Скандалы

«Значыць вы не адрэагавалі на папярэджанне». Як Ягора Марціновіча асудзілі па адміністратыўцы

28 верасня галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча выклікалі у суд Заводскага раёна па адміністрацыйнай справе. Яго прызналі вінаватым і пакаралі штрафам у 405 рублёў, піша Наша Ніва.

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч у судзе

11 жніўня Ягор Марціновіч быў затрыманы ва ўласнай машыне, калі каля 2-й гадзіны ночы ехаў забіраць сваю жонку, журналістку TUT.BY Адар'ю Гуштын, што працавала цэлы вечар каля метро «Пушкінская», дзе ў той дзень адбываліся пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Сутычак і дэманстрацый у момант затрымання ўжо не адбывалася. Асобы з аўтаматамі, якія затрымлівалі Марціновіча, праігнаравалі ягонае журналісцкае пасведчанне.

Машына засталася стаяць на праезнай частцы з адкрытымі дзвярыма. Выпадкова аўтамабіліст пабачыў яе, спыніўся і адбуксіраваў у суседні двор. Там яна прастаяла не замкнёнай амаль два дні. Нічога пры гэтым з яе не прапала — ні ноўтбук, нічога.

Больш за 36 гадзін ані сям'я, ані калегі не ведалі, што здарылася з Марціновічам. Урэшце 12 жніўня ён знайшоўся ў ізалятары Жодзіна і яго адпусцілі. Яму сказалі, што яго адпускаюць па рашэнні міністра ўнутраных спраў Караева. Аўтамабілем МУС яго даставілі з Жодзіна ў Мінск.

Інтарэсы Ягора Марціновіча ў судзе рэпрэзентаваў адвакат Сяргей Зікрацкі. Разглядала адміністрацыйную справу суддзя Алена Някрасава.

Суддзя зачытала пратакол затрымання: 11 жніўня глыбокай ноччу Марціновіч нібыта ўдзельнічаў у незаконным шэсці, выкрыкваў «Жыве Беларусь», патрабаваў змены ўлады і пляскаў у далоні.

Ягор Марціновіч не пагадзіўся і адзначыў, што ў той дзень і час яго ўвогуле там не было.

Марціновіч патлумачыў суддзі, што ўвечары 10 жніўня перамяшчаўся на аўтамабілі, а не пехатою. Большасць вечара Ягор увогуле правёў у бальніцы хуткай дапамогі, куды шпіталізавалі журналістку «Нашай Нівы» Наталлю Лубнеўскую. Пасля 23-й гадзіны ён пад’ехаў да ўніверсама «Рыга», забраў там калегу Змітра Панкаўца, затым высадзіў яго на Кальварыйскай і паехаў на Пушкінскую, каб сустрэць там сваю жонку журналістку Адар’ю Гуштын і журналістку «НН» Настассю Роўду.

«Каля станцыі метро Пушкінская стаяла шмат сілавікоў са зброяй, адзін паказаў, каб я звярнуў у дваравы праезд. Там быў імправізаваны блокпост, ужо іншыя сілавікі даглядзелі багажнік і здымкі на мабільным, паведамілі ехаць далей, — распавёў Марціновіч. — У дваравым праездзе на Пушкіна аўтаматчык падышоў, загадаў выйсці з машыны. Я паказаў журналісцкае пасведчанне, адказ быў: «Тады цябе тым больш трэба затрымаць».

Ягор падкрэсліў: у той момант акцый ці шэсцяў вакол не праходзіла.

Выступіў сведкам і журналіст Зміцер Панкавец. Марціновіч забіраў яго ля «Рыгі» ў тую ноч, пасля праехаліся па горадзе і Панкавец выйшаў на Кальварыйскай.

Ён падкрэсліў: пакуль ноччу ён быў побач з Ягорам, той выконваў свае прафесійныя абавязкі, у акцыях не ўдзельнічаў.

Затым выслухалі Канстанціна Савеню — «сведку адміністратыўнага правапарушэння».

«Мы супраць таго, каб ён выступаў па скайпе», — адзначыў адвакат Сяргей Зікрацкі. Але суддзя хадайніцтва адхіліла.

З Савеням звязаліся па відэасувязі, ён адказваў проста з машыны.

Савеня распавёў, што ён — участковы. Нібыта ноччу 11 жніўня паступіла інфармацыя пра несанкцыянаванае шэсце. Людзі крычалі «Жыве Беларусь» і пляскалі ў далоні.

«Колькі людзей было?» — спытала суддзя.

«Не магу адказаць. Вялікая колькасць», — адказаў Савеня.

Па яго словах, пасля папярэджання затрымалі самых актыўных. Ён сам у затрыманнях не ўдзельнічаў. Ці пазнае Марціновіча, адказаць не змог.

«Твар знаёмы, але так не ўзгадаю», — сказаў Савеня.

«Чаму вы ў машыне, але не можаце прыехаць у суд?», — спытаў яго Марціновіч.

Пытанне зняла суддзя Някрасава.

«Пры якіх абставінах затрымалі канкрэтна мяне?», — спытаў Ягор Марціновіч.

«Не магу адказаць».

«У якой вопратцы я быў?».

«Не магу адказаць, месяц прайшоў».

«Канкрэтна мяне папярэджвалі, што мерапрыемства несанкцыянаванае?»

«Папярэджвалі ўсіх у масе».

«Як я рэагаваў на папярэджванні?»

«Я не памятаю. Калі вас затрымалі, значыць вы не адрэагавалі на папярэджанне», — адказаў участковы Савеня.

«Вы ў паказаннях сцвярджаеце, што я затрыманы быў у 3:05. Як вы патлумачыце, што СМІ паведамілі, што я затрыманы ў 2:09?» - спытаў Марціновіч.

«Калі ў пратаколе 3:05, значыць было ў 3:05. Што напісана, я тое і падтрымліваю», — сказаў Савеня.

«Апішыце будынкі, каля якіх мяне затрымлівалі?» — папрасіў Марціновіч.

«Я не бачыў, як вас затрымлівалі», — сказаў Савеня.

Пасля яшчэ шэраг пытанняў задаў адвакат Зікрацкі, Савеня адказваў агульна, маўляў, дэталяў не памятаю, шмат часу прайшло.

«А ці дапускаеце вы, што я быў там, але маўчаў?» — задаў апошняе пытанне Марціновіч.

«Не, не дапускаю, — адказаў Савеня. — Тыя, хто маўчаў, узялі і сышлі».

Адвакат Сяргей Зікрацкі папрасіў, каб суд запатрабаваў у мабільнага аператара дадзеныя аб знаходжанні абанента Марціновіча ў ноч на 11 жніўня.

Суддзя Алена Някрасава адхіліла хадайніцтва: суду дастаткова для рашэння і таго, што ёсць.

Прысуд — 15 базавых (405 рублёў).

Нагадаем, Ягор Марціновіч быў затрыманы раніцай 23 верасня па справе аб нібыта паклёпе (арт. 188 КК) у адносінах да намесніка міністра ўнутраных спраў Барсукова. Ён правёў ў ІЧУ на Акрэсціна трое сутак і быў выпушчаны на свабоду. Ягор застаецца ў статусе падазраванага па гэтай крымінальнай справе.

28 верасня стала вядома: Ягору Марціновічу забаранілі выезд за мяжу.

Раней Марціновіч расказаў, што падчас трохдзённага затрымання з 23 да 26 верасня да яго прыходзіў аператыўнік МУС з пытаннем, ці не хацеў бы ён выехаць за мяжу як Ціханоўская? Тое самае пытанне яму задаваў чалавек, з якім Марціновіча пасадзілі ў адну камеру ЦІП — які, па словах таго чалавека, меў 8 судзімасцей.

Егор Мартинович на свободе: «Моя совесть чиста – мне нечего бояться»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(4)