Общество

Журналiст Ігар Карней: «Памежніца, прасканаваўшы дакумэнты, крыху сарамліва адвярнулася і выклікала па рацыі падмогу»

Вядомы аўтар, якi раней быў на сутках, распавядае, як яго з жонкай сустрэў менскi аэрапорт.

– Па вяртаньні стамбульскім рэйсам былі спыненыя на пашпартным кантролі менскага арэапорту, – пiша журналiст Ігар Карней. – Памежніца, прасканаваўшы дакумэнты, крыху сарамліва адвярнулася і выклікала па рацыі падмогу. Спачатку ў «адстойнік» адвялі Iну, сьледам рушыў і я.  

Добра, што ў аэрапортавым хаосе (кожнага прымушалі запаўняць па тры экзэмпляры паперак на самаізаляцыю, а гэта пару сотняў пасажыраў) быў час пачысьціць тэлефон – ці мала да чаго можна дакалупацца, калі пастаўлена задача ператрэсьці «востракапытных»?  

Крыху памарынаваўшы ў трывожным чаканьні, адвялі на пэрсанальны дагляд. У першую чаргу кантралёраў цікавіла «валюта», «літаратура», «мэдпрэпараты», «забароненая сімволіка». Перамацалі ўсё, але нічога, акрамя «бывших в употреблении вещей», у акт занесьці не ўдалося.

Зрэшты, прадбачачы падобны «цёплы прыём» на радзіме пасьля мінулагодніх судоў па народным артыкуле 23.34 (мае суткі і Інін штраф), абмежаваліся двума заплечнікамі з мінімумам зьмесьціва.

Адзінае, чамусьці паленаваліся прашчоўкаць кадры з фотаапарату, там экстрэмізм дакладна знайшлі б – афармленьне стамбульскай станцыі мэтро «Таксім» скрозь «экстрэмісцкае». 

Дык гэта Стамбул, дзе сёньня зьбіраюцца транзітнікі з усяго сьвету. З самалёту нас прашманалі толькі адных, з вялікімі бауламі калі і прыпынялі, дык выключна на рэчавы «рэнтген». 

У выніку ўклаліся ў гадзіну змарнаванага часу, хоць не было б вялікім сюрпрызам, каб плаўна перакачавалі ў аддзяленьне міліцыі ці яшчэ далей. 

...Можна толькі ўявіць, як сустракаюць «беспорядочных» з Варшавы, Вільні ці Кіева, дзе заселі галоўныя «куклаводы».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(50)