Общество

Жонка Андрэя Скурко: «Усю дарогу таксiст маўчаў, а ў канцы кажа па-беларуску: «Грошай не патрэбна»

Жонка начальніка аддзела рэкламы і маркетынгу «Нашай Н*вы» Андрэя Скурко Паліна падзялілася сваімі перажываннямі наконт суда і дня вынясення прысуду мужу.

— Добрыя людзі пішуць: не ўяўляю, што адчуваюць пасля прысуду хлопцы-нашаніўцы і іх родныя. Хацелася б апісаць.

Канешне, дзень быў не з прыемных… Сёння, у апошні дзень нашых экзатычных спатканняў, я неадрыўна глядзела на Андрэя. А ён — на мяне. Калі зачыталі яго тэрмін, я пастаралася саркастычна закаціць вочы. Не вельмі выйшла — усё ж для сарказму трэба больш расслабіцца…

Паколькі раней журналістам давалі ад 1,5 да 2,5 гадоў, я ад пачатку пастанавіла сабе арыентавацца на такія тэрміны. І дзяржава не падвяла — ацаніла ўплыў і сілу «Нашай Н*вы» па найвышэйшай шкале.

Я сёння зусім не плакала і ўвогуле пакуль што надзіва спакойная. Слёзы выступілі толькі аднойчы — сядала ў таксоўку ехаць у суд, трохі спазняючыся — ледзь паспела перадаць малога бацькам, а малы плача «мамацка, Тамась з табой паедзе!»… І вось сядаю і думаю: Божа, я так спяшаюся, каб яны мне сказалі, наколькі забіраюць у мяне мужа!.. Але сёння быў дзень гіперпадтрымкі, і пачаў яго кіроўца таксі — нечакана мяне пазнаў:)

«Ой, ды гэта вы! Я ж учора чытаў пра вас! Як прыемна пазнаёміцца!»…

А ўжо пасля прысуду з Завадскога суда нас з сяброўкамі вёз малады хлопец. Усю дарогу маўчаў, а ў канцы кажа па-беларуску: «Грошай не патрэбна»…

Многія ведаюць, абвінавачанне ў нас кур’ёзнае — недаплата камуналкі. Суд цягнуўся 2,5 тыдня. У залцы са сценамі пяшотнага бэзавага колеру дапытвалі паўтара дзясятка сведкаў, і ці не па гадзіне кожнага. Некаторыя з іх — што налічвалі ўрон — ніяк не маглі абгрунтаваць свае лічбы, тады было забаўна…

Часам было нудна, часам смешна, былі і прыгожыя моманты. Наша адвакат учора гаварыла ці не гадзіну, і не пакінула ад абвінавачання каменя на камені (я б уключыла гэту прамову ў будучыя хрэстаматыі)…

Як мне падалося, суддзю довады адваката мала цікавілі. Але для абвінавачаных гэта многа значыць — адчуванне, што за цябе змагаюцца з усіх сіл. Змагацца з усіх сіл, не апускаць рук — адзінае, што нам засталося.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(50)