Общество

Замовілі экскурсію і затрымалі. Экскурсаводку Аксану Манкевіч арыштавалі на 15 сутак за «непадпарадкаванне»

Раніцай 2 лістапада на Плошчы Свабоды ў Мінску была затрыманая экскурсаводка Аксану Манкевіч.

Сёння яе судзілі ў судзе Цэнтральнага раёна за непадпарадкаванне міліцыянтам па арт. 24.3 КаАП, паведамляе Вясна назірае.

Згодна з пратаколам, Манкевіч 2 лістапада ў 15:10 на вуліцы Арлоўскай 58/1 «аказала непадпарадкаванне Аляксандровічу, адмовілася прайсці ў РУУС па факце разбіральніцтва ў падазрэнні ў захоўванні экстрэмісцкіх матэрыялаў, упіралася нагамі, хапалася за форменнае абмундзіраванне».

Віну на судзе Аксана не прызнала. Яна распавяла, што на выходных патэлефанаваў малады чалавек, прадставіўся Аляксеем і замовіў экскурсію для сваёй дзяўчыны. Яны дамовіліся сустрэцца ў 11 гадзін 2 лістапада на Плошчы Свабоды, 4.

Калі Аксана прыйшла ў прызначаныя месца і час, то не ўбачыла ніякай дзяўчыны. Падышоў малады чалавек, паказаў пасведчанне і апыналася, што гэта і быў той Аляксей, які замаўляў экскурсію.

— Спачатку, нешта сказаў пра службовы аўтамабіль, але потым сказаў, што хутчэй будзе пешшу дайсці. І я зразумела куды мы пойдзем, бо побач Рэвалюцыйная, 3 [там знаходзіцца будынак ГУБАЗіКа].

Па словах Аксаны, там у яе запатрабавалі ўвесці пароль на тэлефоне, каб яго разблакаваць. З-за хвалявання яна не магла ўспомніць. Праз тое, што некалькі разоў прыкладвалі палец, пароль збіўся. Потым усё ж такі ўскрылі тэлефон, але нічога патрэбнага там не выявілі.

Дзяўчыне ў ГУБАЗіКу прапанавалі запісаць пакаяльнае відэа, але яна адмовілася, бо «не разумела, у чым трэба каяцца».

Пасля гэтага супрацоўнікі паехалі да Аксаны дадому і правялі ператрус. Пасля яны яшчэ раз заехалі ў ГУБАЗіК і павезлі Аксану ў Цэнтральнае РУУС.

— Там прыпаркаваліся каля тратуара. Яны бачылі, што я адэкватна сябе вяду і нават не трымалі мяне за руку. Прайшлі спакойна разам у РУУС.

На судзе ў якасці сведкі быў дапытаны міліцыянт Аляксандровіч, які заявіў, што Манцэвіч была затрыманая ў «падазрэнні ў захоўванні экстрэмісцкіх матэрыялаў».

На судзе ён блытаўся у паказаннях (напрыклад, казаў, што Аксана была ў сінім касцюме, а насамрэч — у шэрым паліто) і паведаміў, што здымка відэарэгістратарам у той дзень не вялася. На судзе гэты супрацоўнік быў прадстаўлены, як той, які затрымліваў Манцэвіч, хаця яна абвергла гэта.

У выніку, суддзя Шабуня арыштавала Аксану на 15 сутак.

Раней Аксану ўжо затрымлівалі: 1 лютага асудзілі да 15 сутак пасля таго, як затрымалі на праспекце Незалежнасці цэлую экскурсію і абвінавацілі іх у пікетаванні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.4(25)