Политика
Сямён Печанко, ”Наша нiва”

Юлія Слуцкая пра артыкул палітоляга А.Суздальцава: «Такі сцэнар абсалютна немагчымы»

Артыкул расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава: правакацыя, дэманстрацыя сілы ці праўдзівы прагноз будучага беларуска-расейскага крызісу? Ці скарыстаецца Масква з парадаў Суздальцава? Адказваюць супрацоўнікі і аўтары расейскамоўных выданьняў, зьвязаных з маскоўскімі выдавецкімі групамі.

Віктар Марціновіч, намесьнік рэдактара «БелГазеты»:

Па-першае, трэба зьвярнуць увагу на асобу А.Суздальцава. Яшчэ да дэпартацыі яго беларускім КДБ шэраг экспэртаў уважаў яго за лабіста інтарэсаў буйных расейскіх энэргетычных кампаніяў. Цяпер ён, да ўсяго, расейскі палітоляг. Таму ўсе ягоныя заявы трэба разглядаць менавіта ў такім кантэксьце. Змрочныя фарбы ягонага артыкулу — гэта ўсё псыхалягічныя моманты. Масква словамі Суздальцава дае зразумець, што Беларусь павінна прыняць яе ўмовы і прапановы. Расею ў першую чаргу цікавіць эканоміка — прыватызацыя «Белтрансгазу» ды ўвогуле буйных прамысловых прадпрыемстваў Беларусі. Таму прапанаваныя Суздальцавым меры па супрацьдзеяньні Лукашэнку задзейнічаныя ня будуць. Ня варта шукаць паралеляў з грузіна-расейскім канфліктам і чакаць падобнага разьвіцьця падзеяў у беларуска-расейскіх дачыненьнях. Лукашэнка выклікае зусім іншую, істотна меншую, ступень раздражненьня ў свайго расейскага партнэра. Увогуле, дэпартацыя грузінаў вітаецца бальшынёй масквічоў і піцерцаў, што тлумачыцца іх сталай непрыязнасьцю да каўказцаў. Дэпартацыя хоць бы аднаго беларуса з Расеі выкліча там адваротны эфэкт. Масква на такое ніколі ня пойдзе.

Аляксандар Грыцанаў, калюмніст «БелГазеты»:

Андрэй Суздальцаў дакладна апісаў сёньняшнія праблемы ва ўзаемадачыненьнях паміж Беларусяй і Расеяй. Я зь ім цалкам згодны, хіба што толькі пэўныя лічбы, датычныя кошту распрацоўкі радовішчаў нафты, выклікаюць пытаньні. Аднак што да магчымай рэакцыі Крамля, дык я ўпэўнены: аніяк Масква з гэтых прапановаў не скарыстае. Цяпер у Расеі пры ўладзе ня тыя людзі, каб маглі пайсьці на такія радыкальныя дзеяньні. Крэмль бюракратызаваны і крыміналізаваны. Лічу, што калі б такі сцэнар падзеяў адбыўся, то гэта было б на карысьць усім — Лукашэнка быў бы змушаны пайсьці на сапраўдныя, а не адчэпныя эканамічныя рэформы.

Юлія Слуцкая, галоўная рэдактарка газэты «Комсомольская правда в Беларуси»:

Абсалютна немагчыма, каб спраўдзіўся гэткі сцэнар. Расея ніколі ня пойдзе на такія жорсткія меры супраць свайго саюзьніка. Трэба разумець, што на працягу ўсёй сучаснай гісторыі беларуска-расейскіх узаемадачыненьняў вядуцца такога кшталту гульні. І гэтую заяву Суздальцава таксама трэба разумець, як элемэнт гульні. Але Расея не гатовая страціць такога суседа, якім бы ён ні быў. Таму гэтыя парады, калі і спраўдзяцца, то выключна на ўзроўні дэманстрацыі. Глыбінныя ж працэсы будуць ісьці сваім вызначаным шляхам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)