Экономика

Яўген Буры, які сышоў з Рады бяспекі: «Адной з асноўных пагроз называліся сілавікі»

Мінчук, якi больш за дваццаць гадоў адпрацаваў у дзяржаўных органах, у вялікім інтэрв’ю Нашай Нiве расказаў пра сваю працу ў Радзе бяспекі, чаму ўладам нявыгадная моцная эканоміка, а таксама пра тое, якой бачыць Беларусь у будучыні. Зараз ён далучыўся да НАУ.

Прапануем часткова.

– Міжведамасная камісія па эканамічнай бяспецы аб’ядноўвала вакол сябе многіх эканамістаў, у тым ліку і незалежных, – распавядае Яўген Буры. – Гэтыя даследаванні, якія мы рабілі, насілі закрыты характар. Але многія прапановы былі рэалізаваныя ў жыцці. Напрыклад, па інвестыцыях, экалогіі, бізнэс- і інвестклімаце, па карэкціроўцы беларускага экспарту. Але асноўная частка даследаванняў не знайшла свайго прымянення ў сённяшняй сістэме, бо эканоміка стала закладніцай палітычнай сітуацыі ў краіне.

Гэта, у прынцыпе, і стала асноўнай прычынай сыходу з Рады бяспекі, бо хацелася больш стваральнай працы, працы на вынік. А яе было няшмат. У выніку да мяне прыйшло разуменне, што пры цяперашніх палітычных умовах рэалізаваць любыя прапановы будзе вельмі цяжка ці немагчыма.

– Якія менавіта вашыя ініцыятывы зарубiлі?

– Было шмат ідэй. У прыватнасці, па інвестыцыйным клімаце мы прапаноўвалі ўвесці пасаду незалежнага амбудсмена, які б наўпрост узаемадзейнічаў з першай асобай, але гэта не знайшло падтрымкі нават на ўзроўні ўрада. Справа ў тым, што ніхто не адважыўся ісці з такой прапановай самі ведаеце да каго. Нават у той адносна спакойны час.

Я з ходу ўжо ўсе не ўспомню, іх, праўда, было шмат. Былі прапановы па карэкціроўцы падатковага кодэксу, я, як спецыяліст у гэтай сферы, пастаянна выдаваў прапановы. І такія моцныя сутычкі былі на ўзроўні міністраў, кіраўнікоў Саўміна, Адміністрацыі і Рады бяспекі! Быў адзін год, калі ў падатковы кодэкс зусім не ўнеслі зменаў, гэта якраз за кошт міжведамасных канфліктаў.

Мы змаглі пераканаць, што нельга ў такім выглядзе прымаць кодэкс, што ён недапрацаваны, для людзей і бізнэсу патрэбныя іншыя радыкальныя змены. Былі заўжды прапановы з нашага боку па спрашчэнні вядзення бізнэсу, зніжэння сілавога ціску на эканоміку.

– Смела для сілавога ведамства, якім з’яўляецца Рада бяспекі.

– Засілле сілавікоў у бізнэсе было заўжды. Часам гэта мела проста беспрэцэдэнтны характар, калі на роўным месцы прад’яўляліся мільярдныя прэтэнзіі. У Радзе бяспекі мы пастаянна ацэньвалі асноўныя пагрозы для эканомікі і краіны. І адной з асноўных пагроз называліся сілавікі.

Неадэкватны прэс на бізнэс, калі бізнэсменаў фактычна бралі ў закладнікі, саджалі ў «амерыканку», і яны былі вымушаныя адкупацца і, па сутнасці, плаціць выкуп за сваю свабоду. Пра якое развіццё бізнэсу і эканомікі ў такіх умовах можна гаварыць?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(37)