«З фільма Навальнага добра відаць, наколькі розныя людзі Пуцін ды Лукашэнка»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч – пра рэжымы ў Расіі і Беларусі.

– З фільма Навальнага сярод іншага добра відаць, наколькі па-рознаму пабудаваныя, безумоўна, аднолькава несімпатычныя рэжымы ў Расіі і Беларусі, – піша Пашкевіч. – І наколькі розныя людзі Пуцін ды Лукашэнка.

Вось як пачынаюцца пералічэнні таго, што з маёмасці коштам у мільёны і мільярды на каго запісана, а таксама прасочваюцца ўсе ланцужкі, як нерухомасць пераходзіла ад аднаго да другога, то выяўляецца, што большасць людзей, якім цяпер фактычна належаць Расія і яе багацці – нейкія сябры або знаёмыя Пуціна яшчэ з тых часоў, калі ён нават не думаў, што калісьці будзе ўсёй гэтай краінай руліць.

І пачынаў ён гэтых сяброў збіраць пачынаючы ад ранняга дзяцінства. З гэтым у маленстве на вёсцы ў бабулі гулялі, з гэтым у школе вучыліся, з гэтым ва ўніверсітэце, з тым служылі ў гэбні ў ГДР, з тым у Піцеры нейкія цёмныя справы абцяпвалі, калі Пуцін працаваў у мэрыі пры Сабчаку...

А калі не непасрэдна ён з кімсьці даўно знаёмы - то ўсё адно гэта праяўляецца ўскосна, бо нехта з даўніх сяброў кагосьці са сваіх знаёмых ці сваякоў падагнаў і ўключыў у сістэму. Такі вось і сфарміраваўся сямейна-сяброўскі клан нават не так з вертыкальнымі, як з гарызантальнымі сувязямі ўнутры, многія з якіх даўжынёй у дзесяцігоддзі. Усярэдзіне гэтага клана, відаць, мо і для дзясяткаў людзей і Пуцін ніякі не «Владимир Владимирович», а проста Валодзя ці Вова.

І гэта, канешне, надае гэтай канструкцыі дадатковую ўстойлівасць. Нездарма ў 2008-2012 годзе Пуцін мог сабе нават дазволіць на 4 гады адступіць у цень, без змены Канстытуцыі перадаўшы галоўную пасаду аднаму з правераных корашаў.

Нягледзячы на ракіровачку, улада і асноўныя грошы заставаліся пад кантролем клана, а кораш, крыху паруліўшы, без пярэчанняў аддаў стырно кіравання назад, як прыйшоў час. Відаць, у такой сістэме і Пуцін, хоць несумненна з'яўляецца ключавой фігурай, усё ж не прымае найважнейшыя рашэнні аднаасобна, а раіцца з сябрукамі, і іхная думка мае нейкае значэнне.

Таму і ў 2024-м, калі раптам Пуцін да таго часу апынецца ў сітуацыі Лукашэнкі ўзору 2020-га, то-бок страціць папулярнасць і будзе відаць няўзброеным вокам ягоная невыбіральнасць, у клане могуць сур'ёзна разглядаць магчымасць, каб, нягледзячы на абнуленне, замест яго пайшоў на выбары нехта іншы з той жа кампаніі, менш таксічны.

А вось у Лукашэнкі ўсё пабудавана зусім інакш.

У яго, відаць, сяброў як такіх няма ўвогуле, ёсць толькі халопы. І калі ў першыя гадоў з 10-15 кіравання яшчэ былі ў больш-менш блізкім атачэнні нейкія персоны, якіх ён ведаў па ранейшай працы на Магілёўшчыне, то цяпер тыя, хто з ім сядзіць у адной лодцы – у асноўным больш позняга прызыву, і да прэзідэнцтва яны яго асабіста, відаць, нават не ведалі.

Выключэнне мо хіба толькі  Шэйман, і тое гэта знаёмства з часоў дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце, а не з часоў працы ў таварыстве «Веды» ці ў саўгасе «Гарадзец». Ну, яшчэ Ермакова, праўда, якая нядаўна зноў выплыла – яна акурат шклоўскі кадр. Але яе пазіцыя ўсё ж дастаткова другасная. І яна наўрад ці сяброўка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(30)