Общество
Міхась Скобла, Радыё Свабода

“Запрещается распространение книги "Беларусь" как антирусской”

“На ніве Хрыстовай” — пад такой назвай нядаўна выдадзеныя мэмуары архіяпіскапа Апанаса (Антона Мартаса) — удзельніка Ўсебеларускага царкоўнага сабору, які ў 1942 годзе ў Менску аднавіў дзейнасьць Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Нацыянальная царква: надзеі і памылкі — тэма гутаркі Міхася Скоблы й супрацоўніка Інстытуту славістыкі Польскай Акадэміі навук Юрася Гарбінскага.

(Міхась Скобла: ) “Юрась, апошнім часам вы займаецеся дасьледаваньнем гісторыі беларускага хрысьціянскага руху. Летась выйшла друкам падрыхтаваная вамі спадчына айца Мікалая Лапіцкага “Ў служэньні Богу й Беларусі”. І вось нядаўна вы спрычыніліся да выданьня мэмуараў архіепіскапа Апанаса “На ніве Хрыстовай”. Можа быць, напачатку варта прыгадаць ягоную ролю ў нашай царкоўнай гісторыі”.

(Юрась Гарбінскі: ) “Архіяпіскап Апанас заслугоўвае ўвагі й памяці. Ён быў удзельнікам Усебеларускага царкоўнага сабору ў Менску ў 1942 годзе, ён уваходзіў у епіскапат Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Асоба арх. Апанаса няпростая, складаная, шмат у чым супярэчлівая — зрэшты, як і лёс Беларускай аўтакефальнай царквы. Будучы архіяпіскап выхоўваўся ва ўлоньні Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, атрымаў багаслоўскую адукацыю ў Варшаўскім унівэрсытэце. Потым атрымаў манаскі пострыг у Пачаеўскай лаўры. У перадваенны час служыў у Польшчы. Калі пачалася Другая ўсясьветная вайна, беларускія дзеячы мелі надзею, што ў ваенных варунках удасца аднавіць беларускае рэлігійнае жыцьцё , з Расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусі зрабіць Беларускую аўтакефальную, якая будзе служыць не Маскве, а інтарэсам беларускага народу. Незалежная царква мела ўзьнікнуць не на пустым месцы, ля ідэі аўтакефаліі стаялі яшчэ наваградзка-літоўскія мітрапаліты, а потым аўтакефальную царкву аднавіў у 1922 годзе мітрапаліт Мелхісэдэк (Паеўскі). У гэтай канве і былі высьвечаныя ў эпіскапы Апанас (Антон Мартас) і Філафей (Уладзімер Нарко). Абодва беларусы. Нарко паходзіў з-за Нарачы, а Мартас з Наваградчыны”.

(Скобла: ) “Вы ўжо згадалі, што архіепіскап Апанас уваходзіў у епіскапат БАПЦ. У 1946 годзе, ужо на эміграцыі, ён прапаноўваў стварыць Беларускую Нацыянальную царкву. І раптам — пераходзіць у Расейскую зарубежную царкву. Пры ягоных поглядах як такое магло стацца?”

(Гарбінскі: ) “Тут трэба вярнуцца ў гады Другой усясьветнай вайны, калі найвышэйшая герархія Расейскай праваслаўнай царквы вяла патаемныя перамовы з мітрапалітам Панцялейманам (Ражноўскім) пра далучэньне да РПЦ. Такім чынам, гэты працэс быў запачаткаваны раней. Ідэя беларускай аўтакефаліі падчас вайны мела вялікі супраціў з боку расейскага духавенства. Ішло жорсткае змаганьне. У гэтым кантэксьце, напэўна, варта разглядаць і сьмерць аднаго з гарачых прыхільнікаў аўтакефаліі айца Івана Кушнера. Да нядаўняга часу мы чыталі ў розных дасьледаваньнях, што ён па дарозе зь Менску ў Ракаў падарваўся на партызанскай міне. Сёньня ёсьць падставы меркаваць, што міну гэтую яму падклалі яшчэ ў Менску, і падклалі ворагі аўтакефаліі. Мы павінны разумець, што рабілася ўнутры праваслаўнай царквы: з аднаго боку беларусы-аўтакефалісты, з другога — расейскае духавенства, якое ніколі не падтрымлівала беларускай аўтакефаліі. Рэляцыі, якія высылалі зь Менску нямецкія спэцслужбы ў Бэрлін, сьведчылі адназначна, што працэс беларусізацыі праваслаўнай царквы ў Беларусі тармозіцца. І найперш галавой гэтай царквы — мітрапалітам Панцялейманам”.

(Скобла: ) “Нездарма ён быў адхілены ад сваёй пасады і сасланы ў манастыр у Лядах пад Смалявічамі”.

(Гарбінскі: ) “Так. І што яшчэ цікава: калі епіскапат Беларускай аўтакефальнай царквы ў 1944 годзе эвакуяваўся на Захад, то ў Чэхіі мітрапаліт Панцялейман запрапанаваў вярнуцца ў… Савецкі Саюз. Але большасьць япіскапаў не дала на гэта згоды, разумеючы, што іх могуць чакаць Салаўкі. У лепшым выпадку. У горшым іх проста маглі расстраляць, як здраднікаў савецкай радзімы. Сем япіскапаў БАПЦ пасьля туляньняў у Польшчы й Чэхіі асталяваліся ў Тырсгайме (Нямеччына) і там вырашалі: а што рабіць далей? І тут усплыла ідэя далучэньня да расейскай царквы. Адбыліся два галасаваньні. Першае не дало вынікаў, паколькі галасы падзяліліся напалову — тры япіскапы выказаліся за ўступленьне ў Расейскую зарубежную праваслаўную царкву, тры — супраць. У ліку апошніх — уладыка Апанас і уладыка Філафей, якія горача баранілі Беларускую аўтакефальную царкву. У часе другога галасаваньня галасы ізноў падзяліліся надвое, але голас мітрапаліта Панцялеймана, як зьверхніка Царквы, палічыўся за два галасы.

Як адбываўся гэты пераход? Япіскапы Апанас і Філафей запатрабавалі пэўных умоваў. А менавіта: што пераход будзе часовым, і што беларускія япіскапы будуць і надалей мець магчымасьць служыць суайчыньнікам на эміграцыі. І гэтыя ўмовы былі прынятыя! І толькі пасьля гэтага была падпісаная пастанова, і пачаўся працэс далучэньня да Расейскай зарубежнай праваслаўнай царквы”.

(Скобла: ) “Як праваслаўная эміграцыя паставілася да таго, што засталася пакінутай сваімі пастырамі?”

(Гарбінскі: ) “Далучэньне рабілася спадцішка. Беларусы даведаліся пра пераход япіскапаў толькі тады, калі пра гэта зьявілася інфармацыя ў друку. На Праваслаўным зьезьдзе ў Рэгенсбургу ў 1946 годзе беларускія вернікі прасілі япіскапаў не пакідаць іх. І нават быў такі шчымлівы момант: доктар Войтанка-Васілеўскі стаў перад імі на калені. Але было позна, далучэньне ўжо сталася фактам дакананым”.

(Скобла: ) “Разам з арх. Апанасам да расейцаў перайшлі яшчэ шасьцёра беларускіх япіскапаў. Як склаўся іх далейшы лёс?”

(Гарбінскі: ) “Досыць няпроста. У Нямеччыне неўзабаве памерлі мітрапаліт Панцялейман і архіяпіскап Гарадзенскі і Беластоцкі Бэнэдыкт. Япіскап Павал перайшоў у каталіцтва і атрымаў тытул біскупа Гэракліопальскага, у 1962 годзе ў Бэльгіі ён быў зьбіты аўтамабілем і памёр. Архіяпіскап Пінскі Аляксандар, на якога разьлічвалі аўтакефалісты, у 1948 годзе быў скінуты невядомымі зь лесьвіцы і таксама памёр. На эміграцыі хадзілі чуткі, што да гэтага спрычыніліся савецкія спэцслужбы. Дарэчы, архіяпіскап Аляксандар даводзіў тым дзеячам, якія спадзяваліся на вяртаньне епіскапату БАПЦ, што трэба разьлічваць толькі на моладзь, трэба рыхтаваць беларускія сьвятарскія кадры. І, як паказаў час, ён меў рацыю.

Архіяпіскап Палескі і Берасьцейскі Іаан у 1946 годзе вярнуўся ў Савецкі Саюз, узначальваў розныя япіскапствы, памёр у 1985 годзе. Япіскап Гомельскі і Мазырскі Грыгор узначальваў Чыкагска-Кліўлендзкую япархію РЗПЦ, памёр у 1957 годзе. Япіскап Смаленскі і Бранскі Стэфан займаў пасаду япіскапа Венскага і Зальцбургскага, адыйшоў у лепшы сьвет у 1965 годзе.

Архіяпіскап Філафей працаваў ў Нямецкай япархіі, дастаткова добра ўладкаваўся ў жыцьці. Але ў прыватных гутарках (прыкладам, у кватэры незалежніцкіх дзеячаў Надзі й Зьмітра Касмовічаў) заўсёды падкрэсьліваў, што тут ён можа адпачыць ад расейшчыны, якая яму надакучвала ў царкве. Заўсёды, калі ўладыка Філафей адчуваў сябе цяжка псыхічна, ён з Вісбадэну ці з Гамбургу, дзе жыў і служыў, ехаў у Штутгарт да Касмовічаў, зь якімі сябраваў. На пачатку 70-х гадоў Філафей меў намер вярнуцца ў Беларусь, пра што ў Бэрліне ў прыватнай размове паінфармаваў архіяпіскапа Філарэта (Вахрамеева). Аднак такога кроку не зрабіў. Малавядомы факт: Філафея аднойчы хацелі пазбавіць і пасады, і сану. І ён Сыноду РПЗЦ выставіў гэткі аргумэнт — мяне пазбавіць сану можа толькі Епіскапат БАПЦ. Такім чынам, ён служыў расейскай царкве, а пра сваё прыналежніцтва да беларускай успамінаў толькі тады, калі гэта было яму зручна. Усё гэта, безумоўна, характарызуе яго ня зь лепшага боку.

Ня менш драматычна склаўся лёс уладыкі Апанаса. Пасьля далучэньня да РЗПЦ ён атрымаў намінацыю й выехаў у Гамбург, у 1950-я атрымаў прызначэньне ў Аўстралію, потым у Аргентыну. Ён увесь час падтрымліваў сувязь зь беларускай эміграцыяй, карэспандаваў зь незалежніцкім актывам з Саўт-Рывэру. Напачатку 1970-х гадоў быў адпраўлены ў адстаўку, меў намер узначаліць Беларускую царкву ў ЗША ў юрысдыкцыі Патрыярха Канстантынопальскага, але потым ізноў вярнуўся на службу. У 1983 годзе зямны шлях архіяпіскапа Апанаса, герарха Расейскай зарубежнай праваслаўнай царквы і япіскапа (у мінулым) Беларускай аўтакефальнай царквы, закончыўся. Магчыма, адчуваючы сваю віну перад беларусамі, ён не папрасіў у сваім тэстамэнце, каб яго пахавалі на беларускіх могілках у Саўт-Рывэры. Свой апошні спачынак ён знайшоў на могілках манастыра Сьвятой Тройцы ў Джарданвіл (штат Нью-Ёрк, ЗША)”.

(Скобла: ) “Дзіўна, але РПЗЦ так і не прызнала арх. Апанаса сваім. Даручала япіскапствы, але заўсёды з пэўнымі агаворкамі. Чым ён выклікаў такі недавер?”

(Гарбінскі: ) “Справа ў тым, што ён заўсёды падкрэсьліваў: у царкве няма месца палітыцы. Але царква, тым больш на эміграцыі, ня можа існаваць па-за палітыкай. Уладыка Апанас вымагаў, каб у цэрквах РЗПЦ не было ніякіх атрыбутаў, зьвязаных з Расейскай манархіяй, патрабаваў ад царкоўных старастаў, каб пры алтарах ня ставіўся сьцяг Расейскай імпэрыі. У расейскіх эміграцыйных пэрыёдыках “Сеятель” і “Русское слово” я знаходзіў адкрытыя лісты да ўладыкі Апанаса. Адзін з аўтараў такога ліста пісаў: “Вы никогда не поймёте наших чувств, никогда не станете истинным пастырем Русской Зарубежной церкви. Вот уже 25 лет как вы епископ, но за это время вы даже не сочли нужным выучить русский язык. Вы не наш, даже хуже того, вы — наш враг”. Зразумела, што адносіны кіраўніцтва РЗПЦ да ўладыкі Апанаса не маглі быць прыхільнымі. Вось, напрыклад, патрабаваньні, выстаўленыя яму перад прызначэньнем на чарговую катэдру ў Новым Сьвеце: “Чтобы с Вашей стороны было всегда проявляемо внимание к проявлениям русского патриотизма и к добрым начинаниям русских патриотических национальных организаций… Запрещается распостранение книги “Беларусь” как антирусской и против России в прошлом…”.

(Скобла: ) “А якую “антырасейскую кнігу” забараніў распаўсюджваць Сынод РПЗЦ?”

(Гарбінскі: ) “Кніга была напісаная арх. Апанасам па-расейску і выйшла ў сьвет у 1964 годзе пад назвай “Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни”. Яна давала рэтраспэкцыю беларускай гісторыі, у тым ліку гісторыі царкоўнай. Архіяпіскап напісаў вельмі прыгожы патрыятычны ўступ да гэтай кнігі, у якім выяўляліся беларускасьць аўтара, яго далучанасьць да лёсу беларускага народу, да Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У адным з лістоў арх. Апанас пісаў айцу Мікалаю Лапіцкаму ў ЗША: “Мяне скубуць бальшавіцкія агенты за маю кніжку аб Беларусі”. Натуральна, такое выданьне не магло не выклікаць абурэньня з боку кіраўніцтва РЗПЦ. Але, і гэта нельга абмінуць, некаторыя беларускія эмігранты, прыкладам, Юрка Віцьбіч, таксама крытыкавалі кнігу архіяпіскапа Апанаса”.

(Скобла: ) “Калі я чытаў ліставаньне арх. Апанаса зь беларускім царкоўнымі інстытуцыямі, мяне не пакідала дзіўнае ўражаньне. З аднаго боку ён — кананічны герарх РПЗЦ, з другога — зьвяртаецца да Зьезду праваслаўных беларусаў Паўночнай Амэрыкі: “Я лічыў і лічу сябе япіскапам Беларускай праваслаўнай царквы і ніколі не пераставаў быць такім”. Раздваеньне нейкае”.

(Гарбінскі: ) “У гэтых словах і выявілася супярэчнасьць уладыкі Апанаса. Думаю, што адказ на гэтае пытаньне трэба шукаць у аповесьці Максіма Гарэцкага “Дзьве душы”. Вось гэтыя дзьве душы архіяпіскапа Апанаса прывялі да таго, што ён ня стаў сваім для расейскага зарубежніцтва і фактычна здрадзіў ідэі Беларускай аўтакефальнай царквы, якой так ахвярна служыў у час Другой усясьветнай вайны і ў першыя пасьляваенныя гады”.

(Скобла: ) “Чаму ўсё ж арх. Апанас застаўся ва ўлоньні РПЗЦ, цягам доўгіх гадоў маючы намер выйсьці зь яе?”

(Гарбінскі: ) “Ён спадзяваўся, што ўзначаліць беларускі праваслаўны прыход, атрымае матэрыяльнае забесьпячэньне. Аднак напачатку беларуская эміграцыя не магла сабе на такое дазволіць. У выніку пераходу беларускіх япіскапаў у РПЗП яна раскалолася, аслабела. І калі эмігранты за ўласныя грошы будавалі цэрквы, то разьлічвалі на такую ж самую самаахвярнасьць і з боку сваёй герархіі. Чаго ад уладыкі Апанаса нашы суайчыньнікі за мяжой так і не дачакаліся”.

(Скобла: ) “Вы днямі пабывалі ў Беларускім Экзархаце, дзе перадалі дзьве кнігі — і айца Мікалая Лапіцкага, і арх. Апанаса — асабіста мітрапаліту Філарэту. Якою была ягоная рэакцыя?”

(Гарбінскі: ) “Мушу сказаць, што я першы раз спаткаўся з мітрапалітам Філарэтам. Спатканьне было зьмястоўнае, прыемна адзначыць, што ў размове гучала беларуская мова. Мітрапаліт Філарэт з удзячнасьцю прыняў падараваныя выданьні. Я спадзяюся, што абедзьве кнігі дапамогуць уладыку зразумець душу праваслаўнага беларуса, яго патрэбы, сёньняшнія актуаліі беларускага рэлігійнага жыцьця. Бо Беларуская праваслаўная царква павінна быць беларускай ня толькі фармальна, але і рэальна. І ў гэтым клопат ня толькі беларускіх вернікаў-патрыётаў на Бацькаўшчыне, але й беларускай эміграцыі. Дарэчы, без дапамогі нашых суайчыньнікаў з Саўт-Рывэру (ЗША) — сп. Янкі й Надзі Запруднікаў, сп. Лізы Літаровіч — мэмуары арх. Апанаса яшчэ доўга пыліліся б у архіве. З гэтымі інтэнцыямі і былі перададзеныя названыя кнігі, у якіх падкрэсьліваецца (асабліва ў кнізе айца Мікалая Лапіцкага), што ідэя аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы — гэта скразная, магістральная ідэя ўсёй беларускай царкоўнай гісторыі. Хочацца верыць, што мітрапаліт Філарэт, калі не разумеў гэтага раней, то зразумее пасьля азнаямленьня з падараванымі кнігамі”.

(Скобла: ) “Такім чынам, арх. Апанас (Антон Мартас) паходзіў са спрадвечнай Беларусі, з Наваградчыны, выхоўваўся ва ўмовах польскага аўтакефальнага праваслаўя, у сталыя гады аднаўляў Беларускую праваслаўную аўтакефальную царкву, а закончыў жыцьцё ва ўлоньні Расейскай зарубежнай царквы. Што й казаць: шлях пакручасты й неадназначны. Але ў сваіх мэмуарах “На ніве Хрыстовай”, якія можна лічыць своеасаблівым духоўным тастамантам уладыкі Апанаса, мы знаходзім нечаканае прызнаньне. І піша гэта герарх РПЗЦ, якая, да слова, нядаўна аб’ядналася з Маскоўскім патрыярхатам”.

“Цяпер з далёкай чужыны думкі мае імкнуцца да роднага краю, і памяць рысуе мілыя сэрцу незабытыя малюнкі радзімы. Перад вачыма ажываюць беларускія векавечныя пушчы і дрымучыя лясы з багацьцем птушынага царства і розналікай зьверыны, якія некалі вабілі польскіх каралёў і расейскіх цароў. Былі тут татары і палякі, швэды і французы, немцы і расейцы. Кожны зь іх нешта пакінуў беларусам: татары — бізун, палякі — халеру, французы — пранцы, немцы — штунду, расейцы — зьнявагу маці ў лаянцы… “Беларусь, Беларусь залатая”, — сьвежа зьвіняць словы юнацкай песьні, чаруюча дзеюць на душу, распаляючы агонь любові да радзімы. Але каб моцна яе любіць, трэба беларусам радзіцца і беларусам памерці, бо хто аброс чужым мясам, ня ўмее любіць Беларусі”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)