Политика
Галіна Абакунчык, ”Радыё Свабода”

З турмы вызвалены дэпутат Бабруйскага гарсавету Алесь Чыгір

Дэпутат Бабруйскага гарсавету, настаўнік гісторыі Алесь Чыгір вызвалены з турмы пасьля дзесяці сутак адміністрацыйнага арышту. Нагадаем, што кіраўніцтва ўправы адукацыі Бабруйску адмовіла яму ў падаўжэньні працоўнага кантракту. Спадар Чыгір мяркуе, што гэта адбылося з прычыны ягонага ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах на баку Аляксандра Мілінкевіча. На знак пратэсту спадар Чыгір прывязаў сябе ланцугамі да слупа каля будынку гарвыканкаму. Яго зьвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванай акцыі і пакаралі зьняволеньнем.

Сустракаць Алеся Чыгіра з турмы прыйшлі некалькі дзесяткаў чалавек. Ягоныя родныя, сябры й паплечнікі-дэпутаты з Магілеву, Менску, а таксама іншых гарадоў Беларусі. Аднак ягонае вызваленьне спачатку адтэрмінавалі на гадзіну, а затым на міліцэйскай машыне палітыка адвезьлі дахаты й гэтак сарвалі сустрэчу. У коле сяброў спадар Чыгір апынуўся праз некаторы час і вось што сказаў у першыя хвіліны па вызваленьні.

(Чыгір: ) “Я пра гэта думаў штодня. Калі думае, што цябе чакаюць, што ты патрэбны людзям, што ты сядзіш за правую справу, то й сядзець лёгка”.

Паводле Алеся Чыгіра, гэта былі амаль што першыя словы на свабодзе: у турме ўсе дзесяць дзён ён сядзеў у так званай адзіночцы. Хоць, паводле спадара Чыгіра, іншыя камэры былі перапоўненыя. За дзесяць дзён скінуў 10 кіляграмаў вагі з прычыны дрэннага харчаваньня. Але ў адрозьненьне ад іншых вязьняў, дамогся штодзённых прагулак і ветлівых адносінаў канваіраў. Алесь Чыгір па-ранейшаму не прызнае сябе вінаватым і не адмаўляецца ад намеру дамагацца свайго аднаўленьня на працы праз суд. З гэтым салідарныя многія ягоныя калегі-аднадумцы. Гаворыць дэпутат Пухавіцкага райсавету Алесь Міхалевіч, які прыехаў падтрымаць свайго калегу ў Бабруйск:

(Міхалевіч: ) “Мы ўжо дэпутаты ня першы год, мы ўжо сталі вельмі добрымі сябрамі. Канечне, Алесь будзе мець дапамогу юрыдычную, ён будзе падрыхтаваны да выступленьня ў судзе. Бо звольніць дэпутата, бацьку траіх дзяцей. Вельмі добрага настаўніка гісторыі — гэта не справядліва й не нармальна. І мы лічым, што гэты свой шлях трэба прайсьці да канца”.

Дэпутаты мясцовых саветаў у розных гарадах Беларусі заклікалі сваіх калегаў далучацца да грамадзкіх акцыяў у падтрымку Алеся Чыгіра. Так, пададзеныя заяўкі на правядзеньне пікетаў у Белаазёрску, Гарадку і Менску. Сход дэпутатаў мясцовых саветаў дэмакратычнага кірунку прапанаваў таксама правесьці "Марш Свабоды" з патрабаваньнем аднавіць на працы ўсіх сваіх калегаў, звольненых з-за іх палітычнай і грамадзкай дзейнасьці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)