Коктейль
Сяргей Балай

Як у цэнтры Мінска пад песні «язычніцкага бога» скакалі (фота)

«Электрычна-акустычнае шоу без бубноў але з максімальнай шчырасцю» – менавіта так анансавалі арганізатары канцэрт Лявона Вольскага і праекта «Крамбамбуля» у мінскай кавярні «Loft» і не памыліліся. Было шчыра, весела, душэўна, натхнена і драйвова.

Лявон, як малады язычніцкі бог, дасягальны, такі вяселы і сур’езны адначасова паказаў, што растанне з NRMам і колькі месяцаў самастойнай працы пайшлі толькі на карысць выканаўцам.

У кавярні сабралося каля дзвюх соцень жадаючых паслухаць свайго куміра, падцвердзіўшы тым самым, што ніякія забароны на добрую музыку не ўплываюць і робяць выканаўцаў яшчэ больш папулярнымі. Падчас канцэрту арганізатары презентавалі мультымедыйны дыск “Саўка і Грышка. Песьні праўды. Год першы”. Вядомыя песні з рэпертуару Лявона пра двух заўзятых ідэалагічных апанентаў прагучалі і на канцэрце.

Увогуле праграма артымалася вельмі насычанай. Два аддзяленні з невялікім перапынкам “Каб пазалаціць бар” цягнуліся больш за две гадзіны. Разам з музыкамі Лявон Вольскі выканаў свае бессмяротныя хіты з праектаў “Белая яблыня грому”, “Народны альбом”, “Крамбамбуля”, прагучалі і песні, якія аўтар і выканаўца напісаў пад час NRMаўскага перыяду. Кожная песня падымала градус настрою ў залі, а бліжэй да завяршэння, калі гучалі “Паветраны шар”, “Госці” і “Тры чарапахі” пад музыку дружна скокала ўся заля, ўзняўшы рукі ў гару.

Лявон Вольскі распавеў пра новы праект, які ўжо рыхтуецца і змесціць дванаццаць традыцыйных еўрапейскіх песен. Некаторыя прагучаць па беларуску, іншыя на мове арыгіналу.

– Я нават выканаў адну песню па-шведску, праслухаўшы якую, пасол Швецыі Стэфан Эрыксан сказаў, што ўсе нават зразумеў, – пажартаваў Лявон падчас размовы з заляй.

Не абмінулі слухачы і пытанне пра адносіны з NRM.

– Не хачу гэта каментаваць і не стану, бо сам не разумею што здарылася, і на розум прыходзяць толькі нецэнзурныя словы, – адказаў музыкант.

Разгарнуўшы чарговую цыдулку і прачытаўшы пытанне пра тое, што выклікае большую ўсмешку – палітычнае, эканамічнае ці сацыяльнае становішча Беларусі – Лявон адказаў, што і першае і другое і трэцяе, але ці можна назваць гэта ўсмешкай. Адказваючы на пытанні з залі, што на думку музыкі будзе далей з Беларуссю, Вольскі аптымістычна адказаў: “Не хвалюйцеся! Усе бузе добра, жыцце працягваецца”.

Канцэрт скончыўся на вельмі высокай ноце. Гледачы доўга не жадалі разыходзіцца пасля спаткання са сваім кумірам, але Лявон Вольскі паабяцаў, што наступная сустрэча адбудзецца хутка.