Затрыманыя лідэры "Маладога фронту

У нядзелю, 4 лютага, у Менску на прыватнай кватэры меўся прайсьці сход Цэнтральнай Рады незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт". На Раду зьехаліся кіраўнікі забароненай арганізацыі з усіх рэгіёнаў краіны, а таксама тыя, хто цяпер навучаецца ў Польшчы (усяго 27 чалавек).

Недзе паміж 16.30 і 17.00 прыватную кватэру, што знаходзіцца ў жылым доме за Камароўкай, заблякавалі супрацоўнікі МУС, КДБ і байцы спэцназу. Усіх прысутных пры панятых прымусілі

на відэакамэру назваць сваё імя і прозьвішча. Яны пазабіралі мабільнікі ў маладых людзей. Нехта з маладых людзей схаваў тэлефон і паслаў некалькі смс-ак журналістам і сваякам, расказваючы што зь імі робяць. Пасьля таго, як усіх вывезьлі ў РУУС, у кватэры прайшоў ператрус.

***

19.40.

Тры гадзіны пасьля затрыманьня маладых людзей — сярод іх непаўналетнія — нейкі час вадзілі паміж "апарняком", што разьмешчаны каля Савецкага РУУС і "аўтазакам" — туды і сюды. Адзін з канваяваных крыкнуў журналістам і бацькам, што дзяжураць ля РУУС, што ім пагражае "крымінальная справа".

Сярод затрыманых — студэнты праграмы Каліноўскага Яўген Скрабутан і Барыс Гарэцкі. У Яўгена мусіць быць заўтра ў Польшчы іспыт.

А 19.45 пад'ехаў вялікі МАЗ-аўтазак. Па адным маладафронтаўцаў заводзяць у МАЗ. Ёсьць меркаваньне, што маладых людзей павязуць на Акрэсьціна.

20.40

Паводле відавочцаў, аднаго з затрыманых завялі ў аўтамабіль "ГАЗель", накінуўшы на галаву куртку. Імаверна, гэта быў Зьміцер Хведарук, які здолеў смскай паведаміць сябрам, што яму пагражае крымінальная справа і яго вязуць у "амэрыканку".

У актывісткі "МФ" Насты Палажанкі ў хаце ідзе ператрус.

Маладафронтаўца Алега Корбана, у якога сёньня дзень народзінаў, забралі з хаты міліцыянты.

Адпушчаны дзясятак непаўналетніх маладафронтаўцаў. Іншая частка затрыманых, у тым ліку "каліновец" Яўген Скрабутан, працягваюць сядзець у аўтазаку.

23.20

Усіх затрыманых, апроч Зьміцера Хведарука, адпусьцілі. Пра знаходжаньне апошняга дакладнай інфармацыі пакуль няма. Вядома толькі, што Хведарука дапытвалі каля дзьвюх гадзінаў.

У гэты момант на кватэрах Янушэўскага Аляксея, непаўналетняй Насты Палажанкі, а таксама Яраслава Грышчэні з Баранавічаў ідуць ператрусы.

Паводле словаў Яўгена Скрабутана, усім затрыманым прапаноўвалі напісаць заявы аб добраахвотным выхадзе з "Маладога Фронту".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)