёмыя жартуюць, што мне патрэбна ахова, як у Ціханоўскай»

Маргарыта разам з Андрэем Павуком у пародыі на ролік «Накажи их, Боже». Скрыншот YouTube (Margarita Levchuk. Soprano)

Беларуская оперная спявачка Маргарыта Ляўчук з’ехала з краіны паўгода таму. Артыстка думала, што едзе ў Вільнюс усяго на два тыдні — працаваць: у яе быў кантракт з Літоўскім тэатрам оперы і балета на тры пастаноўкі, дзе яна выконвала галоўную партыю. Але давялося застацца на больш доўгі тэрмін.

— Я не брала з сабой ніякіх рэчаў і ўвогуле не думала тут заставацца, але ўжо на мяжы мне патэлефанавалі сябры і сказалі, што мяне ўзялі «ў распрацоўку», параілі заставацца ў Вільні. Праз месяц да маіх бацькоў сапраўды прыйшлі з папкай «Дело», паведамілі, што іх дачку чакаюць 30 сутак арышту і штраф на тысячу рублёў. Прыпісалі мне масавае мерапрыемства, дзе я быццам была. Але я памятаю, што ў гэты дзень рабіла аперацыю на вочы, і мне доктар сказаў, каб я пару дзён нікуды не хадзіла, каб не далі дубінкай па вачах (усміхаецца).

Напрыканцы мінулага года Маргарыта атрымала ліст, што тэрмін даўніны па яе справе скончыўся, але вяртацца ў Беларусь артыстка не рызыкнула.

— Думаю, так наўмысна зрабілі, каб я вярнулася — і папалася. На жаль, мне пакуль вяртацца нельга, а пасля нашага дуэта з Андрэем Павуком (гаворка пра сатырычны YouTube-праект «Красная зелень». — TUT.BY) гэта пакуль што ўвогуле немагчыма. Наколькі я ведаю, на нас ужо хтосьці напісаў скаргу ў Генеральную пракуратуру, і да маіх сваякоў зноў прыходзілі, ужо па гэтай справе.

— Не было думак забраць бацькоў да сябе?

— А навошта? Яны жывуць, працуюць, нічога дрэннага не робяць. Я хвалююся за ўсіх беларусаў, не толькі за сваю сям’ю. Але што мне застаецца? Я проста раблю сваю справу.

Парадыйны праект «Красная зелень» блогера Андрэя Павука і Маргарыты, які ў лютым узрушыў беларускі YouTube, нарадзіўся ўжо ў эміграцыі.

— Я засталася ў Вільні, прыйшла ў офіс да нашых змагароў, там быў Павук. Ён мне кажа: «О, ты спявачка, давай штосьці замуцім, у мяне ёсць гітара». Думаю: «Опера? Гітара? Як гэта спалучыць?», але вырашыла паспрабаваць. Заспявалі пару песень, каб падняць настрой самім сабе, хтосьці зняў і выкінуў гэта на YouTube. Было шмат каментароў, маўляў, «класная калабарацыя, працягвайце». Тады пад Новы год запісалі «Калядачкі», «Завіруху» і зразумелі, што людзям патрэбны нашы песні, наша беларуская мова.

Крыху пазней Андрэй, які і раней займаўся палітычнай сатырай, прапанаваў Маргарыце паспрабаваць сябе ў гэтай сферы. Ляўчук спачатку сумнявалася, ёй было цікава проста выконваць беларускамоўныя песні. Але пасля таго, як на тэлеканале СТБ выйшаў сюжэт Рыгора Азаронка «Накажи их, Боже», у яе імгненна нарадзілася ідэя пародыі на гэты ролік.

Пасля поспеху дэбютнага відэа ў Сеціве ролікі «Красной зелени» на актуальныя падзеі пачалі выходзіць перыядычна. З пачатку года дуэт выпусціў ужо каля дзесяці сумесных работ, і на дадзены момант самым удалым ролікам Маргарыта лічыць «#ПамагіМатолька» — у яго амаль 700 тысяч праглядаў. Звычайна над тэкстам песень працуюць абодва ўдзельнікі дуэта, але гэту кампазіцыю напісаў Андрэй:

— Павук раніцай прачытаў навіну пра тое, што Матольку назвалі экстрэмістам, і, пакуль я спала, напісаў тэкст. Гэтым наш дуэт і круты — адразу рэагуем на тое, што адбываецца. Мы такая «хуткая дапамога» беларусам (смяецца).

— Вы ўвесь час лавіруеце паміж рознымі вобразамі: то максімальна шчырая, то максімальна сцёбная. Якое з гэтых амплуа больш пра вас?

— Я там, дзе беларуская мова. Якая трасянка? Яна проста да нас да ўсіх зараз прычапілася, і калі на ёй спяваць, то ўсе адразу разумеюць, каго мы парадзіруем, з чаго глумімся. Трасянка — гэта не маё, маё — беларуская мова, БЧБ і нашы добрыя беларускія людзі, якія змагаюцца за светлую і добрую будучыню краіны.

Маргарыта дзеліцца, што зараз адчувае сябе ў бяспецы, але, кажа, знаёмыя жартуюць, што з-за яе палітычнага актывізму ёй ужо патрэбна ахова, як у Святланы Ціханоўскай.

— Дзякуй Літве за тое, што мы жывём нармальным жыццём. Тут у нас поўная свабода, рабі што хочаш. Мы можам казаць праўду, пець праўду, посціць што заўгодна і не баяцца, што за намі прыйдуць і забяруць на Акрэсціна.

Нягледзячы на тое, што Ляўчук даўно не ў Беларусі, артыстка прызнаецца, што яшчэ са жніўня не можа думаць аб чымсьці іншым, апроч сітуацыі на радзіме. Пры гэтым у яе шмат пазітыву, любові і жадання працаваць, дапамагаюць сесіі з псіхатэрапеўтам.

— Ты можаш адпачываць на моры, але ўсё адно думаеш пра Беларусь, чытаеш навіны і робіш усё магчымае для сваёй краіны.

Дзень, калі Маргарыта вернецца ў Беларусь, спявачка ўяўляе сабе так:

— Адразу разблакую сімку і пачну ўсім тэлефанаваць. Прыеду ў Мінск, праўда, пакуль не ведаю, дзе буду жыць: раней я здымала кватэру. Але, думаю, добрыя беларусы дадуць мне прытулак (смяецца). А пасля паеду ў сваю родную вёску: не бачыла сваякоў ужо больш за паўгода!

Руся з Shuma: «Выбар быў невялiкi: пераехаць цi зусiм з’ехаць з глузду»

Вакалістка беларускага гурта Shuma — Марына Шукюрава, яна ж Руся, — з’ехала з Мінска ў Кіеў яшчэ напрыканцы жніўня 2020 года. Спявачка лічыць, што ёй было небяспечна заставацца ў краіне: ужо каля дзесяці год яна працуе трэнеркай па пастаноўцы голаса з апазiцыйнымi палiтыкамi.

— Напрыклад, табе трэба падрыхтаваць спiкера на тэледэбаты цi палiтычную кампанiю. Звычайна размовы на такіх трэніроўках даволі яркія — кшталту «Мы мусiм дацiснуць да канца!». Я пабачыла рызыку тады, калі б КДБ знайшло відэазапісы такіх Zoom-канферэнцый, бо нашай уладзе ўсё адно, за што цябе браць.

Да таго ж Руся прызнаецца, што пасля выбараў яе псiхаэмацыйны стан быў на мяжы: не засталося аніякага рэсурсу займацца працай і творчасцю.

— Я ж, блiн, змагарка: два днi — на рэвалюцыю, дзень — на пабыць мацi. І гэта мяне вельмi выматала, так што выбар быў невялiкi: ці то пераехаць, цi то застацца i зусiм з’ехаць з глузду. Пакуль не зачынілі межы з Украінай, я запрасiла мацi, сабрала маленькую дачку, мы ўзялi па валiзцы i прыляцелi ў Кiеў.

Руся з дачкой. Фота: instagram.com/rusia.shuma

Выканаўца тлумачыць, што Украiна — самая блiзкая ёй па духу краiна, дзе няма шанцаў выпасці з беларускага кантэксту і дзе добра ведаюць Shuma. Пры гэтым Руся была ўпэўненая, што з’язджае на адзін-два месяцы. Як і Маргарыта Ляўчук, артыстка на тры месяцы пакінула за сабой кватэру, якую здымала ў Мінску.

— Але сiтуацыя станавiлася ўсё больш i больш складанай — i вось я дагэтуль тут. Зараз я адчуваю сябе ў бяспецы, але напачатку нават у Кіеве любыя хлопцы высокага росту ў чорным адзеннi адразу выклiкалі пачуццё пагрозы. Псiхолагi называюць гэта посттраўматычным сiндромам.

Руся адзначае, што першы месяц ва Украіне здымала невялiкi летнi домiк разам з беларускімі псiхолагамi. Яны пераехалi, бо таксама не маглi знайсцi рэсурс, каб працаваць у Беларусі, асаблiва з тымi, хто прайшоў праз Акрэсцiна.

— Мы вырашылi трымацца адзін аднога, кожнаму з нас былi патрэбныя блiзкiя людзi побач. Першы месяц прачыналiся, плакалi, ляжалi на траве, абмяркоўвалi сваё жыццё — нас моцна выносiла з адэкватнага стану. Ну а праз месяц пачалi ў горад выходзiць, пакрысе стасавацца з людзьмi. Спачатку накрывала моцнае пачуццё вiны, маўляў, як так: нашы там, а я тут. А потым гэта пачуццё змянiў вельмi прадуктыўны стан.

Вярнуцца да творчасці спявачка змагла дзякуючы штодзённаму клопату пра сябе i такiм рэчам, як псiхатэрапiя, масаж, спорт, правiльнае харчаванне, медытацыя, падтрымка з боку блізкіх.

— Што я магу зараз рабiць? Натхняць людзей, карыстацца сваiмi медыямагчымасцямі, распавядаць пра тое, што адбываецца ў Беларусi. За гэтыя паўгода мы ўжо знялi некалькi дакументальных фiльмаў пра сiтуацыю ў Беларусi, у прыватнасцi пра беларускiх жанчын, разам з Сяргеем Будкіным запусцiлi Фонд культурнай салiдарнасцi, з эстонскiмi калегамi — фонд Frida Bel, прысвечаны выключна жаночай тэме. А таксама зрабiлі некалькi калабарацый з кiеўскiмi артыстамi на студыi Iвана Дорна.

Нагадаем, што да Дня беларускай Канстытуцыі Руся разам з украінскімі відэамастакамі выпусціла палітычны кліп на песню Dreva, дзе было шмат адсылак да беларускай рэчаіснасці. Трэк празвалі альтэрнатыўнай кампазіцыяй ад Беларусі на «Еўрабачанне». Да Дня Волі ў Русі і каманды Freedom Belarus выйшаў кліп «То то то» пра ролю жанчын у беларускай гiсторыi.

— У нас былi дзве «актуалачкi», больш пакуль што не плануем, бо вiдэапрадакшн — гэта вельмi дорага. Ідэй шмат, былi б грошы — выпускалі б трэкi штотыдзень, — прызнаецца Руся і дадае, што моцна сумуе па сваiм сцэнiчным жыццi. — Як толькі я пераехала ва Украiну, не магла зразумець, чаму мне так тужлiва: сям’я ў бяспецы, усе здаровыя, я працую, грошы ёсць, але ўсё адно кожны дзень пераследуе туга. Не так даўно я зразумела прычыну: гэта ўсё з-за таго, што я не магу рэалiзоўваць сябе як спявачка, вялiкi кавалак маёй асобы, маёй iдэнтычнасцi знiк, i я нiчога не магу з гэтым зрабiць. Мне невыносна балюча, што я не магу займацца музыкай у звыклым для мяне рэжыме.

Задаем Русе традыцыйнае пытанне: як яна ўяўляе сваё вяртанне ў Беларусь? Вось як яна бачыць гэты дзень:

— Мы збяромся з сябрамi, адкрыем бутэльку прасека ці кавы (гатункі віна. — TUT.BY), будзем прыгожымі i з класным настроем — шчаслiвымі, разняволенымі, свабоднымі, новымі беларусамі. Я вельмi чакаю гэты момант, ён мне нават часам снiцца — падаецца, гэта агульная беларуская фантазiя. Акрамя таго, у мяне на радзiме застаўся хутар, якi я набыла перад тым, як з’ехаць. Хацела пабудаваць там дом, зладзiць акустычную прастору, дзе людзi будуць займацца голасам, разнявольвацца, слухаць цiшыню, салаўёў… Але ўсё так раптам змянiлася, што гэты сцэнар жыцця яшчэ чакае мяне наперадзе.

Наста Шпакоўская з Naka: «Патэлефанавалi з пытаннем, цi ўпэўненая я ў бяспецы маiх дзяцей»

Фота: instagram.com/nastia_naka

Лідар гурта Naka і былая актрыса Горкаўскага тэатра Наста Шпакоўская з’ехала з Беларусі яшчэ 24 жніўня, але кажа, што гісторыя яе асабістага і творчага пратэсту пачалася даўно, нават не ў 2020 годзе.

— У сваёй творчасцi з гуртом Naka я заўсёды мела цвёрдую пазiцыю адносна рэжыму, якi iснуе ў Беларусi. Мы траплялi ў чорныя спiсы, нам не дазвалялi ладзіць канцэрты, нашы кампазiцыi здымалi з ратацыi. У 2019 годзе ў нас быў цалкам афiцыйны канцэрт, але мы былі вымушаныя дасылаць усе тэксты на праверку ў Мiнкульт. То бок пэўны кантроль прысутнiчаў заўсёды, няхай і не ў такой ступенi, як пасля 2010 года.

А ў мінулым годзе, калі Наста дапамагала штабу Віктара Бабарыкі, ладзіла акцыі, здымала відэа, пісала песні, ціск асабіста на яе аднавіўся з новай сілай.

— У пэўны момант мне патэлефанавалi з пытаннем, цi ўпэўненая я ў бяспецы маiх дзяцей. Потым з’явiлiся суполкi кшталту «Iуды» і «Правакатары», дзе былi выкладзены мае тэлефоны i адрасы. Пасля быў яшчэ адзiн званок, і тады я вызначылася, што бяспека маiх дзяцей для мяне больш важная за перамогу дарослых.

Акурат як і папярэднія гераіні, Наста думала, што ад’язджае ў Кіеў на пэўны час. Першыя некалькі месяцаў яна нават не разбірала торбы з рэчамі, але пасля прыйшло ўсведамленне, што ўсё зацягнецца, — артыстка ва Украіне ўжо дзявяты месяц.

Першым адчуваннем ад пераезду выканаўца называе пачуццё бяспекі. Паводле слоў Насты, у Кіеве знiкла тое, што хвалявала яе больш за ўсё: не трэба шарахацца ад АМАПу, зачыняць дзверы на ўcе замкi.

— Зразумела, гэта быў выдых у плане бяспекі, але думкамi і сэрцам я знаходзiлася на радзiме i вельмi перажывала за тое, што там адбывалася. Калi вы кiдаеце звыклае жыццё з думкай, што гэта на некалькi месяцаў, а потым разумееце, што гэта, магчыма, зацягнецца на гады, нiчога светлага i прыемнага ў гэтым няма.

Пасля жнiвеньскiх падзей, дзеліцца суразмоўца, пэўны перыяд не было ўвогуле нiякага жадання спяваць:

— Я не ведала, як гэта можна фiзiчна зрабiць, у мяне быццам быў клубок у горле. Спевы — гэта апошняе, пра што я здольная была думаць у той час.

— Некаторыя ўспрымаюць пераезд за мяжу як быццам здраду Радзiме, кажуць пра пачуццё вiны. У вас не было такіх думак?

— Магу сказаць, што я зрабiла тое, што мусiла зрабiць, у мяне не было выбару. Калi б у мяне не было дзяцей, я б дакладна не з’ехала. Але тыя, хто мне пагражаў, разумелi, што цiснуць на кропку, якая спрацуе безумоўна. Я зрабiла гэты крок свядома, акрамя таго, я не рэвалюцыянерка, не палiтык — я музыка i акторка. Не адчуваю, што я чагосьцi не дарабiла, не дапрацавала. Нават знаходзячыся ва Украiне, я працягвала здымаць акцыi, ладзiць перфомансы, запiсваць песнi. Але ўсё адно, вядома, сумую па радзiме i сэрцам знаходжуся там.

Сваім галоўным дасягненнем за час эміграцыі вакалістка Naka лічыць тое, што яна зладзіла ва Украіне першую анлайн-школу для беларускiх дзяцей, якія вымушана з’ехалі з радзiмы.

— Галоўная мэта школы — дадаць да ўкраiнскай школьнай праграмы прадметы беларускага напрамку: беларуская мова, лiтаратура i гiсторыя Беларусi. Наша школа выдае атэстат дзяржаўнага ўзору, такiм чынам, нашы дзецi, нягледзячы на «вайну» дарослых, працягваюць вучыцца беларускай мове i атрымлiваць адукацыю.

Для аб’яднання беларусаў, якія пасля выбараў апынуліся ў Кіеве, Наста і яе паплечнікі часам ладзяць невялiкiя кватэрнiкi. Напрыклад, на мінулым тыдні музыка правяла сумеснае мерапрыемства з беларускім гуртом РСП, удзельнікі якога таксама пераехалі за мяжу. А яшчэ раней выступіла разам з Brutto Nostra і NaviBand на маштабным канцэрце ў Кіеве.

Да таго ж спявачка вядзе трэнiнгi па фiзiка-эмацыянальным разняволеннi — гэта дае магчымасць i сябе падтрымлiваць маральна, i зарабляць пэўныя грошы, удакладняе артыстка. Дарэчы, акторскае рамяство яна таксама не кінула:

— Зараз я рэпецірую новы спектакль паводле рамана Сашы Фiлiпенкi «Былы сын», яго ставiць беларускi прадзюсер Уладзiмiр Ушакоў, якi зараз прыехаў у Кіеў i сабраў у межах прэм’еры беларускiх акцёраў.

Спявачка ўпэўненая, што, калі яна нарэшце будзе ехаць дадому, у яе будзе разуменне, што яна вяртаецца ўжо ў іншую краіну — «вольную Беларусь».

— Вядома, гэта будзе адзiн з самых яскравых дзён у маiм жыццi.

Напрыканцы размовы Наста кажа, што цяперашнія падзеi на расійска-ўкраiнскай мяжы і неспакой ва ўсім свеце не дадаюць упэўненасцi ў заўтрашнiм днi, таму да некаторых беларусаў у эміграцыі, якiя толькi-толькi пачалi прызвычайвацца да спакойнага ладу жыцця, зноў вяртаюцца знаёмыя па леташнiх падзеях пачуццi.

Нагадаем, што пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі за мяжу апроч Маргарыты, Русі і Насты з’ехалі і іншыя беларускія музыкі, якія падтрымлівалі пратэст. Сярод іх — лідар «Старога Ольсы» Зміцер Сасноўскі, гурты РСП і NaviBand (апошнія пазней вярнуліся ў краіну) і іншыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(18)